Вы тут

Высокая мода ёсць і ў кнізе


Гран-пры 56-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» атрымала факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны»

У кнізе важны не толькі змест, але і ілюстрацыі, дызайн, паліграфічнае выкананне, арыгінальнае (ці наадварот, традыцыйнае) мастацкае рашэнне. Тое, як выглядае выданне, у многім вызначае, ці будзе яно прывабліваць увагу чытача, ці знойдзе сваё месца на паліцы любімых кніг.


Айчынная выдавецкая галіна і ў краіне, і ў міжнароднай супольнасці традыцыйна адзначаецца за захаванне высокай культуры кнігі. Таму і Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», што ў нашай краіне прайшоў вось ужо 56-ы раз, засведчыў: беларусы шануюць кнігу, чытанне, нашы нацыянальныя каштоўнасці, якія знайшлі ўвасабленне ў літаратуры. Так, учора на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Рэспублікі Беларусь былі ўганараваныя 38 самых адметных кніг, а таксама мастакі і дызайнеры, якія прадставілі самыя прыгожыя выданні. Урачыстая цырымонія прайшла падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Сімвалічна, што конкурс «Мастацтва кнігі» сёлета быў асветлены зоркай Францыска Скарыны. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання тут прадстаўленая намінацыя «Першадрук». Яе пераможцам стала кніга Анатоля Цітова «Шляхамі Францыска Скарыны», што пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». У гэтай жа намінацыі адзначаныя адразу два праекты «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі». Так, дыплом І ступені атрымала трохтомная дзіцячая энцыклапедыя пра першадрукара, падрыхтаваная намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдатам культуралогіі Алесем Сушам, а спецыяльны дыплом прысуджаны кнізе «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку». Не застаўся без увагі і праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» «Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка» — ён атрымаў дыплом ІІ ступені.

Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прагучала і ў намінацыі «Садружнасць», дзе адзначаюцца найлепшыя сумесныя выдавецкія праекты ў межах СНД. Тут пераможцам стала кніга Алеся Сушы «Францыск Скарына — чалавек свету».

Заўважыла кампетэнтнае журы і кнігі, што пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Дыплом І ступені ў намінацыі «Літ-фармат», дзе адзначаюцца найпрыгажэйшыя літаратурна-мастацкія выданні, атрымала кніга Міколы Мятліцкага «Скарб бяздонны», а ў намінацыі «Арт-кніга» — за найлепшы выдавецкі праект па мастацтве — дыплом ІІ ступені прысуджаны альбому «Рукою майстра. Творчасць мастакоў Міншчыны».

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.