Вы тут

Скарыніяна Уладзіміра Караткевіча


У сувязі з пяцісотгоддзем беларускага кнігадрукавання ўзнікае цудоўная нагода для сістэматызацыі напісанага пра Францыска Скарыну карыфеямі нашага прыгожага пісьменства. Калі казаць пра другую палову ХХ стагоддзя, найбольш значны і адметны след у Скарыніяне пакінуў Уладзімір Караткевіч, прычым першадрукар згадваецца ў прозе і драматургіі, разглядаецца ў паэзіі і эсэістыцы.


«Страціў не я Афіны...»

Першы твор — верш «Скарына пакідае радзіму» — напісаны ў 1959 годзе і змешчаны ў лісце У. Караткевіча з Масквы да Янкі Брыля (з назвай «Скарына»). Уся ідэйна-тэматычная скіраванасць верша нітуецца з выгнаннем адзінага на тагачаснай Беларусі чалавека «ў доктарскай шапцы дзіўнай», якому «па волі зямнях багоў» даводзіцца пакідаць родную зямлю. Праз скупую вобразную сістэму, праз напружаны рытм, што нагадвае рух колавага экіпажа з «пузатым конікам» на гразкай дарозе, паэт пераносіць чытача ў ХVІ стагоддзе, каб паказаць «цемру» і «дурасць», якія валадарылі душамі людзей. Паэт, як і Скарына, далёкі ад асуджэння народа — ён яшчэ непадрыхтаваны, не можа разумець друкаванае слова. Але першадрукар — ад гэтага ж народа, працуе на яго карысць і славу і не здольны яго выракацца. Паэт прыводзіць словы старажытнагрэчаскага філосафа, матэматыка і астранома Анаксагора: «Страціў не я Афіны, // Хутчэй Афіны — мяне». Дзякуючы гэтаму выказванню У. Караткевіч звязвае многія стагоддзі беларускага існавання ў свеце, вядзе чытацкую думку да гэткіх жа не прызнаных сваім народам геніяў. Ды, урэшце, і да самога сябе, які не па ласы кавалак з’ехаў у Маскву. Пазней, у вершы «Багдановічу» (1966), загучаў палымяны вокліч да суайчыннікаў: «Унукі Скарыны! // Дзе ваш гонар, моц і краса?»

Прароцтва

У мастацкай прозе У. Караткевіча асоба Скарыны згадваецца ў раманах «Каласы пад сярпом тваім» (Алесь Загорскі купляе ў Маскве кнігу першадрукара) і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні: Евангелле ад Іуды» («плаванне Калумба і выданне Скарынам Бібліі на зразумелай мове, — сцвярджае пісьменнік, — ёсць два ўдары з серыі смяротных удараў, якія наносіць іхняй [сярэдневяковай] догме новы Чалавек»).

У апавяданні «Госць прыходзіць на золкім світанні» аўтар апісвае выстаўку карцін мастака Антося Доўгага, на якой гледачы «бачылі карпусы механічнага, каланаду педінстытута, на фоне якой вымалёўваўся помнік Скарыну (яго яшчэ не было), нават некаторыя старыя будынкі, якія мастак пакінуў новым дням». У час напісання апавядання (1959) пра помнік першадрукару можна было толькі марыць.

Экзамен перад Еўропай

Але самае важкае слова пра Ф. Скарыну Караткевіч сказаў у сваіх эсэ, стаўшы, па словах Генадзя Кісялёва, «бадай што, непераўзыдзеным майстрам гэтага жанру». Першае эсэ, прысвечанае першадрукару, — «Людзям простым для добрага навучэння...» — на радзіме было адхілена (рукапіс захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва сярод неапублікаваных матэрыялаў часопіса «Маладосць» за 1965 год). Верагодна, з гэтай прычыны пісьменнік даслаў твор у беластоцкую «Ніву», дзе ён быў змешчаны 4 сакавіка 1965 года, а потым у скарочаным выглядзе — 6 жніўня 1967 года. Ужо ў гэтым творы У. Караткевіч паспрабаваў зазірнуць углыб гісторыі, разгледзець дзейнасць Скарыны праз сувязь з еўрапейскімі падзеямі канца XV — пачатку XVI стагоддзя і вызначыць значэнне такіх асоб для сучаснікаў: «Яны шукалі праўду і чалавечнасць, ваявалі за іх і гінулі, у загібелі здабываючы перамогу. Светачы сярод галечы і гною, першыя агні, нашы продкі, справу якіх мы нясём далей і вобраз якіх захоўваем у сэрцы».

Другі невялікі рускамоўны твор «Экзамен в Падуе» надрукаваны як прадмова да публікацыі «падуанскіх» дакументаў, звязаных з першадрукаром, у № 8 часопіса «Нёман» за 1967 г. «Так Беларусь вытрымала экзамен перад Еўропай» — канстатуе пісьменнік, спасылаючыся на атрыманне Ф. Скарынам вучонага звання доктара лекарскіх навук у італьянскай Падуі. Праз пяць гадоў, у 1517-м, з выхадам першай Скарынавай кнігі, Беларусь пацвердзіла сваё права быць роўнай у шматмоўнай сям’і еўрапейскіх народаў, г. зн. паспяхова вытрымала ўжо другі экзамен.

