24 Верасень, панядзелак

Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі альтэрнатыўную энергетыку


У тым ліку і ў нас.

Калі заходзіць размова пра альтэрнатыўную энергетыку ў нашай краіне, прынята разводзіць рукамі. Маўляў, яшчэ не час, няма перспектыў, не дараслі. Але калі падысці да пытання аб'ектыўна, то сітуацыя выглядае зусім па-іншаму. Так, па некаторых ацэнках, патэнцыял развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў нашай краіне складае каля 80 мільёнаў тон умоўнага паліва ў год. Гэтая лічба перавышае агульны аб'ём спажывання энергарэсурсаў у краіне.


На днях у Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол, прысвечаны развіццю альтэрнатыўнай энергетыкі. Большасць экспертаў станоўча ацэньвалі магчымасці нашай дзяржавы ў гэтым плане. Напрыклад, патэнцыяльная эфектыўнасць выкарыстання сонечных батарэй на нашай тэрыторыі на 10% вышэй, чым у Польшчы і Нідэрландах, і на 17% вышэй, чым у Германіі, Бельгіі, Даніі, Ірландыі, Вялікабрытаніі!

Магчымасці для бізнесу

— Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі сёння з'яўляецца адным з найважнейшых прыярытэтаў экалагічнай і энергетычнай бяспекі краіны, — лічыць Таццяна КАНАНЧУК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. — Што да экалагічнай бяспекі, то ў Рэспубліцы Беларусь зацверджаны нацыянальны план дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай эканомікі», дзе адным з прыярытэтаў таксама з'яўляецца ўдасканаленне і развіццё аднаўляльных крыніц энергіі. Даследаванні ўжо сёння даказалі, што дзяржава валодае сыравіннай базай, прыродным патэнцыялам для развіцця ўсіх відаў альтэрнатыўнай энергетыкі. Гэта энергія сонца, ветру, біягазу, біямасы, водных патокаў. Цяпер вылучаюць новы від альтэрнатыўнай энергіі — геатэрмальная энергія.

Парламентарый канстатавала, што развіццё аднаўляльнай энергетыкі шчыльна звязана з развіццём эканомікі. Гэта можа даць стымул для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, якія вырабляюць устаноўкі для аднаўляльных крыніц энергіі.

— Калі, напрыклад, узяць устаноўкі біягазу, то Беларусь валодае буйнымі жывёлагадоўчымі комплексамі, — звяртае ўвагу дэпутат. — Колькі б мы ні казалі, маўляў, вельмі доўгая акупнасць у гэтых праектаў, гэта вельмі дорага... Трэба па-іншаму ставіць пытанне: наколькі дорага абыходзяцца тыя прыродаахоўныя мерапрыемствы, якія неабходна будзе задзейнічаць? Неабходна, каб навуковая супольнасць прапанавала: якія інавацыі, якія новыя тэхналогіі і правілы неабходна ў гэтай галіне развіваць.

...І экспартаарыентаванай эканомікі

— Падпісана і ўступіла ў сілу Парыжскае пагадненне, — звяртае ўвагу Сяргей ЗАЎЯЛАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Сёння на ўсіх узроўнях кажуць пра тое, што змяненне клімату ўплывае на ўсе сферы нашага жыцця. Па ацэнках Міжнароднага энергетычнага агенцтва, спажыванне энергіі ў свеце будзе ўзрастаць да 2050 года, але цалкам зразумела, што развівацца тымі ж тэмпамі і ў тым жа кірунку тэхналагічна энергетыка не можа. Роля аднаўляльных крыніц энергіі будзе ўзрастаць.

Прадстаўнік Мінпрыроды звярнуў увагу, што энергію сонца, ветру, вады, а таксама біямасы і біягазу сёння паспяхова выкарыстоўваюць больш за 700 установак у Беларусі.

— Неабходна разумець, што сёння энергетыка — галоўны ўкладчык у забруджванне паветра і галоўны пастаўшчык парніковых газаў у навакольнае асяроддзе. Таму тая мэта, якая пастаўлена ў канцэпцыі энергетычнай бяспекі краіны: 6% аднаўляльнай энергіі да 2020 года, — павінна быць выканана, — адзначыў Сяргей Заўялаў.

