Вы тут

Дар'я Домрачава вярнулася на спартыўны Алімп


Балельшчыкі, журналісты і трэнеры з трывогай чакалі пачатку сёлетняга чэмпіянату свету па біятлоне. Мы заўсёды спадзяёмся на добрае выступленне ўсёй беларускай зборнай, але перад стартам планетарнага першынства ў Хохфільцэне ў спартыўных колах лунала дадатковае пытанне: ці зможа прыма айчыннага біятлона вярнуцца на п'едэстал?


Адказу ад Дар'і доўга чакаць не прыйшлося. У гонцы пераследу адставанне ад лідара — чэшкі Габрыэлы Коукалавай складала практычна паўтары хвіліны, аднак аказалася, гэта не перашкода для нашай Дашы. Бліскуча прайшоўшы ўсе агнявыя рубяжы, на дыстанцыі беларуска праявіла былую моц і ў літаральным сэнсе ўварвалася на п'едэстал. Прайграўшы пераможцы ўсяго 11,6 секунды, Дар'я заваявала сярэбраны медаль чэмпіянату і прадэманстравала самы ўражальны ўзлёт у пасьюце на чэмпіянатах свету за апошнія 17 гадоў.

З высокім дасягненнем спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Мы ўсе з нецярпеннем чакалі твайго вяртання на біятлонны Алімп, і ты апраўдала надзеі мільёнаў сваіх прыхільнікаў па ўсім свеце, прадэманстраваўшы яркае выступленне на трасе Хохфільцэна. Гэта вельмі важная перамога не толькі для цябе самой, але і для ўсяго беларускага спорту. Твае дасягненні — цудоўны прыклад спалучэння актыўнай жыццёвай пазіцыі з выдатнымі спартыўнымі вынікамі», — гаворыцца ў віншаванні.

Адзначым, што трохразовая алімпійская чэмпіёнка вярнулася ў эліту сусветнага біятлона пасля нараджэння дачкі Ксеніі, якая з'явілася на свет усяго чатыры месяцы таму.

— Перад стартам не думала пра медаль. Мне хацелася толькі выправіць памылкі, дапушчаныя ў спрынце (там Домрачава была толькі 27-й). Пасля той гонкі хацелася пайсці ў лес і гучна пакрычаць, каб вызваліць эмоцыі, — расказала Дар'я пасля фінішу ў пасьюце. — Вельмі шчаслівая, што адстралялася без памылак. У біятлоне складана і ўдала страляць, і хутка бегчы. Часам я лепш бягу, часам страляю. Мой сярэбраны медаль — спалучэнне абодвух гэтых кампанентаў. Часта чула ад журналістаў: давай вяртайся! Сёння я гэта зрабіла, — адзначыла Домрачава.

Таксама Дар'я падкрэсліла, што шмат у чым ёй дапамог славуты муж, біятланіст Уле Эйнар Б'ёрндален.

— Ён аказвае мне выдатную падтрымку. Муж паказаў мне іншы падыход да трэніровак. Кожны можа пазайздросціць яго арганізаванасці і здольнасці паспяваць рабіць шмат рэчаў і з усім спраўляцца. Ён выдатны спартсмен з велізарным вопытам. Я магу сказаць, што некаторыя карысныя парады мне вельмі дапамаглі ў патрэбны момант, — расказала біятланістка і дадала, што маленькая дачка зусім не перашкода для яе падрыхтоўкі. — Яна знаходзіцца тут са мной, пра Ксенію клапоціцца нянька. Акрамя таго, хутка сюды прыедзе мая мама. Дачка ў мяне добрая дзяўчынка і дае мне высыпацца, я толькі некалькі разоў прачыналася, каб яна магла перакусіць, але гэта нармальна.

Адзначым, што ў сям'і Домрачавай і Б'ёрндалена ў нядзелю з'явілася адразу дзве ўзнагароды. Нарвежац таксама падняўся на п'едэстал у мужчынскай гонцы пераследу, заваяваўшы бронзавую ўзнагароду.

— Сённяшні дзень прынёс палёгку ўсёй сям'і. Было выдатна назіраць фініш Дар'і, трымаючы Ксенію на каленях. Дар'я — незалежная і неймаверна моцная асоба. Нам абодвум падабаецца спасцігаць нешта новае, але мы прыслухоўваемся адно да аднаго, — адзначыў Б'ёрндален.

Нагадаем, сярэбраны медаль Домрачавай з'яўляецца пакуль адзінай узнагародай у скарбонцы беларускай зборнай. Спаборніцкая праграма чэмпіянату свету працягнецца заўтра, 15 лютага, індывідуальнай гонкай у жанчын.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новая вышыня

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.