Вы тут

Беларускія тэнісісткі дэбютуюць у Сусветнай групе Кубка Федэрацыі


Матч самага прэстыжнага каманднага турніру Беларусь — Нідэрланды прымае Мінск. Для гэтага «Чыжоўка-Арэна» ўжо тыдзень як пераўвасобілася з лядовай пляцоўкі ў тэнісны корт. У якасці пакрыцця беларуская каманда выбрала хард, таму матчы чакаюцца хуткімі і, спадзяёмся, стануць пераможнымі для нашай каманды.


Тэнісісткі Беларусі і Галандыі ў рамках Кубка Федэрацыі сустракаліся тройчы, але не ў Сусветнай групе, а рангам ніжэй. Усе гэтыя сустрэчы скончыліся паражэннем нашых дзяўчат. Апошняе рандэву адбылося не так даўно — у 2014 годзе. Пасля гэтага нашы сапернікі пачалі паступальны рух уверх і ўжо ў мінулым сезоне галандкі зрабілі сапраўдны сюрпрыз, абыграўшы зборную Расіі ў першым крузе. У 2016 годзе ў іх наогул атрымалася дабрацца да паўфіналу Сусветнай групы, але там тэнісісткі з Нідэрландаў саступілі францужанкам.

— За час, які прайшоў пасля нашай апошняй сустрэчы, шмат чаго магло змяніцца — можна было ўвайсці ў топ-50 або нават выпасці за межы топ-200. Да кожнага матча трэба падыходзіць асобна. Тут ужо іншая атмасфера, тут мы гуляем за выхад у топ-4. Гэта будзе супрацьстаянне толькі дзвюх камандаў, а тады матч праходзіў у больш нізкай зоне і Галандыя была ўжо чацвёртай зборнай, супраць якой мы гулялі, — расказвае Вольга Гаварцова.

Перад дамашнім матчам зборная Беларусі знаходзіцца на 8-м месцы ў камандным рэйтынгу, Нідэрланды — на 5-й пазіцыі. У складзе гасцей няма зорак, але ўсе тэнісісткі добрага ўзроўню, у Мінск прыехалі — Кікі Бертэнс, Сіндзі Бёрхер, Аранча Рас і Міхаэла Крайчык. Капітан каманды — славуты тэнісіст Паўль Хархёйс (былая першая ракетка свету ў парным разрадзе).

Наш квартэт выглядае так: Аляксандра Сасновіч, Вольга Гаварцова, Арына Сабаленка і Вера Лапко. Не хапае «козыра», які дапамог бы вывесці каманду ў эліту. Маладая мама Вікторыя Азаранка будзе хварэць за беларускіх дзяўчат на адлегласці.

Адзначым, што нашы спартсменкі ўпершыню гуляюць на такім высокім узроўні — у Сусветнай групе Кубка Федэрацыі. Нагадаем, туды яны трапілі, абыграўшы не каго-небудзь, а саміх расіянак. І, вядома, цяпер каманда Эдуарда Дуброва зробіць усё, каб пазмагацца за сваю мару і працягнуць удзел у турніры.

— Падрыхтоўка да гэтай сустрэчы пачалася на наступны ж дзень пасля таго, як мы перамаглі каманду Расіі. Бо тады ўжо ведалі, хто наш будучы сапернік. Гульцы індывідуальна ездзілі на свае турніры, мая ж задача заключалася ў тым, каб адсочваць іх вынікі. І ўсё было паспяхова — у рэйтынгу ўсе паволі падымаліся. Пасля Аustrаlіаn Ореn мы пачалі рыхтавацца ў Мінску. Дзейнічалі па плане, аб'ём работы быў вельмі вялікі. Усе трэніраваліся з поўнай аддачай, але не забывалі і адпачываць. Лічу, што мы можам выступіць вельмі годна на гэтым турніры. Усе гараць жаданнем зрабіць падарунак сабе і ў першую чаргу народу, — адзначыў капітан нашай зборнай Эдуард Дуброў.

Расклад турніру:

11 лютага (субота), 11.40 — цырымонія адкрыцця матча, пасля якой адбудуцца дзве адзіночныя сустрэчы;

12 лютага (нядзеля), 10.45 — дзве адзіночныя сустрэчы і парны матч.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пазмагацца за мару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».