17 Жнівень, чацвер

Вы тут

Старадарожскі плодаагароднінны завод атрымаў «другое жыццё»


Наша газета часта расказвае пра справы на адным з флагманаў айчыннай індустрыі — Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Тут яшчэ ў снежні завяршылі сезон перапрацоўкі цукровых буракоў, зараз вядзецца рамонт тэхналагічнага абсталявання. Калектыў жыве цікавым, насычаным жыццём.


— Усё, што вы­раб­ляе «Ста­Дар», ёсць у кра­ме «Слуц­кі цу­кар», — за­пэў­ні­ла пра­да­вец Свят­ла­на Ер­ма­ліц­кая.

У адной з публікацый з акцыянернага таварыства мы расказвалі аб тым, што рашэннем Мінскага аблвыканкама камбінату перададзены Старадарожскі плодаагароднінны завод, які апынуўся на грані банкруцтва. Прайшоў час. І вось адна за адной пачалі паступаць прыемныя навіны. Спачатку старадарожцы прывезлі з 2-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу «Свет прадуктаў» залатыя медалі ў намінацыях «Якасць і натуральнасць» і «Народная дэгустацыя», дыплом за лепшае прасоўванне айчыннай прадукцыі. А потым узнагароды пасыпаліся як з рога дастатку: найвышэйшыя ацэнкі журы прэстыжнага конкурсу адразу пяці відам нектараў і варэння з клубніц і вішняў; сярэбраны медаль «ПРАДЭКСПА»; ганаровае званне «Лідар года 2015» за шырокі асартымент і высокую якасць сокаў, нектараў, павідла; нядаўняя перамога ў конкурсах «Прадукт года» і «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь 2016 года»...

І вось мы даведаліся, што новы медаль (залаты, за нектары з буякоў з мякаццю і з морквы з мякаццю), дыпломы і дзелавыя кантакты сталі вынікам знакамітай выстаўкі «Прадэкспа-2017», якая літаральна на мінулым тыдні прайшла ў Маскве. Што ж, пара збірацца ў Старыя Дарогі.

Мы сустрэліся з дырэктарам плодаагародніннага завода, што атрымаў «другое жыццё», Віталем Маркаўцом.

— Якім чынам «ляжачае» прадпрыемства набыло вытворчую моц і ператварылася ў нармальна функцыянуючы калектыў, Віталь Уладзіміравіч?

— Гэта адбылося не раптам, а перш за ўсё дзякуючы істотнаму ўкладу ў яго развіццё з боку кіраўніцтва Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. Мы сталі паўнавартасным унітарным прадпрыемствам камбіната, бо адразу пачалі выкарыстоўваць яго прадукцыю, вопыт яго тэхнолагаў і шматгадовыя напрацоўкі маркетолагаў. Першы час дырэктар галаўнога прадпрыемства Мікалай Паўлавіч Пруднік, старшыня назіральнага савета акцыянернага таварыства Восіп Іосіфавіч Дапіра, амаль усе галоўныя спецыялісты і многія спецыялісты са Слуцка бывалі тут пастаянна. Дапамога была аказана як фінансамі, што дазволіла ў кароткія тэрміны пагасіць значныя даўгі па крэдытах, — мы іх бралі пад рэканструкцыю, так і тэхналагічнай, арганізацыйнай, рынкавай дасведчанасцю работнікаў аддзелаў і службаў. Дзякуючы гэтаму мы змаглі наладзіць устойлівы выпуск высакаякаснай прадукцыі і яе рэалізацыю, заняць сваю нішу перш за ўсё на ўнутраным рынку, а потым паступова заявіць аб сабе і на знешнім.

Фундаментам для паспяховых тэхналогій стала, канешне ж, праведзеная карэнная рэканструкцыя завода, заснаванага яшчэ ў 60-я гады, — працягвае свой  аповед дырэктар. — Бо было закуплена і ўстаноўлена новае высокапрадукцыйнае абсталяванне, перш за ўсё балгарскія лініі па вытворчасці прадукцыі ў шклатары. Аўтаматызавалі цалкам увесь працэс — ад прыёмкі сыравіны, яе падрыхтоўкі і перапрацоўкі да атрымання канчатковага прадукту. Запрацавалі лініі па моркве (у нас ёсць пазіцыя «морква — гарбузы»), па агародніне, ягадныя лініі і так званай фруктовай групы. А ўсё гэта ў выніку — высакаякасныя сокі, у тым ліку з мякаццю, джэмы і іншая вітамінная прадукцыя.

