Вы тут

Хто даказаў, што ён не ўтрыманец?


Цяжарныя, выпускнікі і беларусы, якія ў 2015-м знаходзіліся за межамі краіны

У спісах утрыманцаў апынулася шмат нечаканых людзей. Пра адных «забыліся» асобныя арганізацыі, не ўключыўшы іх у свае шэрагі. Іншых паспяшаліся прылічыць да абавязаных плаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў, бо на працу яны не ходзяць, а чаму — ніхто не разбіраўся. З 470 тысяч беларусаў, якія мусяць выплаціць дзяржаве грошы за ўтрыманскі лад жыцця, аддаць патрэбную суму пагадзіліся 44,5 тысячы чалавек, а гэта менш за 10%. Астатнія пакуль даказваюць, што нічога не вінны. Некаторым гэта ўдаецца.


Эмігрантка

— Шмат гадоў, жывучы ў Беларусі, я займалася пісьменніцкай дзейнасцю і супрацоўнічала з замежнымі рэдакцыямі. Падатковай інспекцыі я была нецікавая, бо падаткі за мяне выплачвалі мае партнёры з Расіі.

У 2015-м збіралася эміграваць у ЗША, таму кінула працу. Гэта адразу ж прыцягнула да мяне ўвагу, і ў выніку сваякі на мой беларускі адрас атрымалі ліст з інспекцыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, які сведчыў, што я ўтрыманка, — падзялілася сваёй гісторыяй Рыма. — Каб даказаць, што ў 2015-м я ўжо жыла з мужам у Амерыцы, а не сядзела на шыі ў сваякоў у Беларусі, давялося дасылаць на электронны адрас падатковай адсканаваныя дакументы. Пашпарт з усімі мытнымі штампамі за 2015 год, пасведчанне аб шлюбе, грын-карту, правы кіроўцы з указаннем амерыканскага адраса. Інспектар паведаміў, што гэтага дастаткова, каб даказаць, што ў Беларусі мяне не было, і я не павінна нічога плаціць. Як аказалася, пазбавіцца ад крыўднага ярлыка не так цяжка, аднак не вельмі прыемна, што на цябе яго павесілі. Каб завяршыць справу, засталося толькі атрымаць афіцыйную паперу, што я больш не ўтрыманка.

Рэдкі спецыяліст

— Я афіцыйна і легальна працую ў Расіі, там жа плачу падаткі, маю сацыяльныя гарантыі і права на пенсію. Але беларускім падаткавікам гэта яшчэ трэба было даказаць. Паміж нашымі краінамі няма мяжы, таму і штампаў у пашпарце аб яе перасячэнні ў мяне няма. Спецыяльных дакументаў на працу і жыццё ў Расіі беларусам не патрабуецца, хіба што трэба мець часовую рэгістрацыю. Каб даказаць, што мяне не было ў Беларусі, звязвалася з падатковай у Мінску загадзя, яшчэ на пачатку 2016-га, як стала вядома пра ўступленне ў сілу закона аб утрыманцах, — успамінае гісторыю збору дакументаў Ядвіга. — Пасля першага тэлефанавання ў маі мяне папрасілі прывезці даведку з месца працы, дагавор арэнды жылля і рэгістрацыю. Я ўсё прывезла (перыядычна бываю на радзіме, таму час і грошы на гэта дадаткова знаходзіць, на шчасце, не прыйшлося). Аказалася, што рэгістрацыя — гэта расійскі дакумент, і я магу карыстацца ёю, а магу і не. Даведка з працы таксама не давала ўсёй інфармацыі — яна проста канстатавала факт маёй працы (у кампаніі з імем, дарэчы) і пасаду, але не прадстаўляла фінансавых звестак пра мяне... Наступным разам я прывезла яшчэ даведку з бухгалтэрыі з раскладкай па заробку і выплачаных падатках за 2015-ы. Але і гэта не ўсё. Я не маляр, не прыбіральшчыца, не сакратар, у мяне рэдкая спецыяльнасць. Супрацоўнікі падатковай папрасілі напісаць заяву, дзе я падрабязна апісвала сутнасць сваёй працы і тлумачыла, што мая прысутнасць на працоўным месцы на тэрыторыі Расіі патрабуецца ў тым ліку і праз частыя камандзіроўкі па федэрацыі. Каб усё высветліць і зрабіць, спатрэбілася тры візіты ў падатковую. У мяне склалася ўражанне, што супрацоўніцы падатковай працавалі сумленна, каб сабраць максімум маіх дакументаў і больш мяне не турбаваць.

