Вы тут

Што баліць пасля 60-ці?


Вось ён, сярэднестатыстычны мужчына «60 з плюсам», перажывае з-за таго, колькі яшчэ будзе працаваць, а здароўе ўжо, як правіла, дало збой, даводзіцца пайсці па ўрачах і атрымаць некалькі дыягназаў, працяглы пералік медыкаментаў і, безумоўна, моцны стрэс. Штосьці з пераліку пацыент пачынае прымаць, з'яўляюцца пабочныя эфекты, псіхалагічны стан пагаршаецца амаль да дэпрэсіі, і аднойчы — здароў, востры каранарны сіндром, інфаркт міякарда. Вывад? Не чакайце нейкай узроставай мяжы, каб заняцца здароўем. Ёсць хранічныя захворванні — шукайце ўрача-каардынатара, які будзе раіцца з вузкімі спецыялістамі, каб вы атрымалі як мага менш пабочных эфектаў ад лячэння. У ідэале такім спецыялістам стане ўрач агульнай практыкі.

А пакуль пагаворым пра тое, як змяніліся магчымасці сучаснай медыцыны для пажылых, з загадчыкам кафедры кардыялогіі і ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Наталляй МІЦЬКОЎСКАЙ, дацэнтам кафедры кардыялогіі і ўнутраных захворванняў БДМУ, кандыдатам медыцынскіх навук, галоўным пазаштатным рэўматолагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, старшынёй Беларускага таварыства рэўматолагаў Наталляй МАРТУСЕВІЧ, дацэнтам кафедры клінічнай фармакалогіі БДМУ, кандыдатам медыцынскіх навук, галоўным клінічным фармаколагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ларысай ГАЎРЫЛЕНКА, намеснікам дырэктара па медыцынскай часці Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдатам медыцынскіх навук Таццянай ЕМЯЛЬЯНЦАВАЙ.


Штрыхі да «партрэта»

— Што можна сказаць пра здароўе 60-гадовых пацыентаў, якія трапляюць у поле вашага зроку?

Тац­ця­на Емяльянцава.

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: Бліжэй да вечара ў гэтым узросце ўжо зніжаюцца працаздольнасць і настрой. Ёсць праблемы са сном — цяжка прачынацца або сон рана абрываецца. Калі такое здараецца на працягу месяца, трэба звяртацца да псіхатэрапеўта (а не да тэрапеўта), які парэкамендуе снатворны прэпарат і растлумачыць, што прымаць яго больш за месяц не рэкамендуецца — можа развіцца сіндром залежнасці. У часткі людзей у гэтым узросце будзе назірацца праяўленне хваробы Альцгеймера, што сваякі могуць ігнараваць. Ім здаецца, што важней памятаць маладосць, чым бягучыя падзеі. А між тым гэта і ёсць першыя прыкметы старэння мозга. Прыкметы дэменцыі, зніжэння інтэлекту могуць заяўляць пра сябе літаральна пасля 50—60. Чым раней такі пацыент трапіць на прыём да псіхіятра або неўролага, тым эфектыўнейшай акажацца медыкаментозная тэрапія, здольная прыпыніць развіццё паталогіі. Па статыстыцы РНПЦ псіхічнага здароўя, толькі частка дэменцый звязана з хваробай Альцгеймера, каля 50 працэнтаў выпадкаў звязаны з паталогіяй сасудаў галаўнога мозга, атэрасклерозам.

Наталля МАРТУСЕВІЧ: У гэтым узросце можна быць наогул здаровым па нашым профілі, калі з маладосці займацца лячэбнай фізкультурай, плаваць, весці здаровы лад жыцця, а можна мець ужо шэраг сур'ёзных праблем, звязаных з мышачна-касцявой сістэмай і злучальнай тканкай.