Раней у нас не было варэння. Давялося асвойваць тэхналогію прыгатавання варэння з цэлымі ягадамі, а гэта даволі далікатны працэс. На той час сумесна з кіраўніцтвам цукроварафінаднага камбіната было прынята стратэгічна важнае рашэнне: завязаць усю нашу вытворчасць у асноўным на мясцовых відах сыравіны — нарыхтаванай у Старадарожскім ці суседніх раёнах, а не завазных. І без нас хапае вытворцаў прадукцыі з абрыкосаў ці ананасаў, мы клапоцімся пра беларускі прадукт і даём яму рады. Прасоўваць на рынках клубніцы ці парэчкі не менш пачэсна і эфектыўна па грашах.

За ра­бо­тай аў­та­кла­ва со­чыць апа­рат­чык Га­лі­на Амяль­чук.

Справа яшчэ і ў тым, што імпартная сыравіна схільная да хістанняў курсавых розніц валют, і працаваць па цане з ёю праблематычна. Грунтуючыся на беларускіх грашах, мы можам прагназаваць і ажыццяўляць закупачную і цэнавую палітыку нават на паўгода наперад. Такая наша цэнавая стабільнасць вельмі важная і для гандлёвых сетак, і для пакупніка.

Сезон нарыхтоўкі доўжыцца з чэрвеня па снежань. Пастаўшчыкамі з'яўляюцца мясцовае насельніцтва — праз арганізаваныя прыёмныя пункты, а таксама фермерскія гаспадаркі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — такія, як агракамбінат «Ждановічы», структуры «Белкаапсаюза». Нарыхтоўваем садовыя і дзікарослыя, лясныя ягады: клубніцы, чарніцы, суніцы, чорныя парэчкі, чарнаплодную рабіну, сліву, брусніцы, журавіны... Часткова перапрацоўваем у фруктовае і агародніннае пюрэ, у замарожаным выглядзе яно захоўваецца ў халадзільных камерах. Ягада выкарыстоўваецца для вырабу працёртых вітамінных далікатэсаў, варэння. З пюрэ таксама вырабляем нектары, сокі і морсы. А ў сакавіку пачынае ісці бярозавы сок, які мы фасуем у цэлафанавыя мяшкі, а затым пастаўляем яго і прадукцыю з яго спажыўцам, у тым ліку за мяжу. Дарэчы, на сок бярозавы, чарніцы, брусніцы, журавіны і прадукты іх перапрацоўкі ёсць сертыфікаты адпаведнасці еўрапейскім стандартам якасці.

Што датычыць далейшай асартыментнай палітыкі, то тут дыктуе свае ўмовы рынак. Нават калі б мы захацелі звузіць асартымент, які ўжо ўстаяўся, каб зменшыць вытворчыя выдаткі і мець менш клопату, то не атрымаецца, бо разумеем: стоячы на месцы, спынішся ў сваім развіцці. І пакупнікі не даюць засяродзіцца толькі на дасягнутым — паступаюць заказы на прадукцыю, якая спадабалася, нейкія пажаданні, да якіх мы стараемся прыслухоўвацца.

Менавіта ідучы насустрач запытам пакупніка, асвойвалі зусім нядаўна і новыя віды прадукцыі — напрыклад, варэнне без цукру. Яго можна замяніць сарбітам, канцэнтраваным яблычным сокам, а гэта таксама цукар, фруктоза. І што яшчэ важна — сучасныя тэхналогіі дазваляюць захаваць гатовы прадукт без кансервантаў — у прывычным іх разуменні. Бо існуюць пастэрызацыя і стэрылізацыя, а кансервантамі ў нас служаць той жа цукар, соль і некаторыя спецыі, калі размова ідзе пра соусную групу. Так што прадукцыя максімальна натуральная.

