Вы тут

Раім схадзіць


Выстава архідэй, праграма «Музыка і зоркі» ў планетарыі і фестываль-кірмаш «Таямнiцы майстэрства» – афіша «Звязды» з 13 па 19 лютага.


Выстава архідэй

Фота: orhidey.com

Дзе: Музей прыроды і экалогіі Беларусі (вул. К. Маркса, 12)

Калі: па 10 сакавіка, 11:00-19:00

Колькі каштуе: 1, 50 р.

На выставе прадстаўлены дзесяткі кветак з усіх кантынентаў планеты, акрамя Антарктыды. Несумненна, больш за ўсё ўвагу прыцягваюць выхадцы з трапічных лясоў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Паўднёва-ўсходняй Азіі, Афрыкі, поўначы Аўстраліі.

У музеі падчас выставы можна будзе набыць любыя архідэі для хатняй калекцыі або ў падарунак.


Выстава «Яўнасці кахання»

Фота: mix.tn.kz

Дзе: Дом-музей I з'езда РСДРП (пр-т Незалежнасці, 31а)

Калі: па 19 лютага, 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Выстава работ фатографа Ганны Юхнавец прысвечана розным праявам найвыдатнейшага з чалавечых пачуццяў.

Так, тут будуць прадстаўлены работы з серыі «Каханне без часу», «Спатканне», на якіх можна ўбачыць фатаграфіі закаханых пар на працягу жыцця, фотаздымкі рамантычных сустрэч, а таксама работы, выкананыя на тэму гістарычнай рэканструкцыі.

Разам з тым, на выставе будуць прадстаўлены і калекцыйныя паштоўкі аўтарскай работы.

Закаханыя пары чакае прыемны сюрпрыз!


Праграма «Музыка і зоркі»

Фота: kv.by

Дзе: Мінскі планетарый (вул. Фрунзэ, 2)

Калі: 14 лютага, 19:00

Колькі каштуе: 8 р.

Мінскі планетарый запрашае на тэхна-шпацыр па зорнаму небу.

Унікальны канцэрт-падарожжа, на якім арбіты электронных рытмаў перасякуцца з арбітамі жывых музычных інструментаў, пакіне пасля сябе незабыўныя ўспаміны.

Апошнім пунктам падарожжа стане лекцыя па зорным небе пад музычную пульсацыю ад чалавека, які прысвяціў вывучэнню космаса ўсяго сябе, загадчыка планетарыя Аляксандра Мікуліча.

Набыць квіткі можна толькі на сайце tamtam.by.


Выстава «Што ў жаночай галаве?»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (пр-т Незалежнасці, 47)

Калі: па 11 сакавіка

Колькі каштуе: удакладняць у касе

У межах праекта «Што ў жаночай галаве?» адбудзецца выстава міні-тэкстылю «Сэрцайка мае», прысвячаная Дню закаханых. У ёй сэрца разглядаецца – як сімвал жыцця, пачуццяў, думак і мрояў. «Якое яно, маё сэрцайка? Чым хвалюецца? Чым клапоціцца? Чым супакоіцца?»

Асноўная ідэя ўсяго праэкту – паказаць жаночы свет вачыма жанчын з дапамогай лямцу – выразнага сродка сучаснага тэкстылю. Праект таксама садзейнічае ўзмацненню міжнарожных культурных сувязяў, падтрымлівае і развівае нацыянальныя традыцыі валяння.


Фестываль-кірмаш «Таямнiцы майстэрства»

Фота: rebenok.by

Дзе: Е-сіці (вул. Дзянісаўская, 8)

Калі: 18-19 лютага, 09:00

Колькі каштуе: бясплатна

На кірмашы вы зможаце не толькі знайсці асаблівыя і непаўторныя сувеніры, але і зрабіць іх сваімі рукамі, паўдзельнічаць у цікавых майстар-класах для дзяцей і дарослых.

Акрамя гэтага, арганізатары падрыхтавалі для вас творчыя выступленні ўдзельнікаў кірмашу, дэгустацыю экапрадукцыі і розыгрышы прызоў ад майстроў.


Выстава жывых экзатычных матылькоў

Фота: daler.ru

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі (пл. Калініна)

Калі: па 19 лютага, аўт.-нядз.: 10:00-20:00

Колькі каштуе: 6 р., бясплатны ўваход – для дзяцей да 6 гадоў, шматдзетных сем'яў і інвалідаў 1 групы

Мінчан і гасцей сталіцы запрашаюць пагрузіцца сярод зімы ў трапічнае лета: убачыць квітнеючыя архідэі, паглядзець на каралеўскія бягоніі, палюбавацца матылькамі з усіх куткоў планеты – ад джунгляў Амазонкі да архіпелагаў Акіяніі. Таксама будуць прадстаўлены і кукалкі матылькоў.

