Вы тут

Для шчасця неабавязкова мець рукі і ногі


Як прага кахання зрабіла сапраўдны цуд

34-гадовы аршанец Аляксей Талай, не зважаючы на адсутнасць ног і рук, шчаслівы чалавек. Ён — бацька траіх дзяцей. Больш за тое — паспяховы прадпрымальнік. Ён выступае з матывацыйнымі лекцыямі ў нашай краіне і за мяжой. Часта яго можна ўбачыць у папулярных тэлевізійных шоу. Выступленне Аляксея ў праграме Андрэя Малахава «Няхай гавораць» выклікала фурор: яго сустракалі стоячы і апладысментамі. Як і яго жонку, сваякоў, сяброў...


«Рэха вайны» змяніла жыццё

Яго нярэдка блытаюць з аўстралійцам Нікаласам Вуйчычам. Дарэчы, яны — равеснікі. Размовы, перапіска з Аляксеем не раз натхнялі іншых людзей. У яго нямала лістоў і электронных паведамленняў са словамі падзякі. У тым ліку і ад тых, хто хацеў скончыць жыццё самагубствам. Ён не ўтойвае, што часам і сам задумваўся, а ці варта жыць у такім становішчы. Такія думкі ўзнікалі пасля таго, як у 16 гадоў падарваўся на міне. Трагедыя адбылася ў вёсцы, дзе жыве яго дзядуля, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета дзядулі, у гонар якога назвалі Лёшу, споўніцца 90!

Жудаснае супадзенне: здарылася бяда 8 мая — напярэдадні Свята Перамогі. Толькі праз гады гэтую дату ён пачаў называць Другім днём нараджэння.

— А літаральна за тыдзень да гэтага ўпершыню прагуляўся з дзяўчынай. Як вам гэта растлумачыць? Я быў натхнёны, унутры бурліла. Хацелася кахаць, здзяйсняць прыгожыя ўчынкі, — успамінае суразмоўца.

Ён да таго выбуху паспяхова займаўся спортам. У тым ліку вельмі паспяхова — каратэ. Было шмат планаў у спорце і жыцці. Але...

У мінскім ваенным шпіталі яму цалкам ампутавалі ногі, правую руку, ад левай засталася кукса. Спачатку думаў, што гэта ўсё проста жудасны сон. Спадзяваўся, што прачнецца — зноў убачыць сябе здаровым. Некалькі месяцаў «спрабаваў прачнуцца».

Воіны-інтэрнацыяналісты ў шпіталі маральна падтрымалі юнака. Адзін з іх таксама прайшоў праз ампутацыі... Аляксей пачынаў разумець, што і без ног, рук можна жыць. Ён шчыра ўдзячны медыкам і псіхолагам. Яны навучылі сваякоў правільна да яго ставіцца. Не шкадаваць, не «сюсюкацца», як з малым дзіцем.

Пратэзы Аляксею насіць нязручна. Таму ў горадзе і іншых мясцінах яго можна сустрэць у калясцы.

Пачынаў бізнес з... маршруткі

З Аляксеем пазнаёміліся перад адкрыццём клубнага дома «Крылы надзеі» на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Віцебска. Ён, як кіраўнік дабрачыннага фонду «Павер у сябе», паабяцаў падтрымку клубу. Яму таксама калісьці ахвяравалі грошы добрыя людзі і сацыяльна адказныя фірмы. Менавіта дабрачынная дапамога стала стартавым капіталам для адкрыцця сваёй справы.

— Перспектыва жыць на пенсію па інваліднасці і стаць абузай для сваякоў мяне не вабіла. У мяне цудоўныя бацькі, брат, маладзейшы за мяне на 3 гады, дзядуля і бабуля. Яны б кармілі і апраналі, і побыт наладзілі. Але я хацеў мець уласную сям'ю і дзяцей, — працягвае Аляксей.

