21 Верасень, пятніца

Вы тут

У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Сустрэчы з родным і блізкім»


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга, прысвечаная адрасам нашых землякоў у Расіі, — «Сустрэчы з родным і блізкім».

Пад адной вокладкай сабраны матэрыялы, якія расказваюць пра лёсы нашых суайчыннікаў у розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, пра адрасы ўшанавання іх памяці, помнікі і мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя вучоным, пісьменнікам, вайскоўцам, якія нарадзіліся ў Беларусі і жылі, працавалі ў Расіі. Асобныя старонкі — пра расіян, іх руплівасць ва ўсталяванні літаратурных, культурных сувязяў з Беларуссю, беларусамі.


Кніга пазнаёміць чытача з адрасамі беларускай літаратуры ў Маскве (пра гэта пішуць Адам Мальдзіс і Алесь Карлюкевіч), Аляксандрам Пальмбахам, які стварыў тувінскі буквар (пра гэта піша лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч), сябрамі Беларусі з кагорты пісьменнікаў Удмурціі, Татарстана, Рэспублікі Калмыкія і іншых куточкаў Расіі.

У прадмове да кнігі «Шлях да Беларусі» старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч заўважае: «Мяркую, што выданне падштурхне да падобнага кшталту даследчыцкай, гісторыка-краязнаўчай работы і саміх прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расіі. Яны ж ведаюць на месцах — у Татарстане, Башкартастане, Якуціі, ва Уладзівастоку і Хабараўску, іншых мясцінах бяскрайняй Расіі — хто з беларусаў, у які час засведчыў сябе ў прамысловасці і ў навуцы, у адукацыі і культуры таго ці іншага рэгіёна. І пра такіх нашых суродзічаў трэба найперш расказваць. Ужо нават дзеля таго, каб паказаць, якія годныя, вартыя сваёй Айчыны нашы землякі. Выдатна, што беларускія міністэрствы замежных спраў і інфармацыі падтрымалі праект па пашырэнні ведаў пра беларуска-расійскія лёсы нашых землякоў. Веру, што ў гэтай кнігі будзе працяг!» І далей: «Не магу некалькі слоў не сказаць пра тое, што ў сваёй заўсёднай рабоце «Выдавецкі дом «Звязда» грунтоўна ўмацоўвае беларуска-расійскія гуманітарныя сувязі. Як прыклад — і выданне кніг-альманахаў з аднолькавай, серыйнай назвай «Сугучча». Пад вокладкай гэтых зборнікаў былі прадстаўлены лепшыя пісьменніцкія сілы Расіі. У «Звяздзе» як сумесны праект з Асамблеяй народаў Расіі заснавана серыя кніг «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Выйшаў першы зборнік вершаў — «Ранішні вецер у акне» народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. А ў серыі «Сяброўства без межаў» пабачыла свет кніга для дзяцей народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна. «Звязда» выдала кнігі расійскіх пісьменнікаў Яўгенія Еўтушэнкі, Валянціна Распуціна, Аляксандра Чарняка, Валерыя Казакова, Любові Турбіной, Алеся Кажадуба, Барыса Косціна. Па сённяшнім часе такая руплівасць, такая ўвага да брацкай Расіі, яе культуры і літаратуры дарагога вартая».

Серыя, у якой пабачыла свет кніга «Сустрэчы з родным і блізкім», носіць назву «Адрасы Беларусі ў свеце». Спадзяёмся, што гэты кнігавыдавецкі праект пазнаёміць нас з беларускімі адрасамі і ў Польшчы, Украіне, Казахстане ды іншых старонках свету.

Кастусь Лешніца

Загаловак у газеце: Па шляхах суайчыннікаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!