Такая наша пазіцыя зацікавіла спажыўцоў нават з далёкага замежжа, дзе пры вытворчасці харчовай прадукцыі шмат выкарыстоўваецца розных Е-дабавак, стабілізатараў і кансервантаў. Пасля нашага ўдзелу ў выставах пра вітамінную скарбонку з гандлёвай маркай «СтаДар» даведаліся, у прыватнасці, ізраільскія фірмы. Прыязджалі ад іх спецыялісты, знаёміліся з нашай вытворчасцю, праводзілі сертыфікацыю. Прышлі да высновы, што наша прадукцыя адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да кашэрнай. А гэта ўжо, згадзіцеся, вышэйшы пілатаж. Зараз разгортваецца супрацоўніцтва.

— Вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца аздараўленчаму харчаванню, — уступае ў размову намеснік начальніка аддзела збыту плодаагародніннай прадукцыі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Ала Шапавалава. — Хацела б выдзеліць якраз лінейку прадуктаў, прыгатаваных без цукру. Людзі, якія хварэюць на дыябет, удзячны старадарожскаму заводу. Калі не памыляюся, сок бярозавы без цукру быў упершыню распрацаваны менавіта тут. Ён разліваецца ў шкляныя слоічкі аб'ёмам як 0,73 літра, так і ў бутэлечкі 0,25. Зручна, калі патрэбна ўзяць з сабой у дарогу ці падсілкаваць дзіця. Выпускаем сок бярозава-яблычны без цукру, а сёлета асвоілі яблычны без цукру. Па імпартазамяшчэнні — сок гранатавы без цукру.

Кі­раў­нік прад­пры­ем­ства Ві­таль Мар­ка­вец з пры­зам «Крыш­таль­ны яб­лык» — уз­на­га­ро­дай, атры­ма­най на рэс­пуб­лі­кан­скім кон­кур­се.

Асобна варта сказаць пра лінейку агародніннай прадукцыі. Нектары агароднінныя, як гарбузова-маркоўны ў чыстым выглядзе, так і такія міксы, як морква-вішня, морква-клубніцы, морква-маліна, заваявалі свайго ўстойлівага спажыўца. Маючы незвычайны смакавы «букет» і расфасаваныя ў шкляныя бутэлечкі 0,25, яны разыходзяцца цудоўна. У тым ліку і праз Еўраопт. А што датычыцца маркоўна-яблычнага соку аб'ёмам 0,73, то гэта наш брэнд на працягу некалькіх гадоў.

Ёсць лінейка прадукцыі, якую мы жартам называем аптычнай за станоўчае ўздзеянне на вочы: нектар чарнічны, нектары з буякоў, з чорных парэчак і чарнаплоднай рабіны.

У мінулым годзе распрацавалі новую гандлёвую марку варэння пад назвай «Сёлета». Уклалі ў гэты праект шмат старання, таму верым у яго паспяховасць. Як і ўвогуле ў паспяховасць усяго, што старадарожцы робяць разам з цукроварафінадным камбінатам.

— Працуем і над павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці, — дадае дырэктар. — Магчыма, аб'ёмы растуць не так хутка, як нам хацелася б, але тэндэнцыя да росту ёсць, і яна адчувальная. Як на экспарт, так і для ўнутранага рынку. У нас свой рэгіён, пакупніцкая здольнасць насельніцтва служыць пэўным арыенцірам. Пастаўляем прадукцыю ў асноўным у суседнія раёны сваёй вобласці, хоць ёсць яна і на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, ды і фактычна ва ўсёй Беларусі.

Па экспарце ў нас шматвектарная палітыка, імкнёмся ахопліваць розныя напрамкі. Доля паставак у Расію складае каля 50 працэнтаў, ахоплены многія рэгіёны ўсходняй суседкі, нават Новасібірск і Уладзівасток. Скажам, у далёкай Чыце існуе сетка магазінаў «Чыцінка», дзе шырока прадстаўлена наша прадукцыя. Але асноўная маса вітамінных прысмакаў ідзе ў Санкт-Пецярбург і Маскву.

Нядаўна пробную партыю свайго варэння адправілі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Першы кантракт заключаны на неблагую суму грошай.

