Вы тут

«Удзячныя Беларусі за кансалідацыю творчых памкненняў...»


Ёсць такая прафесія — пісьменнік! І з гэтым нават сёння спрачацца цяжка. Аргументаў шмат. Тэарэтычна пісьменнікам можа стаць кожны, хто авалодаў пісьмом, — пісаць нас вучаць з дзяцінства, аднак у пісьменнікі трапляюць толькі тыя, хто прысвяціў гэтай справе жыццё, хто ўкладвае ў яе талент і працу, іншым разам шматгадовую, і праз сумненні, а часам і няўпэўненасць, дасягае мэты. Завяршаючы твор, кожны пісьменнік спадзяецца (як ні банальна гэта гучыць) атрымаць за сваю працу ўзнагароджанне...


Пісьменнік жыве сярод нас, на нашым баку жыцця, таму гаворыць пра яго праўдзіва і рэалістычна. Уся «соль» у тым, што колькі людзей, столькі і меркаванняў. То бок, чытаючы літаратурныя творы, мы даведваемся пра розныя выявы жыцця і свету ўвогуле, можам пагаджацца ці спрачацца, даведвацца пра нешта новае ці ўзгадаць забытае. Кожны пісьменнік піша сваю энцыклапедыю жыцця. Якую выбраць — вырашае чытач. Няма пісьменніка без чытача! Дык як знайсці паразуменне з сучасным чытачом, як быць пачутым у сённяшнім грамадстве? Гэтае пытанне — толькі адно з тых, шматлікіх і грунтоўных, на якія шукалі адказы вядомыя творцы з блізкага і далёкага замежжа — госці і ўдзельнікі III Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», што праходзіў у межах Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу.

Прадстаўнікі з Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Польшчы, Турцыі, Італіі, Сербіі ды іншых краін выказалі жаданне паўдзельнічаць у працы сімпозіума, гэтым разам прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Падзеі, знакавай не толькі для нашай краіны. Падзеі, якая яднае нас з усім светам. І ўсяму свету абвяшчае нашу адукаванасць, традыцыі, развіццё. Францыск Скарына ў беларускай і сусветнай культуры, літаратурныя ўзаемасувязі ў кантэксце міжнародных агульнакультурных стасункаў, функцыі літаратуры ў святле рэалій сучаснага свету — вось такія тэматычныя напрамкі сталіся галоўнымі ў пісьменніцкім дыялогу. І размова атрымалася! Зацікаўленая, шчырая, аргументаваная.

Вітанне сімпозіума «Пісьменнік і час» даслалі сябры Беларусі з розных краін свету. Сярод іх — і Рыма Арцем’ева, паэт, празаік, журналіст, намеснік старшыні Савета па рускай літаратуры Саюза пісьменнікаў Казахстана. Вось што яна, у прыватнасці, піша:

— Свет Абая, Францыска Скарыны, Мухтара Аўэзава, Якуба Коласа, Аванеса Туманяна, Авеціка Ісаакяна і многіх, многіх іншых пісьменнікаў-класікаў падарылі сучасным чытачам інтэрнэт-пляцоўка «Сугучча» і кнігі, надрукаваныя выдавецтвам «Звязда», узвышаючы мастацкае слова, асвятляючы яго значнасць у сучасным свеце. Публікацыі сучасных пісьменнікаў з розных краін дазваляюць нам, маючы розныя геаграфічныя каардынаты, розныя нацыянальныя карэнні, пашыраць прастору яднання, бачыць тую незвычайную еднасць, якую адкрывае сучаснасць.

А вось што адзначыла Рыма Ханінава, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (Расійская Федэрацыя, г. Эліста):

— Я ўжо паспела пабываць у Беразіно, ганаровым грамадзянінам якога з’яўляецца мой бацька — беларускі партызан і калмыцкі паэт Міхаіл Хонінаў. Уражана, як ставяцца ў вашай глыбінцы да кнігі, да мастацкага слова. Дзякуй бібліятэкарам, іншым рупліўцам за такое стаўленне да прыгожага пісьменства. Мне здаецца, што якраз духоўнасць, асветніцтва спрыяе стабільнасці ў Беларусі, дазваляе традыцыйнай культуры быць на вышыні. Дзякуй, што запрасілі на міжнародны сімпозіум. Упэўнена: мне будзе што расказаць сваім студэнтам, калегам. А ў нашым друку з’явяцца новыя пераклады на калмыцкую мову беларускай паэзіі, прозы. Завочна я даўно знаёма з паэтамі, перакладчыкамі Таццянай Сівец, Адамам Шостакам, Рагнедам Малахоўскім. Зараз у мяне — сустрэчы, творчыя перамовы з калегамі. Дзякуй арганізатарам сімпозіума, Міністэрству інфармацыі за спрыянне ў такіх пісьменніцкіх стасунках!

Агагельды Аланазараў, паэт, перакладчык, празаік (Туркменістан, г. Ашхабад):

— Я прывёз у Беларусь два «беларускія выпускі» — часопісаў «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») і «Каракум». Мы наладзілі цеснае супрацоўніцтва паміж паэтамі і перакладчыкамі Туркменістана і Беларусі. Як вынік — новыя публікацыі і нават кнігі, што выходзяць у Мінску і Ашхабадзе. Мы ўдзячны «Звяздзе» за выданне фактычна біяграфіі, летапісу нашых літаратурных, культурных адносін — «Літаратурнае пабрацімства: “Беларусь — Туркменістан”». Спадзяюся, што гэтая кніга ў перакладзе на туркменскую мову пабачыць свет і ў Ашхабадзе.

