Вы тут

Топ-5 кніжных навінак ад беларускіх выдаўцоў


Новенькія, яскравыя, яны яшчэ пахнуць друкарскай фарбай, але ўжо гатовыя заняць свае месцы на паліцах хатніх бібліятэк, быць падоранымі сябрам, родным, у цэлым аматарам кнігі. Ужо стала добрай традыцыяй для беларускіх выдаўцоў менавіта падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прадстаўляць самыя новыя і актуальныя праекты. Карэспандэнт «Звязды» ў ліку іншых навінак прыкмеціла залатую пяцёрку кніг, з якімі, на яе думку, абавязкова павінен пазнаёміцца і беларускі чытач.


Янка Купала. Для тых, якіх люблю. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017.

Сёлета, у год 135-га юбілею песняра, упэўнена, нас чакае яшчэ мноства кніжных прэм'ер — выданняў, так ці інакш звязаных з жыццём і творчасцю аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры. Але думаецца, менавіта гэтая кніга, з'яўляючыся першай святочнай ластаўкай, так і застанецца адным з найярчэйшых праектаў. Пад вокладкай выдання ўкладальнік Віктар Шніп сабраў успаміны пра Янку Купалу, напісаныя сястрой, пляменніцай класіка, яго паплечнікамі, сябрамі і вучнямі. Паэтычную частку кнігі складаюць выбраныя праграмныя творы Купалы, паэмы «Бандароўна», «Курган», «Магіла льва», «Яна і я». Таксама тут можна знайсці п'есу «Паўлінка». Варта падкрэсліць, што выданне багата аздобленае архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі.


Настасся Глушко, Настасся Ярмалінская. Традыцыйная беларуская вышыўка. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2017.

Гэта не проста кніга. Ды і, па вялікім рахунку, — зусім не кніга. Альбом, складзены з асобных паштовак незвычайнага фармату, прадстаўляе традыцыйныя беларускія ўзоры для вышыўкі, падае схемы для вышывання, дае парады майстрыхам. Тут сабраны выявы аўтэнтычных тэкстыльных вырабаў з калекцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Гэтая маладзёжная грамадская арганізацыя (дарэчы, акрэдытаваная пры ЮНЕСКА) ужо больш як 20 гадоў ладзіць экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, акрамя фальклору збіраючы прадметы побыту, тэкстыльныя рэчы, рамесніцкія прылады. Аўтары выдання — вопытныя майстрыхі і даследчыцы, гатовыя падзяліцца сваім досведам з усімі аматарамі традыцыйнай беларускай культуры.


Мікола Мятліцкі. Скарб бяздонны. — Мінск: Звязда, 2016.

Беларускія легенды і паданні пра паходжанне гарадоў, вёсак, рэк і азёр — сапраўды бяздонная крыніца натхнення для творчага чалавека. Вось і вядомы паэт, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі настолькі захапіўся вандроўкамі ў далёкую мінуўшчыну беларускай зямлі, што напісаў цэлую кнігу. Героямі яго паэтычных легендаў і паданняў становяцца і сапраўдныя гістарычныя асобы, і персанажы, якія маглі жыць тут шмат стагоддзяў таму. Мы даведаемся пра паходжанне Крэва, легенду загадкавага Лоскага замка, прачытаем пра красуню Віліяну і яшчэ раз прыгадаем паданне пра Нёман і Лошу. Яшчэ больш казачным і чароўным выданне робяць ілюстрацыі Ігара Гардзіёнка.


Людміла Рублеўская. Дагератып. — Мінск: Янушкевіч, 2017.

Сцвярджэнню, што нашы сучаснікі не чытаюць папяровых кніг, можна супрацьпаставіць адразу некалькі яскравых навінак апошняга часу, якія здолелі пабачыць свет менавіта дзякуючы фінансавай падтрымцы публікі. Напрыклад, нашумелы дзённік Андруся Горвата «Радзіва «Прудок», выдадзены з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі, стаўся сапраўднай сенсацыяй. Выданне беларускамоўнага перакладу «Караліны» Ніла Геймана таксама падтрымалі чытачы. І вось — новы кніжны праект, якому беларусы адпачатку паставілі моцную «10». У рамане «Дагератып» Людміла Рублеўская абяцае шмат загадак і таямніц. Нас чакае вандроўка ў мінуўшчыну і знаёмства з «праклятай» фотакалекцыяй.


Ціма Парвела. Эла і сябры. Пераклад з фінскай Алены Казловай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017.

Часам самыя звычайныя рэчы дапытлівым школьнікам (асабліва першакласнікам) падаюцца загадкавымі, нават падазронымі. Вось і ліст, які атрымлівае іх настаўнік і пасля якога становіцца няўважлівым, непатрабавальным і нават абыякавым да сваіх вучняў, Эла і сябры лічаць пасланнем ад шантажыста. Далей — болей. Шпіёнскія гульні, тэлефонныя званкі і нават падмена чамаданаў: сябры мяркуюць, што ў ім настаўнік нясе шынтажысту грошы... Гэтая кніга палюбілася ўжо многім чытачам у розных краінах свету. Дарэчы, для кожнага з перакладных выданняў мастакі рыхтуюць новыя ілюстрацыі, якія лепш адпавядаюць культуры краіны. І, як прызнаўся сам аўтар (дарэчы, ён стаў госцем Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу), малюнкі для беларускай кнігі — а яны пазычаныя з літоўскай — яму самому падабаюцца найбольш.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.