Вы тут

Каханне і нянавісць па-кітайску


Пра кітайскую класіку беларускі чытач начуты: даволі перакладаў, найперш паэтычных, выпусціў на кніжны рынак Выдавецкі дом «Звязда». Аднак хацелася б ведаць пра плён далёкай літаратуры за час не такі далёкі, прынамсі, за пару найбліжэйшых дзесяцігоддзяў. «Маладосць» дае такую магчымасць: у перакладах на беларускую мову надрукаваная проза Джу Вэньін, А І, Фэн Тан і Цзін Жэньшунь. Проза — найвышэйшага гатунку.


Апавяданне «Гавана» Джу Вэньін раскрывае свет белых каўнерыкаў, прычым — вачыма жанчыны. Яна смелая, моцная, разумная, здольная трымаць сябе ў руках і пры гэтым заставацца жаноцкай. Цсіпаа — мадэрнаваная на сучасны лад традыцыйная кітайская сукенка — выступае ў апавяданні ненавязлівым сімвалам жанчыны новага часу, якая, не здраджваючы сваёй прыродзе, змагаецца за поспех нароўні з мужчынамі. Гэты твор варта разглядаць, папершае, з пункту гледжання так званых адвечных каштоўнасцей (кшталту маралі і яе адноснасці ці непарушнасці); па-другое, у «Гаване» паўстаюць вострыя гендарныя пытанні. Так, галоўная гераіня — добры спецыяліст, які не просіць асаблівага да сябе стаўлення праз полавую прыналежнасць. Але, нягледзячы на яе прафесійныя якасці, бос бачыць у жанчыне патэнцыйнае плоцевае задавальненне. Гавана — кодавае слова, якое азначае распусту й пустэчу, што прыходзіць за ёй следам. Прыходзіць немінуча, таму й адчуваецца глыбокі адчай за аптымістычным тонам расповеду. Яшчэ адзін значны матыў — падвоенасць чалавека. Гераіня разважае пра дзве свае паловы: верхняя — увасабленне розуму, халоднай развагі, ніжняя — прыродны пачатак чалавека (незалежна ад полу). Як жа застацца чалавекам? Такое чэхаўскае пытанне ставіць перад сабой Джу Вэньін.

А І ў апавяданні «Прарок» выкарыстоўвае класічны ход: апавядальнік знаходзіць ліст, змест якога робіцца асновай твора. Так адказнасць за ўсё сказанае перакладаецца на плечы галоўнага героя, а героем выступае ці то блазан, ці то геній. Селянін з дрымучай кітайскай вёскі задумаўся над сэнсам жыцця і праз тое «праславіўся» вар’ятам. Дзень і ноч яму не дае спакою пытанне: што рухае чалавецтвам? Чаму мы робім справы, у якіх не маем пільнай патрэбы? Што такое час? Адказ раскрываць не будзем — варта пачытаць аповед А І. Адзначым толькі, што апроч гэтай цэнтральнай праблемы паўстае яшчэ адна: герой (і з ім аўтар) размяжоўвае паняткі «адукацыя» і «розум». І гэта вельмі слушна і актуальна для нашай краіны, дзе вышэйшую адукацыю чамусь лічаць абавязковай. Калі выпускнік школы не паступае ў ВНУ, яго лічаць няўдачнікам. Калі ты не маеш «корачку», да цябе не паставіцца сур’ёзна працадаўца. Пэўна, вар’яцтвам варта лічыць якраз такое скажонае стаўленне да чалавечага інтэлекту, а не спробы селяніна разгадаць загадку чалавечага існавання. Як лічыце?..

Тонкім гумарыстам паўстае Фэн Тан у апавяданні «Дваццаць адно няшчасце Цсі Байшы». Насамрэч, гэта й не апавяданне, але 21 нататка-эсэ, адпраўной кропкай для якіх робяцца цытаты старадаўняга пісьменніка, якога Фэн Тан абірае за настаўніка. У нашых рэаліях прозу Фэн Тана назвалі б зацемкамі. Літаральна ён разважае пра прызначэнне і працу пісьменніка. У ягоным быццам бы несур’ёзным стаўленні да літаратуры бачная зусім не легкадумнасць, але дасціпнасць і мудрасць, якія дасталіся яму, пэўна, не так і лёгка. Шырэй апавяданне Фэн Тана — развага пра чалавека і яго справу, пра тое, што здаецца значным і што такім ёсць насамрэч. На многія рэчы ён глядзіць вельмі проста, як дзіця, а гэта дазваляе адкінуць надуманую людзьмі фальшывую каштоўнасць таго ці іншага «сур’ёзнага» панятка і сказаць, як той герой Андэрсэна, што кароль — голы.

Жыццё кітайскіх падлеткаў небанальна апісвае Цзінь Жэньшунь. Аповед «Гарадок Суншуджэнь» пераносіць чытача ў правінцыйны гарадок, дзе галоўная славутасць — шахты, а кіназдымачная каманда ўспрымаецца ледзьве не як прышэсце Хрыстова. Тут багата камічных апісанняў: паводзіны школьнікаў перад камерай, неаб’дымная гасціннасць гаспадыні рэстаранчыка, паняткі пра сяброўства мясцовых рабочых і інш. Нельга не заўважыць, што так званы рабочы люд аднолькавы ў любой кропцы зямнога шара. Прынамсі, кітайскі шахцёр і беларускі трактарыст будуць аднолькава падазрона паглядаць на шумных гасцей са сталіцы і спрабаваць вырашыць з імі, людзьмі найвышэйшага свету, свае надзённыя праблемы. Цзінь Жэньшунь віртуозна, іначай і не скажаш, паказвае, наколькі больш вынаходлівае і жорсткае бывае жыццё датычна мастацтва. Фільм, які збіраліся здымаць героі аповеду, мусіў распавесці пра падлеткавую драму. Стужка так і засталася праектам, а вось драма — са смерцю, слязьмі, горыччу, зламанымі лёсамі — усё роўна спраўдзілася. Рызыкну сцвярджаць, што галоўная думка Цзінь Жэньшунь у гэтым аповедзе: мастацтва заўжды саступае жыццю, бо з яго нараджаецца, і чалавек толькі марыянетка, якім бы творцам сябе ні ўяўляў. Пра каханне фальшывае і сапраўднае, пра пажаднасць і пяшчоту, плоцевае і блізкасць душаў — аповед «Жаўрук». Каханню падуладныя ўсе ўзросты — выказванне вядомае. Пасля «Жаўрука» можна дадаць: і часам гэтыя ўзросты — вельмі далёкія адно ад аднога. Галоўнае — паспець зразумець, дзе золата, а дзе — танны бляск.

Публікацыя разгледжаных твораў — нагода падумаць пра стварэнне зборніка найноўшай кітайскай прозы. Калі творы ў ім не саступяць «Жаўруку», «Гаване» і іншым, поспех кнізе гарантаваны.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.