Аднак вызначальнымі творамі У. Караткевіча пра Ф. Скарыну варта ўсё ж лічыць два наступныя эсэ: «Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі» (напісана ў 1973 г. у Празе і апублікавана 11 сакавіка 1977 г. у газеце «Літаратура і мастацтва») і «Подзвіг Францыска Скарыны» (датуецца студзенем 1980 г., апублікавана ў № 4 часопіса «Беларусь»). Розныя паводле аўтарскага падыходу ад разгляду асобы Скарыны, гэтыя творы найбольш поўна характарызуюць талент Караткевіча ў напісанні эсэ. Найперш гэта выяўляецца ў выразнай дыялагічнасці твораў. Аўтар філігранна стварае ў свядомасці чытача складанае няўлоўнае перапляценне мысленчых імпульсаў, якія выклікаюць узнікненне адразу думкі-згоды (з аўтарскай), а потым і думкі-пераканання (такой, як у аўтара).

Па-першае, гэта выяўляецца ў маркіроўцы суб’екта і аб’екта (аўтара і чытача) праз займеннікі. У эсэ нават я — гэта не толькі аўтарызацыйны маркёр, але і я суразмоўцы; інклюзіўны суб’ект мы характарызуе аўтара як чалавека сацыяльнага і абавязкова падключае чытача да параджэння аргументацыі; прамы зварот ты (вы) знішчае дыстанцыю паміж моўцам і прадметам гаворкі. Такім чынам Караткевіч паслядоўна выпрацоўвае ў чытача гістарызм мыслення (чым настойліва займаўся і праз мастацкую творчасць): «Кнiга Быцця — i асвета? Кнiга Царстваў — i гуманiзм? Цi не замнога мы бяром на сябе, называючы Скарыну асветнiкам i гуманiстам? Дзеля таго, каб адказаць на гэта, трэба зiрнуць на эпоху, у якую жыў гэты чалавек»; «Ты сучаснiк Скарыны. Прычым адукаваны сучаснiк. Якiм паўстае перад табою свет?» Дасягненню названай мэты садзейнічаюць і пытаннева-адказавыя канструкцыі — эфектыўныя рытарычныя сродкі для актывізацыі чытацкай думкі, падтрымання дыялогу: «Што прывяло яго ў Італію?»; «Дзе Скарына правёў пяць гадоў пасля Падуі?», і рытарычныя пытанні, якія не патрабуюць адказу (у іх закладзена сцвярджэнне, што выклікае актыўны рух думкі рэцыпіента: згадзіцца / не згадзіцца з аўтарскім сцвярджэннем, прызнаць / не прызнаць сябе часткай соцыуму, якая так мяркуе): «Без веры ў тое, што далёкія нашчадкі нашы будуць як багі — навошта жыць?»

Па-другое, У. Караткевіч, відаць, усё ж інтуітыўна, знаходзіць ключавое слова, якое будзе найлепш адлюстроўваць жыццё і дзейнасць першадрукара і яго подзвіг, — святло. Менавіта яно з метафарычным значэннем «тое, што робіць зразумелым навакольны свет, што дае пачатак чаму-н. радаснаму, робіць шчаслівым жыццё» становіцца канцэптам тэксту, у кампрэсіўнай форме тлумачыць пісьменніцкую інтэнцыю і рухае аўтарскую думку пры канструяванні эсэ: «Памогуць яго палкаму жаданню прынесцi свайму народу святло, зрабiць яго хаця крыху шчаслiвейшым»; «Але, называючы яго сярэдневяковым чалавекам, мы выпускаем з-пад увагi тую рысу, якая робiць яго чалавекам Адраджэння, чалавекам новага часу, нашым брáтам, — прагу да святла, нязгаснае iмкненне да доблесцi i ведаў». Канцэпт святло ўваходзіць у антанімічную парадыгму (цемра, змрок), дзякуючы чаму пісьменнік будуе тэксты на частотным выкарыстанні антытэз. Менавіта цяжкасць пераходу ад змроку да святла, змаганне за яго з цемрашальствам складаюць, паводле У. Караткевіча, сутнасць подзвігу Ф. Скарыны.