Сярод найбольш распаўсюджаных захворванняў у гэтым узросце варта адзначыць астэаартроз і астэапароз. Фактычна ў кожнай другой жанчыны фарміруецца артроз каленных суставаў. Не рэдкім будзе артроз тазасцегнавых суставаў і суставаў кісцяў рук з дэфармацыяй пальцаў — гэта так званыя вузельчыкі Гебердэна і Бушара.

Праблема артрозу каленных і тазасцегнавых суставаў — не толькі ў празмернай нагрузцы на іх, але і ў парушэнні гарманальнага стану, зніжэнні ўзроўню эстрагенаў, якія абараняюць храсток, а таксама ў лішку тлушчавай тканкі, які парушае працэс аднаўлення храстка. Пагаршае сітуацыю і слабасць пярэдняй мышцы бядра, чаму мы і кажам аб неабходнасці лячэбнай фізкультуры, якая будзе ўмацоўваць мышцы. Праблема астэапарозу часта сустракаецца ў жанчын у постменапаўзе. У першыя пяць гадоў пасля наступлення менапаўзы мінеральная шчыльнасць касцявой тканкі страчваецца найбольш інтэнсіўна. Боль у спіне, змяншэнне росту пры гэтым патрабуюць абследавання і прымянення тэрапіі. На ўзроставую групу 60—80 гадоў прыпадае і трэцяя частка пацыентаў, хворых на рэўматоідны артрыт — аўтаімуннае запаленчае захворванне суставаў кісцяў і ступняў.

У 80 працэнтах выпадкаў у гэтым узросце сустракаецца дэгенератыўнае пашкоджанне мышцаў — рататараў манжэты пляча — тое, што ў паліклініцы нярэдка памылкова называюць артроза-артрытам або перыартрытам плечавога сустава. Звязана гэта з парушэннем біямеханікі руху плечавога сустава, яго няправільным размяшчэннем — плечы нібы ідуць наперад. З цягам часу мы будзем скардзіцца на тое, што не можам падняць руку.

Яшчэ адна праблема можа назірацца ў 90 працэнтах выпадкаў — папярэчная плоскаступнёвасць, якая правакуе няправільнае размеркаванне нагрузкі і шкодзіць суставам ног. Гэтай праблемай займаюцца траўматолагі-артапеды, а да рэўматолагаў такія пацыенты трапляюць з болем у галёнкаступнёвым суставе, звязаным з другасным артрозам, або болем, звязаным з няправільным размеркаваннем мышачнай нагрузкі, — болем праекцыі тазасцегнавых суставаў збоку, ягадзічнай вобласці. Ва ўсіх пажылых у большай ці меншай ступені ёсць і праблемы са спінай, што часта звязана з парушэннем паставы, функцыі дыхання, апусканнем дыяфрагмы, выпрамленнем паясніцы.

На­тал­ля Міцькоўская.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: У маладосці мы мала ўвагі ўдзяляем артэрыяльнай гіпертэнзіі, парушэнню вугляводнага і тлушчавага абмену і ўменню вырашаць псіхалагічныя праблемы. 30 працэнтаў людзей на планеце пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі. Кантроль артэрыяльнага ціску — задача кожнага. Ціск не павінен быць вышэйшым за 140/90 мм рт. сл., і няважна, наколькі добра вы сябе адчуваеце пры больш высокіх лічбах! Назіраць трэба і за вагой. У мужчын талія не павінна быць большая за 92 см, у жанчын — за 80 см.

Артэрыяльная гіпертэнзія і ішэмічная хвароба сэрца могуць працякаць без сімптомаў, а значыць, пацыент трапляе ў поле зроку ўрача, калі ўжо развілося ўскладненне — інсульт або інфаркт. Па сусветных даных, 50 працэнтаў такіх хворых да стацыянара нават не даязджаюць. Наш 60-гадовы пацыент можа прапусціць этап развіцця гіпертаніі, набыць ішэмію і ўжо ў першыя гады пасля гэтага юбілею атрымаць першую сасудзістую катастрофу. Тэрмінова звяртацца да ўрача павінна прымусіць зніжэнне пераноснасці фізічнай нагрузкі, сэрцабіццё або задышка пры звычайнай фізічнай нагрузцы. Еўрапейскае таварыства кардыёлагаў у клінічных пратаколах хранічнай сардэчнай недастатковасці звяртае ўвагу нават на задышку, якая ўзнікае проста пры нахіленні наперад!