Андрэй РЫБАК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, таксама лічыць, што праектам па выпрацоўцы энергіі з альтэрнатыўных крыніц у свеце надаецца вельмі вялікая ўвага.

Сёння выпрацоўка энергіі з аднаўляльных крыніц каштуе даражэй, чым у традыцыйнай энергетыцы. Аднак інвестыцыі, якія ва ўсім свеце ўкладваюцца ў гэтыя праекты, кажуць пра тое, што кошт энергіі з альтэрнатыўных крыніц будзе зніжацца. Калі ў 2004 годзе ў свеце ў праекты аднаўляльнай энергетыкі інвеставалася каля 60—70 мільярдаў долараў, то сёння гэтая лічба складае каля 300—350 млрд. Безумоўна, гэта вядзе да развіцця тэхналогій, да патаннення кошту гэтых крыніц.

— Пры гэтым, з пункту гледжання развіцця тэхналогій, гэта неблагі патэнцыял для экспарту ў нашай краіне. З улікам узроўню развіцця нашай навукі, прадпрыемстваў машынабудавання, мы маглі б у сябе распрацоўваць гэтыя тэхналогіі, рабіць рухавікі, устаноўкі і экспартаваць іх.

Чысцейшыя, чым Еўропа?

Уладзімір НІСЦЮК, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі аднаўляльнай энергетыкі ў нашай краіне, выказаўся за больш актыўнае выкарыстанне крыніц «чыстай энергіі».

— Калі кажуць пра тое, што пытанне экалогіі можна вырашыць за кошт абсталявання веласіпедных дарожак, укаранення электрычнага транспарту, то ў нейкай меры гэта праўда. Але самая вялікая праўда ў тым, што лепш за ўсё пазбаўляцца ад шкодных выкідаў укараненнем чыстых крыніц энергіі. Напрыклад, адзін ветраагрэгат магутнасцю адзін мегават за год дазваляе прадухіліць 1800 тон шкодных выкідаў. Гэта вельмі істотна. Сёння Кітай з'яўляецца сусветным лідарам па аднаўляльнай электраэнергетыцы. На другім месцы — Злучаныя Штаты. Нават Еўропа трошкі адстала... У Беларусі гэты працэс толькі набірае сілу.

Вадзім ЗАКРЭЎСКІ, намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь, каментуючы выказванне, што пазіцыі Мінэнерга і Мінпрыроды не зусім супадаюць у тым, што датычыцца экалогіі, адзначыў: абодва ведамствы кіруюцца Канцэпцыяй энергетычнай бяспекі, якая прынята ў краіне. Па яго словах, што б ні казалі, але ўзровень аховы прыроды ў Беларусі нашмат вышэйшы, чым у заходніх суседзяў. Уся справа ў крыніцах энергіі.

— Уся Еўропа «працуе» на вугалі і на атаме, — сказаў ён. — Усе хатнія гаспадаркі ацяпляюцца вугалем, станцыі на ім працуюць. Гэта вельмі дрэнна з пункту гледжання экалогіі. Я ўсім кажу: Цэнтральнай Еўропе — як да Месяца да экалогіі. У якасці асноўнай крыніцы энергіі ў нашай краіне на 95% выкарыстоўваецца прыродны газ. Калі праводзіць градацыю па чысціні, то самы чысты від энергіі — аднаўляльная. Пасля ідзе атамная станцыя, пасля — газ. Потым ужо вугаль, мазут — усё, чым ацяпляецца Еўропа. Таму ў іх і ёсць задачы па альтэрнатыўнай энергіі, каб усё гэта кампенсаваць. Ніколі ў жыцці яны па ўзроўні экалогіі не падбяруцца да нас.

Міхаіл МАЛАШАНКА, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, упэўнены: усе вядучыя міжнародныя аналітычныя агенцтвы кажуць, што век вуглевадароднай энергетыкі скончыўся.

— Энергетыка ХХІ стагоддзя будзе базіравацца на трох сцэнарыях: аднаўляльная энергетыка, атамная энергетыка і тэхналогіі па назапашванні і захоўванні электрычнай энергіі. Развіццё і далейшае павелічэнне магутнасці ўстановак, якія выкарыстоўваюць выкапнёвую вуглевадародную сыравіну, застануцца ў мінулым, — заявіў выступоўца.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: За аднаўляльнай энергіяй будучыня

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.