Мухсін Ісабоеў, дырэктар выдавецтва «Нашыр» (Таджыкістан, г. Душанбэ):

— Заўсёды з вялікай цікавасцю прыязджаю ў Мінск. Радуюся поспехам вашых выдаўцоў. Амаль дзесяць тысяч назваў кніг у год — уражлівая лічба. Магу толькі павіншаваць ваша Міністэрства інфармацыі з такімі здабыткамі. Ведаю многія беларускія кнігі, якія сталі пераможцамі конкурсу «Мастацтва кнігі СНД». Так трымаць, беларусы! Мы шмат чаму ў вас вучымся. Дзякуй, што пазнаёмілі свайго чытача з неўміручай паэзіяй вялікіх таджыкаў Рудакі, Лаіка Шэралі, Нізома Касіма, Муміна Канаата. У многім гэта адбываецца дзякуючы руплівасці нашых калег-выдаўцоў са «Звязды»! Вось і зараз мне давялося паўдзельнічаць у круглым стале па беларуска-таджыкскіх сувязях, які арганізавала «Звязда».

Марат Ахмеджанаў, выдавец, заснавальнік Выдавецтва «Hertfordshire Press» (Лондан), намеснік старшыні Еўразійскай творчай гільдыі (грамадскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае на адзінай прасторы людзей розных сфер і формаў мастацтва з мэтай прасоўвання іх работ па ўсім свеце і пошуку ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва):

— Досвед пісьменнікаў і літаратараў не толькі дазваляе чалавеку зразумець сваё месца ў грамадстве ды правільна пабудаваць жыццёвы шлях, але і дапамагае вырашыць шматлікія сацыяльныя праблемы і канфлікты. Практычна ўсе з’явы жыцця так ці інакш ужо апісаны, разабраны ў класічнай літаратуры, і наша задача — успрыняць досвед пісьменнікаў, асэнсаваць яго і ўмець выкарыстоўваць на практыцы. Сапраўды, звяртаючыся да літаратуры, мы захаваем нямала свайго часу, спасцігаючы людскія характары і лёсы, вывучаючы паводзіны ў жыццёвых сітуацыях на прыкладах літаратурных герояў.

Міжнародныя сімпозіумы — гэта цудоўныя пляцоўкі для абмену досведам і дасягненнямі, месца, дзе можна распавесці пра асаблівасці сваёй краіны, культуры. Кожнаму ўдзельніку будзе чым падзяліцца, што пераняць, чым натхніцца. Такія сувязі спрыяюць выхаду на новы міжнародны ўзровень. Сімпозіумы даюць магчымасць зацікавіць апанентаў у перакладзе сваіх твораў на іншыя мовы, прадставіць свае работы ў іншых краінах, а таксама прывезці на радзіму нешта новае.

ХХIV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш цікавіць мяне як выдаўца. Наша каманда на працягу многіх гадоў з’яўляецца звяном, якое дапамагае пісьменнікам і аўтарам выйсці на новы ўзровень. Сёлета мы прадставім краіну, дзе працуем, прывязём творы англійскіх пісьменнікаў, работы аўтараў, якіх пераклалі і выдалі, а таксама плануем правесці шэраг прэзентацый і чытанняў. Мы хочам пазнаёміцца з аўтарамі з Беларусі і іншых краін — удзельніц выстаўкі-кірмашу, адкрыць для сябе нешта новае!

Ролю Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ва ўмацаванні міжлітаратурных кантактаў падкрэслівае загадчык кафедры тэорыі і найноўшай гісторыі персідска-таджыкскай літаратуры філалагічнага факультэта Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта Муртазо Зайніддзінаў:

— Лічу, што Мінская міжнародная кніжная выстаўка вельмі спрыяе міжнароднаму творчаму сяброўству. У Беларусі я ўпершыню, даўно хацеў бліжэй пазнаёміцца з беларускімі пісьменнікамі. Чакаю адкрытых гутарак, прадуктыўнай палемікі.

Мы знаёмыя з творчасцю беларускіх класікаў. Так, напрыклад, яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя па-таджыкску пераствараліся асобныя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аўтар першых перакладаў іх спадчыны — Абулькасім Лахуці. Пасля гэтым займаліся паэты Мухамаджон Рахімі, Мухіддзін Фархат, іншыя дзеячы таджыкскай літаратуры.

Шмат для нас значаць кантакты з беларускімі літаратарамі. У працэсе стасункаў я даведваюся шмат новага і карыснага. Мяркую, што-нішто скарыстаю і для ўдасканалення курса сваіх лекцый для студэнтаў. І, канечне, прывязу дадому кнігі беларускіх аўтараў.

Таджыкска-беларускія літаратурныя сувязі маюць глыбінныя гістарычныя карані, у Таджыкістане даўно і добра ведаюць беларускую літаратуру. Гэтыя веды перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сёння для ўмацавання нашых стасункаў вельмі шмат робяць пісьменнікі Ато Хамдам і Алесь Карлюкевіч. Так што сутворчасць працягваецца.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.