У аранжарэі дазволены фота- і відэаздымка: жадаючыя змогуць захаваць дзіўны момант зносін з найпрыгажэйшымі стварэннямі прыроды. 


Выстава «Птушкі зімой»

Фота: ogorod.mirtesen.ru

Дзе: Музей прыроды і экалогіі (вул. Казінца, 117)

Калі: па 12 сакавіка, 10:00-18:00

Колькі каштуе: 1,50 р.

Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з прадстаўнікамі птушынай фауны. Калі з крумкачамі, вераб'ямі і гракамі мы сутыкаемся практычна на кожным кроку, то вось поползня або дубаноса з першага погляду пазнае не кожны. Усяго на выставе прадстаўлена больш за 30 відаў птушак.

Выстава будзе цікавая як дзецям, так і дарослым. Юныя наведвальнікі выставы змогуць прыняць удзел у конкурсе дзіцячага малюнка.


Выстава «Долары краін свету XIX-XXI ст.ст.»

Фота: odollarah.ru

Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (зав. Музычны, 5)

Калі: па 18 лютага, 10:00-17:30

Колькі каштуе: 5 р., навучэнцы і пенсіянеры – 3 рублі.

Выстава «Долары краін свету XIX-XXI ст.ст.» са збору віцебскага калекцыянера Леаніда Ялава пашырыць вашыя пазнанні аб гэтай валюце. Так, напрыклад, ці ведалі вы, што долары бываюць не толькі зялёныя і не толькі з партрэтамі амерыканскіх прэзідэнтаў? Гэтая валюта дагэтуль ужываецца ў 26 краінах свету.


Лекторый «ХХ стагоддзе. Рэвалюцыі ў думках і мастацтве»

Фота: thewhitelake.ru

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20)

Калі: па 31 мая (кожную сераду), 19:00

Колькі каштуе: 5 р., 2,50 р. – школьнікі, студэнты; можна набыць абанемент

ХХ стагоддзе апынулася насычаным падзеямі. Грамадскія сутыкненні, рэвалюцыі, супярэчнасці і навацыйныя ідэі – для Заходняй Еўропы гэты час стаў эпохай глабалізацыі і капіталізацыі, для рэспублік Савецкага саюза – у першую чаргу гісторыяй камуністычных ідэалаў, спароджанага ім сацыяльнага эксперыменту і эпахальнага краху.

У фокусе ўвагі Нацыянальнага мастацкага музея традыцыйна апынуцца мастацтвазнаўчая і культуралагічная праблематыкі.

Цыкл уяўляе сабой 18 аўтарскіх лекцый, падрыхтаваных супрацоўнікамі музея, а таксама запрошанымі даследнікамі.

Азнаёміцца з поўным спісам лекцый можна на сайце музея.


Выстава эксперыментаў «Музей навукі»

Фота: forbes.kz

Дзе: Дом-музей I з'езда РСДРП (пр-т Незалежнасці, 31а)

Калі: па 31 сакавіка, 11:00-19:00

Колькі каштуе: удакладняць у касе

Любы эксперыментатар у «Музеі навукі», дзіця або дарослы, можа самастойна правесці свой уласны эксперымент, які апісвае той ці іншы закон фізікі або з'яву прыроды. За час, праведзены ў музеі, вы не зможаце вывучыць усю фізіку, але цікавасць да дакладных навук, цяга да ведаў абавязкова з'явіцца.

На выставе знаходзяцца экспанаты, з якімі можна і трэба ўзаемадзейнічаць, даследаваць, разгадваць галаваломкі.


Выстава «Густаў Клімт. 100 гадоў без генія»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: GALLERIA MINSK (пр-т Пераможцаў, 9)

Калі: па 15 лютага, 10:00-22:00

Колькі каштуе: 6 р., льготны – 3 р.

14 студзеня ў Мінску ў рамках сусветнага турнэ «Густаў Клімт. 100 гадоў без генія» адкрылася выстава рэпрадукцый аднаго з самых дарагіх і вядомых мастакоў ХХ ст.

Дакладныя копіі палотнаў Клімта (у тым ліку самы вядомы твор мастака карціну «Пацалунак»), выкананыя ў той жа тэхніцы з выкарыстаннем сусальнага золата, можна ўбачыць з 10:00 да 22:00.


Выстава «Японская вясна»

Фота: afisha.tut.by

Дзе: Гарадская мастацкая галерэя Л. Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10)

Калі: па 19 лютага, сер.-нядз.: 11:00-19:00

Колькі каштуе: 2 р., студэнты – 1,5 р., школьнікі – 1 р.

На выставе прадстаўлена каля 20 жывапісных твораў, над якімі мастачка Марына Быкава працавала з 2006 па 2010 гады.

На стварэнне гэтай серыі работ аўтара натхнілі японская культура, філасофія і творчасць вялікіх майстроў японскай гравюры. У сваіх творах мастачка сумяшчае традыцыі японскага мастацтва і ўласныя наватарскія прыёмы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?