Вы тут

500 гадоў і пяць дзён


Ні дня без радка, надрукаванага. Кнігавыданне — бесперапынная вытворчасць. І нават калі друкаваная тэхніка адпачывае, працуюць творцы, шукаюць сэнс, фармулююць яго ў словах.


«Для кагосьці кніга — гэта падручнік, для кагосьці — прадмет інтэр’еру, але самае галоўнае, што ва ўсе часы і ва ўсе стагоддзі кніга — самы вялікі памочнік ў жыцці», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў на адкрыцці Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу. Памочнік у жыцці асобных людзей ці творцаў, якія, паводле старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, з хваляваннем чакалі сустрэч з чытачамі. Але кніга — памочнік і ў жыцці краін. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч падкрэсліла, што пасланцы сферы кнігавыдання, гуманітарнага супрацоўніцтва розных дзяржаў робяць свой унёсак у развіццё дружбы, добрасуседства: «Важна, што менавіта адсюль пачынаецца святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Розгалас гэтага свята панясуць нашы сучасныя кнігавыдаўцы па розных краінах. З дапамогай кнігі мы будзем гаварыць пра тое, што слова аб’ядноўвае, што слова мае вялікую сілу, гэта наш духоўны запавет нашчадкам»...

Сталыя наведнікі кніжнай выстаўкі, пэўна, даўно заўважылі: кніжная — гэта толькі фармальнае азначэнне. Насамрэч, кожная краіна-ўдзельніца прэзентуе не столькі свой кніжны рынак, колькі сябе самую. Адсюль — процьма сувенірнай прадукцыі, партрэты знакавых асобаў (не толькі пісьменнікаў), нацыянальная сімволіка.

Для кніжнай Беларусі 2017 год — надзвычай адказны: 500-годдзе кнігадрукавання. Таму Францыск Скарына фігуруе на цэнтральным беларускім стэндзе ў самых розных абліччах. У кожнага выдавецтва ёсць кнігі, прысвечаныя першадрукару ці гісторыі нашага пісьменства. Твар Скарыны — на календарах, паштоўках, сувенірных магнітах і іншай падобнай прадукцыі. Асобнае месца адведзенае пад друкавальны станок: яго ўзнаўлялі па чарцяжах XVI стагоддзя, так што можна лічыць, што такім жа карыстаўся наш першадрукар. Вакол станка — копіі старонак скарынаўскіх выданняў. Жыццё Скарыны, праца Скарыны, Скарына для дзяцей, Скарына для навукоўцаў, спадчына Скарыны…

І вось «Кнігі Рэспублікі Беларусь». Гэта не назавеш стэндам: то цэлае каралеўства, сабранае з дзяржаўных выдавецтваў, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Кніжнай палаты Беларусі, гандлёвай сеткі «Белкніга» ды бібліятэчкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нельга не адзначыць, што найбольш увагі надаецца ўласна кнігадрукаванню, аздабленню кнігі. Дарэчы, ёсць і асобная экспазіцыя, прысвечаная прэміі «Мастацтва кнігі», дзе можна ўбачыць густоўнае выданне «Тутэйшы. Асобы. Рэчы. Дызайн» (пераможца ў намінацыі «Існасць рэчаў»). Таксама — дзіцячую кнігу Алеся Пісьмянкова «Чаму вожык не стрыжэцца». Ілюстрацыі да яе выклікалі спрэчкі. Вось нагода для дыскусіі пра тое, што ж такое дзіцячая ілюстрацыя — карцінкі да тэксту ці ўсё ж паўнавартаснае мастацтва, вольная пляцоўка для ілюстратара.

Так, у аснове канцэпцыі не сучасны аўтар, але найбагацейшыя выданні апошняга часу (зрэшты, чаго й чакаць: гэта выстаўка кніжная — не мастацка-літаратурная). Унікальную ролю тут грае Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая не абмежавалася нашым векам і рызыкнула выставіць скарбы даўніны: дзе яшчэ пабачыш арыгінальную кнігу Сімяона Полацкага «Посах кіравання» 1667 года выдання?.. Слаўнае мінулае нашага кнігадрукавання прадстаўляюць таксама факсіміле — «Слуцкае Евангелле» 1582 года, «Баркалабаўскі летапіс», «Кніга быцця» з серыі «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Тут жа можна пабачыць арыгінальныя выданні паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1925 год), зборнік «Шляхам жыцця» Янкі Купалы (1913 год), «Калядную пісанку» 1913 года.

Сёлетнія пісьменнікі-юбіляры адзначаныя асобнай кампазіцыяй, што ўхвальна. Ёсць Колас, Купала, Панчанка і Брыль… А як жа астатнія: Міхась Стральцоў на літаратуразнаўчых «вагах» пацягне не менш за Коласа, Алесь Пісьмянкоў, тонкі, адметны лірык?..

Дзяржаўныя выдавецтвы — асноўныя «пастаўшчыкі» літаратуры на кніжны рынак. Іх прадстаўляюць Выдавецкі дом «Звязда», «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Беларуская навука», Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Чатыры чвэрці». У кожнага — свая фішка. Так, прыкладам, «Звязда» збольшага вядомая дзіцячай літаратурай. «БелЭн» — стваральнік якасных грунтоўных энцыклапедый: «Беларускае народнае ганчарства», «Смачна есці! Энцыклапедыя беларускай кухні», «Мінералы і карысныя выкапні Беларусі» — на любы густ, для самай шырокай аўдыторыі.

Твар выдавецтва «Беларусь» — мініальбомы з рэпрадукцыямі беларускіх мастакоў: Філіповіч, Рушчыц, Гараўскі, Кашкурэвіч, Астаповіч, Драздовіч... «Мастацкая літаратура», займеўшы новых мастакоў-ілюстратараў, стала адметнай і пазнавальнай. У яе скарбніцы — кнігі серыі ЖЗЛБ, сучасная мастацкая літаратура (трэба адпавядаць назве, ці так?), альманах маладых аўтараў «Першацвет». «Чатыры Чвэрці» — гэта, найперш, серыя «Маладая паэзія Беларусі». «Вышэйшая школа» пайшла далей: прапануе паслухаць класіку — аўдыякнігі Крапівы, Караткевіча, Коласа, Брыля, Мележа, Маўра.

Цэнтральная экспазіцыя прадстаўнічая, але каб атрымаць поўнае ўяўленне пра беларускую кнігу, варта заглыбіцца ў «правінцыйныя» зоны выстаўкі. Тут — невялічкі пакой «Галіяфаў», якія робяць вялікі ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру. Сёлетні іх «цвік праграмы» — казка Кэрала «Скрозь люстра, і Што ўбачыла там Аліса», перакладзеная Верай Бурлак. «Тэхналогія» — выдавец неверагодна прыгожай кнігі «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якую нам падараваў магутны творчы дуэт мастака Паўла Татарнікава і пісьменніка Уладзіміра Арлова. Варты наведвання стэнд выдавецтва «Янушкевіч», вядомага сваімі электроннымі кнігамі і выданнямі рамана «Дагератып» Людмілы Рублеўскай, казак Вільгельма Гауфа «Карлік Нос», перакладам «Голада» Кнута Гамсуна.

Але калі вяртацца да галоўнай тэмы, то, перастварыўшы ў верлібры прадмовы Скарыны, паэт Алесь Разанаў назвай кнігі, выдадзенай «Мастацкай літаратурай», нагадвае: «Маем найбольшае самі».

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.