Артэрыяльная гіпертэнзія пашкоджвае не толькі сэрца, але і сасуды галаўнога мозга, нырак, таму ў кардыялагічнага хворага можа быць і паталогія нырак, цукровы дыябет, цэрэбраваскулярная паталогія, пашкоджанне шчытападобнай залозы. І ўсе ўзмацняюць адно аднаго. Таму неабходна назірацца ў тэрапеўта, які правільна ацэніць увесь гэты комплекс, а далей пры неабходнасці накіруе да вузкіх спецыялістаў.

Ларыса Гаўрыленка.

Ларыса ГАЎРЫЛЕНКА: Калі б на нашым круглым стале прысутнічалі, напрыклад, эндакрынолаг або гастраэнтэролаг, мы ўбачылі б яшчэ больш праблем са здароўем у пажылых. А калі паслухалі б анколага, то даведаліся б пра тое, што пералічаныя захворванні не дазваляюць чалавеку дажыць да свайго генетычнага анкалагічнага або гематалагічнага захворвання.

У сучаснага пажылога пацыента можа быць некалькі паталогій, прызначэнняў і лекаў. Мы жывём у часы поліфармакатэрапіі, калі ў стацыянары не знойдзеш пацыента, якому прызначаны адзін прэпарат, — калі толькі гэта не асоба прызыўнога ўзросту. Тое ж самае і ў амбулаторнай практыцы. У ідэале патрабуецца комплексны падыход, узаемадзеянне спецыялістаў рознага профілю. Прызначэнні кардыёлага, напрыклад, павінны ўзгадняцца з псіханеўролагам, які прадухіліць негатыўныя наступствы кардыялагічнай тэрапіі.

Ёсць тут адказнасць і пацыента. Заўсёды падчас дзяржаўнай рэгістрацыі лекавых прэпаратаў зацвярджаюцца дзве інструкцыі па медыцынскім прымяненні — для спецыялістаў-медыкаў і лісток-укладыш для пацыентаў. На жаль, некаторыя пацыенты знаёмяцца з гэтым дакументам не для таго, каб замацаваць сказанае ўрачом, а каб напалохацца і самастойна адмяніць/змяніць дозу. У лекаў з групы стацінаў вялікі пералік пабочных эфектаў, ведаць якія трэба, каб разумець, што рабіць, калі прапусціў прыём або развілася алергічная ці іншая рэакцыя.

Там і тут

— Ці ёсць адрозненні ў развіцці айчыннай і замежнай меддапамогі пажылым?

На­тал­ля Мартусевіч.

Наталля МАРТУСЕВІЧ: У ЗША, напрыклад, даволі высокі працэнт насельніцтва з вялікай вагой, а таму і праблема артрозу больш вострая. Што да астэапарозу, то для яго прафілактыкі значная доля жанчын развітых краін прымае замяшчальную гарманальную тэрапію, праўда, пры гэтым павышаюцца іншыя рызыкі, патрабуецца рэгулярнае назіранне ў гінеколага. Пры гэтым у нас праведзена досыць вялікая работа па прафілактыцы і раннім выяўленні гэтай паталогіі, а некаторыя еўрапейскія краіны толькі пачынаюць такую работу. У Беларусі за апошнія дзесяць гадоў многае змянілася, шмат маладых людзей катаюцца на веласіпедах, займаюцца спортам або лячэбнай фізкультурай, і гэта прынясе свой плён у будучыні — нам удасца пасунуць развіццё некаторых захворванняў на больш позні ўзрост.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: Мы ўкаранілі самыя высокія тэхналогіі аказання меддапамогі цяжкай катэгорыі кардыялагічных пацыентаў. Больш за 15 гадоў я ўжо не накіроўваю сваіх пацыентаў за мяжу — усе віды дапамогі існуюць у нас. У абласных цэнтрах і нават некаторых раённых створаны структуры, куды трапляюць пацыенты з вострым каранарным сіндромам для хірургічнага ўмяшання. Аднак перш за ўсё паўстае пытанне пашырэння ведаў аб сваім здароўі. За мяжой дзякуючы высокай інфармаванасці насельніцтва ўдалося на парадак знізіць час ад моманту развіцця вострага стану да дастаўкі ў стацыянар. У выпадку парушэння мазгавога кровазвароту размова наогул ідзе пра тры гадзіны для аказання сучаснай эфектыўнай дапамогі.