Як адзначае Вольга Шынкарэнка, «у кожным з гэтых эсэ ў якасці асноўных крытэрыяў сутнасці і грамадзянскай пазіцыі героя-дзеяча пісьменнік вылучае разам з талентам непарыўную сувязь з народам, адданасць яму». Таму важная характарыстыка вобраза Ф. Скарыны — не толькі яго ўласнае імкненне да святла, але і жаданне прынесці асвету свайму народу: «I, магчыма, яшчэ ў той час зараджаецца ў душы юнака думка пра кнiгу адносна танную, даступную, кнiгу, якую мог бы трымаць у руках кожны i разумець — кожны. Кнiгу на роднай мове»; «I таму, — i гэта галоўнае, — ён iмкнецца не толькi cам iсцi да зор, але, як Чалавек Новага, i “брацiю сваю” цягнуць да iх». У першым сказе аўтар праз мадальны модус (магчыма) зноў актывізуе патэнцыйнага чытача, у другім сказе гэтую ж ролю выконваюць вобразныя сродкі, графічнае вылучэнне, устарэлая лексема. «Шлях да зор» звязвае вобраз Ф. Скарыны з асобнымі макраструктурамі эсэ «Твой зорны час» і з «Зорнымі часамі чалавецтва» С. Цвейга, у выніку ствараецца своеасаблівы часавы палілог, у якім прысутнічае мінулае, сучаснасць і будучыня. Гэтаму садзейнічае, без сумнення, і паглыбленая інтэртэкстуальнасць эсэ, у якіх, у прыватнасці, выкарыстана больш за 40 прэцэдэнтных імёнаў ад Пталемея да Лютэра і Каралёва.

У сваім стылі

Знакаміты пісьменнік-публіцыст не абыходзіцца, зразумела, без дакументальнага складніка, але выкарыстанне факталогіі з жыцця і дзейнасці Ф. Скарыны арганічна ўключаецца ў структуру тэкстаў з дапамогай стылістычных сродкаў, у прыватнасці парцэляцыі: «Пачынаецца шлях. На ўсё жыццё. Упарты, настойлiвы. Вечны паход, вечная вайна за веды i культуру. Па гразкiх дарогах радзiмы, па дарогах чужых краiн. Пад дажджом, пад пякучым сонцам, пад навальнiцамi i снегам. Праз непрыхiльнасць, недавер, жорсткасць, падазрэннi. Нават праз смерць». Кожны сказ прапанаванага фрагмента — «порцыя»частка пісьменніцкай характарыстыкі публіцыстычнага вобраза: перакананасць першадрукара ў важнасці сваёй працы і яго імкненне, насуперак усім перашкодам, ажыццявіць задуму. Караткевіч таленавіта праз бяззлучнікавае спалучэнне аднародных членаў сказа, праз паўторы азначэнняў-эпітэтаў (вечны паход, вечная вайна), праз вербальную (дарогах радзiмы, дарогах чужых краiн) і кантэкстуальную (супраць і прыродныя, і чалавечыя фактары) антытэзы далучае чытача да ўсведамлення ўсёй складанасці Скарынавага шляху. Тэкст аднаго эсэ з неабходнымі для разгортвання вобраза датамі складаецца з анафарычных макраструктур: «1504 год. Юнак у Кракаўскім універсітэце Ягелонаў»; «5 лістапада 1512 года. Падуя. Храм святога Урбана»; «Дык вось. Прага. 1517 год». У другім эсэ такія ж анафарычныя канструкцыі вынікуюць аўтарскае (і чытацкае) перакананне ў тым, што праца Ф. Скарыны не была марнай:

«Але нiхто не пасмяецца з нашай працы, з узроўню нашага мастацтва (вось у чым яго неўмiручая сiла!). I нiхто не пасмяецца з нашых намаганняў у нашай цяжкай, крывавай, часта трагiчнай сечы за будучыню чалавека. З нашай бiтвы, у якую аднымi з першых уступiлi яны... мы... дзецi нашы. Бiтвы, дзе адным з застрэльшчыкаў быў Францыск Скарына.

 Нiхто не пасмяецца з таго, што яны i мы — у меру сiлаў сваiх — рассунулi Сусвет, спазналi частку iсцiны. Нiхто не пасмяецца са Скарыны i з яго дзяцей, з iхняй думкi, што дала Польшчы — Мiцкевiча, Русi — Сiмяона Полацкага i Дастаеўскага, сабе — Багдановiча, Купалу, Коласа i iншых, “iмёны ж iх ты, Госпадзi, вясi”».

***

«Заўсёды цяжка гаварыць аб тым, што любіш», — прызнаецца У. Караткевіч у адным эсэ. Уяўляецца, што гэты цяжар ператварыўся ў пісьменніка ў глыбока прадуманы, дакументальны і вобразнаэмацыйны, але мала дасягальны для поўнага даследавання слоўны партрэт Ф. Скарыны. У гэтым, верагодна, і выяўляецца Талент, творы якога існуюць у кантынууме незалежна ад аўтара, знаходзяць сабе новых суразмоўцаў і ўплываюць на іх як на людзей ХХІ стагоддзя, відаць, па-іншаму. Але галоўнае — святло, да якога імкнуўся Ф. Скарына і настойліва вёў да яго ачышчальнага агеньчыка праз кнігу сваіх сучаснікаў, — застаецца. У. Караткевіч увідавочніў немагчымасць для Скарыны патойбаковага жыцця — ён наш сучаснік, ён «у плеядзе тых, самых-самых першых, што зрабiлi лепшых дзяцей чалавецтва такiмi, якiя яны ёсць сёння i якiмi яны будуць давеку, пакуль ёсць пад небам Сусвету Чалавек».

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.