— Прадукцыя завода прадстаўлена ва ўсіх гандлёвых сетках краіны, — адказвае на пытанне пра партнёрства з гандлем Ала Шапавалава. — А таксама ў рознічным гандлі і спажывецкай кааперацыі. Супрацоўнічаем таксама з камбінатамі школьнага харчавання, санаторнымі ўстановамі, бальніцамі. Мы хацелі б, канешне, каб прадукцыя адроджанага прадпрыемства не проста прысутнічала ў гандлі, але была прыкметная, выстаўлена на першых пазіцыях, як яна таго заслугоўвае. Тады ад яе вачэй не адвесці. Вельмі задаволены сваім супрацоўніцтвам з такімі сеткамі, як «Карона», БІГЗ, «Марцін», — заўсёды з разуменнем адносяцца да нашых пажаданняў па расстаноўцы прадукцыі, своечасова пераводзяць грошы за рэалізаваны тавар.

Га­лоў­ны тэх­но­лаг Ак­са­на Це­леш прад­ста­ві­ла нам па­пу­ляр­ныя ся­род спа­жыў­цоў вы­ра­бы.

Прадпрыемства сертыфікавана па сістэме ІSО, і згодна з патрабаваннямі стандартаў наладжаны ўваходны кантроль за сыравінай (у тым ліку за ўтрыманнем шкодных рэчываў) і вядзецца кантроль якасці прадукцыі на ўсіх этапах вытворчасці. Адказна і прафесійна працуюць работнікі грунтоўна абсталяванай лабараторыі. На заводзе ўшчыльную прыступілі да ўкаранення ХАССП. А для еўрапейскага рынку атрымалі сертыфікат на біяпрадукцыю, пацверджаны адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.

На прадпрыемстве людзі ў асноўным працуюць мясцовыя, якія прайшлі навучанне і атрымалі належны досвед. Частка спецыялістаў прыязджаюць са Слуцка, наладжана дастаўка заводскім транспартам. Працуюць і выпускнікі Слуцкага каледжа харчовай прамысловасці. Хоць практыку праходзяць і студэнты іншых профільных навучальных устаноў, едуць нават з Магілёва, некаторыя потым застаюцца працаваць. Спецыялісты імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю, якраз у гэтыя дні двое з іх абаранілі дыпломы пасля заканчэння інстытута і магістратуры.

Калектыў стараецца. Калі паспрабаваць назваць лепшых, то спіс атрымаецца вялікім. Назавём у першую чаргу тых, каго прадставілі на раённую Дошку гонару: варшчыка 5-га разраду Таццяну Анатолеўну Жукавец, вядучага інжынера-механіка Генадзя Юльянавіча Бахановіча.

У калектыве бачаць перспектывы для далейшага росту. Тут узялі кірунак на ўпакоўку толькі ў шкляных бутэльках і слоічках розных памераў. Бо лічаць, што толькі шкло здольнае захаваць спажыўныя якасці далікатнай вітаміннай прадукцыі — на працягу да двух гадоў нават без выкарыстання любых кансервантаў. Спадзяюцца, што пастаўшчык шкляной тары перажыве складаныя для сябе часы і будзе забяспечваць завод тарай у поўным аб'ёме, каб не завозіць з-за мяжы. І з дапамогай дзяржавы вырашыцца пытанне збору зваротнай шклатары, як гэта змаглі зрабіць суседзі ў Прыбалтыцы.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

УНП 600075003

Загаловак у газеце: Дары ад «СтаДара» — для ЗША і Ізраіля

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Руху WоrldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд

Руху WоrldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд

У кастрычніку ў Абу-Дабі (ААЭ) пройдзе 44-ы чэмпіянат WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl, у якім возьмуць удзел і беларусы. 

Грамадства

Як байцы з трох краін узводзяць новую спартыўную арэну

Як байцы з трох краін узводзяць новую спартыўную арэну

Сярод усіх маладзёжных будоўляў гэтага лета мінская гарадская — асаблівая. 

Калейдаскоп

Дзмітрый Літвіновіч: СhеrrуVаtа «абнулілася» і пачала новае жыццё

Дзмітрый Літвіновіч: СhеrrуVаtа «абнулілася» і пачала новае жыццё

Наколькі цяжка пачынаць прамаўляць уголас пасля доўгага маўчання, ці змяніліся ўмовы гульні на музычным рынку і ці прынялі хіпстары памкненні эксперыментатараў старога пакалення.

Грамадства

Унікальны заплыў «на чым папала» прайшоў на Аўгустоўскім канале

Унікальны заплыў «на чым папала» прайшоў на Аўгустоўскім канале

Гэта відовішча ўжо трэці год запар здзіўляе сваім нестандартным падыходам.