Праблема пярвічнай прафілактыкі ў нашай краіне застаецца вельмі вострай. Які прэпарат спяшаецца адмяніць сам сабе наш кардыялагічны пацыент? Як ні дзіўна, той, што патрэбны больш за ўсё! Пацыенту могуць прызначыць правільнае, кампетэнтнае лячэнне з шасці прэпаратаў — звычайны пералік для сярэднестатыстычнага кардыялагічнага пацыента. Абавязкова будзе там і камбінаваны прэпарат, які змяшчае ў сабе два або тры найменні, але пацыент лёгка можа адмовіцца менавіта ад яго, таго, што стабілізуе артэрыяльны ціск, прафілактуе змяненні стану міякарда і развіццё сардэчнай недастатковасці. На жаль, сам пацыент не цікавіцца, што яму прызначаюць, а ў доктара проста не хапае часу, каб растлумачыць важнасць кожнага з прапісаных кампанентаў лячэння.

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: Для службы псіхіятрыі і наркалогіі не менш важным застаецца супрацоўніцтва з сацыяльнымі службамі і СМІ, якія могуць дапамагчы змяніць стаўленне грамадства да псіхіятрычных хворых, наркалагічнай дапамогі. Па-ранейшаму большасць нашых пацыентаў упускаюць своечасовы этап атрымання псіхіятрычнай дапамогі.

Ларыса ГАЎРЫЛЕНКА: Імпартазамяшчэнне жыццёва важных лекаў, якія ўплываюць на якасць і працягласць жыцця, забяспечвае сёння пацыенту выбар з улікам яго плацежаздольнасці. Ідзе размова і аб тым, каб як мага больш пацыентаў са складанай і рэдкай паталогіяй атрымалі магчымасць доступу да лекаў вельмі дарагіх.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: Калі размова ідзе аб затратах з боку самога пацыента, то ўрач павінен пацікавіцца, ці ёсць у пацыента магчымасць прымаць прызначаную тэрапію. Ёсць прэпараты вельмі дарагія, і прапанаваць ім танную замену немагчыма. Разам з тым з'яўляецца ўсё больш камбінаваных лекаў, і ўсё часцей мы можам прапанаваць пацыенту некалькі відаў лекаў па розным кошце і з аднолькавымі вартасцямі. Актуальным для нас застаецца і тое, каб сваякі хворага разумелі асаблівасці захворвання, спрыялі змяненню ладу жыцця ўсёй сям'і.

Магутны рывок

— Якія новыя падыходы да лячэння з'явіліся апошнім часам?

Ларыса ГАЎРЫЛЕНКА: Клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння розных захворванняў пераглядаюцца кожныя тры-пяць гадоў. Аднак калі з'яўляюцца нейкія новыя метады лячэння або лекі, то ў нас зацвярджаецца інструкцыя на метад. У Беларусі дзейныя пратаколы распрацаваны на падставе сусветнага вопыту і доказнай медыцыны. Вельмі актыўна ў галіне распрацоўкі новых пратаколаў працуюць кардыялагічная і рэўматалагічная службы. Летась былі зацверджаны некаторыя пратаколы па гастраэнтэралогіі, на чарзе — па інфекцыйных захворваннях і неўралогіі. Абнаўляюцца пратаколы па лячэнні атлусцення і цукровага дыябету, у галіне акушэрства і гінекалогіі.