У цяжкай сітуацыі

Прыведзеныя гісторыі — сведчанне таго, што даказаць сваю грашовую невінаватасць дзяржаве прасцей, калі ты адсутнічаў у краіне ў 2015-м. Калі ж ты знаходзіўся ў Беларусі, аднак афіцыйна не лічыўся сярод тых, хто працуе, растлумачыць, чаму ты не абавязаны плаціць збор, цяжэй, але таксама рэальна.

Як «Звязда» ужо паведамляла, з 20 студзеня грамадзяне, што трапілі ў разрад сацыяльных утрыманцаў, займелі права на працягу 30 дзён (20 лютага — апошні тэрмін аплаты) прадставіць у падатковую інспекцыю дакументы ці тлумачэнні, якія сведчаць пра адсутнасць у іх абавязку плаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. У сталіцы такім правам скарысталася ўжо каля 18 000 чалавек. Праўда, падлічыць, колькі чалавек ужо ці яшчэ будуць пазбаўлены неабходнасці аддаваць грошы, пакуль немагчыма, бо прадстаўленыя грамадзянамі дакументы яшчэ разглядаюцца. Знаходжанне ў цяжкім жыццёвым становішчы як аргумент для дазволу не плаціць — прычына, якая разглядаецца, у прыватнасці, не ў падатковай інспекцыі, а ў раённых адміністрацыях, дзе для гэтага створаны спецыяльныя рабочыя групы.

— Падатковая працуе ў звычайным рэжыме. Мы разглядаем усе дакументы, якія прадстаўляюць нам нязгодныя плаціць збор. Больш за ўсё тых, хто намагаецца даказаць, што знаходзіўся ў Беларусі менш за 183 дні. Пры гэтым магчымы тры вынікі: першы — пацвярджаецца раней высланае рашэнне, што грамадзянін абавязаны выплаціць збор, другі — поўнае ануляванне гэтага абавязку, трэці — карэкціроўка (як правіла, змяншэнне) сумы плацяжу, — растлумачыла Галіна ГУРЫНОВІЧ, намеснік начальніка Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Мінску. — Грамадзяне, якія фактычна з'яўляюцца плацельшчыкамі збору згодна з Дэкрэтам №3, аднак трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча, звяртаюцца ў адміністрацыі раёнаў. Толькі гэтыя ўстановы маюць права вызваліць ад падатку праз акрэсленую прычыну. Такая льгота дзейнічае толькі за 2015 год, бо ў 2016-м сітуацыя ў чалавека можа змяніцца, і яго становішча будзем разглядаць нанова. Грамадзянін можа пісьмова даць тлумачэнні, чаму не павінен плаціць збор, прадставіўшы пацвярджальныя дакументы, што ён знаходзіўся па-за межамі Беларусі больш чым 183 дні. Альбо пісьмова дазволіць падатковай самой запрасіць неабходныя дакументы, напрыклад, калі грамадзянін меў праблемы са здароўем і знаходзіўся ў бальніцы ці на рэабілітацыі.

Па словах спецыяліста, у цяжкай жыццёвай сітуацыі апынуліся, напрыклад, грамадзяне з хранічнымі захворваннямі, якія доўгі час знаходзіліся на лячэнні, а таксама цяжарныя жанчыны, якія нідзе не працавалі. У няпростае становішча трапілі таксама і выпускнікі-платнікі, якія без абавязковага размеркавання скончылі навучальную ўстанову 30 чэрвеня і не змаглі працаўладкавацца да канца года.

— Паколькі спісы плацельшчыкаў збору за 2015 год фарміраваліся Міністэрствам па падатках і зборах Беларусі на падставе звестак, якія розныя ведамствы і арганізацыі прадстаўлялі ўпершыню, то, зразумела, яны маюць шэраг недахопаў, — дадала Галіна Гурыновіч. — У будучыні парадак фарміравання спісаў будзе ўдасканальвацца, і памылак, спадзяёмся, удасца пазбегнуць.

Дарэчы, дзяржаўная казна папоўнілася ўжо на 13,4 млн рублёў, якія заплацілі грамадзяне паводле патрабаванняў Дэкрэта №3.

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».