Вы тут

Князь Валадар (? — 1216)


Больш як два стагоддзі нашы продкі змагаліся з крыжакамі. Разам з беларусамі ў гэтай барацьбе ўдзельнічалі літоўцы, рускія, палякі, украінцы, латышы, эстонцы. Гэта было супрацьстаянне Захаду і Усходу. За крыжацкімі ордэнамі мечаносцаў і тэўтонцаў стаялі сілы ўсёй Заходняй Еўропы. Які лёс чакаў бы нашых продкаў, каб не перамаглі яны ў гэтай вайне?


«Вялікі кароль Вальдэмар» — так назваў полацкага князя ордэнскі храніст Генрых Латвійскі. Толькі з яго «Хронікі Лівоніі» мы можам даведацца пра Валадара. Паводле хронікі, Валадар ужо ў 1186 годзе быў полацкім князем і правіў аж да 1216 года. Такім чынам, Валадар пракняжыў у Полацку трыццаць гадоў, што пасля славутага Усяслава Брачыславіча не ўдавалася ніводнаму князю. Ён дамогся аб'яднання ўсіх полацкіх удзельных князёў і не дапусціў міжусобнай вайны. Моц Полацкага княства выявілася ў 1195 годзе, калі палачане вызвалілі Віцебск ад улады Смаленскага княства, якое на той час лічылася адным з наймацнейшых на Русі. У 1201 годзе, калі літоўскія князі выправіліся ў рабаўніцкі паход на падуладныя Полацку землі, Валадар увёў сваё войска ў Літву і прымусіў літвінаў адмовіцца ад паходу. Відаць, не выпадкова Валадар названы «вялікім каралём», нават крыжакі прызнавалі яго моц. Так яно і было. З'явіўшыся ў Лівоніі, крыжакі прасілі ў Валадара дазволу хрысціць падуладных яму ліваў. Полацк валодаў землямі да берагоў Балтыйскага мора, а плямёны, што жылі на іх, — лівы, селы, лэты, латгалы — плацілі даніну полацкаму князю. Каб заваяваць Лівонію, нямецкім феадалам трэба было перш за ўсё ваяваць з Полацкам. Таму крыжакі пагадзіліся плаціць Полацку даніну за падуладныя яму плямёны. Уладзімір не разгадаў гэтага палітычнага манеўру і згадзіўся з крыжацкай прапановай. Крыжакі выйгралі час і пачалі будаваць замкі, умацоўвацца, стварылі свой ордэн. А як неслі яны слова Божае, піша хроніка: «І залілі крывёю паганцаў усе дарогі і месцы»; «спустошылі і аддалі агню ўсе весі, а мужчын, якіх захапілі, усіх спалілі жывымі». Занадта позна зразумеў сваю памылку Валадар. Ордэн паспеў трывала ўсталявацца ў Лівоніі. У вусці Дзвіны была пабудавана крэпасць Рыга, якая закрыла выхад полацкім купцам у Балтыйскае мора. У 1203 годзе Валадар здзейсніў паход у Лівонію. Але крыжакі, схаваўшыся за мураваныя сцены замкаў, адбіліся. Рыжскі біскуп Альберт прызнае Валадара ўладаром Лівоніі і працягвае плаціць яму даніну, адначасова ён агнём і мячом «хрысціць» ліваў. Так доўга не магло працягвацца. Да Валадара ў 1206 годзе прыбыло ліўскае пасольства і папрасіла яго заступіцца. І гэты паход не прынёс палачанам перамогі. Крыжакі зноў абараніліся ў сваіх замках. Адчуўшы сваю сілу, Ордэн ад тактыкі ўступак Полацку пераходзіць у наступленне. Крыжакі захапілі Кукейнос і Герцыке. Альберт адмовіўся плаціць даніну. Угневаны Валадар пагражаў спаліць усе крыжацкія замкі ў Лівоніі і прагнаць крыжакоў, але перавага ўжо была на іх баку.

Народы, якія змагаліся супраць крыжакоў, бачылі ў Полацку свайго саюзніка. У 1216 годзе эсты звярнуліся да Валадара з просьбай, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць за Рыгу. Эсты абяцалі падняць на вайну з Ордэнам паняволеныя народы. Гэта быў час, якога цярпліва чакаў Валадар, і ён пачаў збіраць войскі з Полацкай зямлі і суседняй Літвы. Калі ўсё было гатова для паходу, Уладзімір, які ўзначаліў войска, узышоўшы на карабель, раптам паваліўся і памёр. А без правадыра паход не адбыўся. Такая заўчасная смерць Валадара наводзіць на думку, што яго атруцілі ордэнскія шпегі.

Валадар — апошні полацкі князь, пра якога нешта дакладнае вядома, хоць па-ранейшаму ягоная постаць застаецца загадкавай. Нічога новага гісторыкі пра яго не могуць дадаць. І тут на дапамогу прыходзяць літаратары і мастакі. Яны вольныя выкарыстоўваць гістарычныя звесткі суадносна са сваімі творчымі задумамі. Як не нагадаць цудоўны раман Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі», у якім якраз і ўваскрашаюцца расказаныя намі падзеі. Захапляльны прыгодніцкі сюжэт забяспечыў раману чытацкі поспех. Героі мінулага ажылі ў нашым уяўленні, зрабіліся больш блізкімі і зразумелымі нам. Так гісторыя ўваходзіць у сённяшняе, варта толькі ўбачыць яе.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».