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: Большая частка псіхічных захворванняў, як правіла, хранічныя (залежнасці, дэменцыі, шызафрэнія, аўтызм). Таму ў сістэме аказання меддапамогі важным момантам, акрамя дыягностыкі і лячэння, будзе комплексная медыцынская рэабілітацыя з улікам рэабілітацыйнага патэнцыялу кожнага. Неабходна таксама актыўна развіваць сацыяльную, працоўную, псіхалагічную дапамогу. Псіхічна хворыя людзі таксама маюць права быць шчаслівымі, мець дастойную якасць жыцця.

Наталля МАРТУСЕВІЧ: Адрозненні ў пратаколах лячэння ў нас і за мяжой будуць абумоўлены тым, што існуючая там сістэма страхавання дазваляе быць больш мабільнымі пры выбары дарагіх лекаў. Напрыклад, генна-інжынерная імунабіялагічная тэрапія выкарыстоўваецца ў Еўропе больш шырока. Прэпарат такога кшталту можа каштаваць каля 25 тысяч долараў на год. Зыходзячы з фіксаванай сумы, якая выдаткоўваецца на ахову здароўя, вырашыць гэта пытанне ў шырокім аспекце складана, але ў кожным канкрэтным выпадку прэпарат прызначаецца, калі стандартная тэрапія вычарпала сябе. Цяпер мы падыходзім да стварэння спісу рэдкіх захворванняў, на лячэнне якіх будзем выдаткоўваць вялікія сумы крыху шырэй.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: Наўрад ці знойдзецца яшчэ адна галіна ў медыцыне, якая зрабіла такі рывок, як кардыялогія. У канцы 1990 гадоў у аснове была толькі медыкаментозная тэрапія, але з таго часу з'явілася сістэма інтэрвенцыйных, кардыяхірургічных і рэабілітацыйных аддзяленняў, што вырашыла праблему вялікай колькасці пацыентаў з вострай і хранічнай сардэчна-сасудзістай паталогіяй.

Замежныя калегі называюць Юрыя Астроўскага і Алега Румо геніямі ў прафесіі — за кароткі прамежак часу ім удалося стварыць каманды спецыялістаў і вывесці на перадавыя пазіцыі меддапамогу для найцяжэйшых пацыентаў, якія маюць патрэбу ў перасадках сэрца, печані. Не так даўно я паказвала ў Каралінскім універсітэце (Швецыя) графікі з лічбамі аб тым, што мы маем у сучаснай беларускай кардыятэрапіі і агрэсіўным вядзенні пацыентаў, — рэакцыя была неймавернай.

Пацыент з інфарктам сёння адразу пры выкліку хуткай меддапамогі атрымлівае прэпараты, якія пазбаўляюць болю, абмяжоўваюць развіццё сардэчнай катастрофы, далей трапляе ў стацыянар, дзе хоць днём, хоць ноччу яму выканаюць каранараграфію, паставяць стэнты ў зоны крытычнага звужэння сасудаў атэрасклератычнымі бляшкамі. Мы цалкам здольныя мінімізаваць сасудзістую катастрофу пры паступленні пацыента ў стацыянар на працягу 90 хвілін пасля агляду спецыялістам хуткай дапамогі. У Еўропе сетка медцэнтраў дазваляе забяспечыць дастаўку пацыента на працягу 40 хвілін, але і ў нас гэта будзе. Канадскія калегі, якія наведваюць Беларусь штогод, кажуць, што немагчыма было паверыць у дасягненне такой хуткасці, глыбіні і эфектыўнасці кардыялагічнай дапамогі на працягу літаральна дваццаці гадоў. Іншая рэч, нам трэба яшчэ ўлічваць мясцовыя асаблівасці менталітэту насельніцтва, бо дзе ні пабудуй цэнтр меддапамогі, наш чалавек можа трываць і чацвёра сутак, пакуль выкліча «хуткую». Вялікая колькасць пацыентаў у нас перанесла празскураное каранарнае ўмяшанне — планавае або экстраннае, аортакаранарнае шунціраванне, нават трансплантацыю, а для таго, каб уся гэта дапамога была эфектыўнай працяглы час, урач на месцах павінен павышаць кваліфікацыю, а сваякі — падтрымліваць пацыента.

Пашукаць, дык знойдзецца

— З чаго пачынаць, што мець на ўвазе, калі вырашыў абследавацца?

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: Кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў цалкам даступныя, але чамусьці пацыент з дэменцыяй можа трапіць у іх поле зроку пасля таго, як ужо, напрыклад, спалены дом. Дзеці заўважаюць, што з мамай «штосьці не тое», але нікуды не звяртаюцца. Або звяртаюцца толькі да ўчастковага тэрапеўта і часам не атрымліваюць той дапамогі, на якую разлічвалі. У такім выпадку, дарэчы, ёсць магчымасць звярнуцца да адміністрацыі паліклінікі, намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай часці, і ніхто вам не адмовіць.

Наталля МАРТУСЕВІЧ: Задача пацыента своечасова звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта, але пацыент мае права пайсці іншым шляхам. На базе Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Белдзяржмедуніверсітэта працуюць кансультацыйныя цэнтры, аплата паслуг у якіх досыць умоўная, а спецыялісты — высокага ўзроўню.

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: А бясплатна можна звяртацца ў кансультацыйна-паліклінічныя аддзяленні ўсіх рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: Набліжэнне меддапамогі да пацыента найбольш яскрава дэманструе паступовае ўкараненне ўрачоў агульнай практыкі — спецыялістаў са шматпрофільнымі ведамі і добрымі практычнымі навыкамі. Я наведвала некалькі ўрачэбных лабараторый на Міншчыне і сама пераканалася, што амбулаторныя карткі кардыялагічных пацыентаў цалкам адпавядаюць пратаколам. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню мы атрымаем некалі якасна іншую медыцыну пярвічнага звяна. У БДМУ дзеля гэтага будзе створана нават кафедра па падрыхтоўцы такіх урачоў.

Таццяна ЕМЯЛЬЯНЦАВА: Кардыялагічныя хворыя павінны ведаць, што даволі часта ў іх можа развіцца трывожная сімптаматыка, парушыцца сон, паступова далучыцца дэпрэсія, што істотна павышае рызыку паўторных інфарктаў. Звяртайцеся да ўрача-псіхатэрапеўта і не займайцеся самалячэннем.

Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ: Сапраўды, пасля вострай кардыялагічнай катастрофы амаль у кожнага другога з'яўляюцца псіхалагічныя праблемы і выжывальнасць у такіх пацыентаў у тры разы ніжэйшая. Таму спецыялізаваная дапамога вельмі неабходна, і я сама спрыяю сёння таму, каб у кожным кардыялагічным аддзяленні быў спецыяліст для вырашэння псіхалагічных праблем пацыентаў.

Ларыса ГАЎРЫЛЕНКА: На фоне прыёму тых ці іншых прэпаратаў можа развівацца дэпрэсія, а калі кардыялагічны хворы прымае і свае лекі, і антыдэпрэсанты, то рызыкуе атрымаць пабочныя эфекты. У нас захоўваецца міждысцыплінарны падыход, калі вузкія спецыялісты сумесна з тэрапеўтам маюць магчымасць прымаць агульнае рашэнне для кожнага пацыента. Гэта важна, бо, як правіла, большасць лекавых прэпаратаў даследуецца толькі на людзях сярэдняга ўзросту, а найбольш уразлівыя для непажаданых лекавых рэакцый людзі пажылога ўзросту і дзеці.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН, Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.