Калі яму было гадоў 19, ён усур'ёз задумаў заняцца бізнесам. Грошы для стартавага капіталу вырашыў патраціць з дабрачыннага рахунку, які быў адкрыты на яго імя. Там назапасіліся пералічэнні за некалькі гадоў.

Сам наведваў кабінеты чыноўнікаў, каб аформіць паперы, гутарыў з адказнымі асобамі. Не ўтойвае, што не заўсёды, мякка кажучы, знаходзіў паразуменне. Некаторыя каля скроні круцілі пальцам: які бізнес?

— «Хай дома плача і сумуе!» — чуў. Маўляў, чаго ходзіць па кабінетах, калі ёсць сваякі? Мяне гэта злавала, але і падзадорвала, — расказвае прадпрымальнік.

Першы бізнес — маршрутка. Каб набыць аўто, ездзіў з сябрам Аляксандрам Скарбавым і яго татам у Германію. Каб сэканоміць на гатэлі, спалі ў машыне. Так былі занятыя на чужыне, што Аляксей забыўся пра свой дзень нараджэння.

— Прачнуліся ў салоне. Саша пытае: які сёння дзень? 22 студзеня? Ваў, ты ж сёння імяніннік! — усміхаецца суразмоўца.

Аляксей старанна вывучыў заканадаўства, якое тычыцца бізнесу. Дапамагалі маці — былы галоўны бухгалтар — і малодшы брат Артур. Мабыць, Бог усё так наладзіў, каб малады чалавек, пасля перанесеных выпрабаванняў, меў магчымасць рэалізавацца ў жыцці.

Аляксей Талай лічыць, што вялікіх праблем для адкрыцця сваёй справы ў Беларусі няма. Ён гандляваў адзеннем на рынку, у тым ліку і «сэканд хэндам». Потым пабудаваў будынак у Оршы, каб памяшканні здаваць у арэнду. Пры гэтым сам кантраляваў усё: ад закупкі будаўнічых матэрыялаў у Віцебску да работы на аб'екце.

— Мой двухпавярховы будынак размешчаны ў цэнтры горада, каля музея і рэдакцыі газеты. Прапаноўвалі адкрыць там рэстаран і піўбар — не пагадзіўся. Я за здаровы лад жыцця. Дапамагаю сябрам у рабоце магазіна спартыўных тавараў. Мае партнёры, уладары крамы «ВелаДрайв» Аляксандр і Арцём, аказваюць дабрачынную дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі: бясплатна рамантуюць каляскі для іх, — расказвае прадпрымальнік.

Спадар Талай — член асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў. Лічыць, што стасункі з бізнесменамі вельмі карысныя: ёсць магчымасць вывучаць перадавы вопыт. Сам ахвотна кансультуе пачаткоўцаў.

Дадатковы заробак — матывацыйныя выступленні ў розных краінах. Цёпла яго прымалі і ў ЗША. Наведаў каля 30 штатаў: ад Каліфорніі да Вашынгтона. Шмат з кім пазнаёміўся. У прыватнасці, з прадстаўнікамі партый, Цэнтральнай гандлёвай палаты штата Вашынгтон. Збіраецца зноў наведаць гэтую краіну, каб сустрэцца з тымі, хто яго ведае, і наладзіць новыя сувязі.

Прызнаўся, што піша кнігу. Хацеў бы зняцца ў кіно: у ролі цяжкапараненага салдата. Рыхтуецца стаць параалімпійцам у якасці плыўца.

Аляк­сей з жон­кай.

Пра каханне і сэнс жыцця...

Аляксей — бацька двух сыноў і дачкі. Жанаты другі раз. Пазнаёміўся са сваімі будучымі жонкамі ў інтэрнэце. З былой жонкай падтрымлівае добрыя сяброўскія адносіны.

— Я яшчэ да трагедыі хацеў быць добрым мужам і татам. Думаў, як стварыць і захаваць сям'ю. Пасля трагедыі неяк зразумеў, што магу быць цікавым для жанчын, і што ў мяне будзе сям'я. І крок за крокам адбылася рэабілітацыя ўнутры мяне. Акрамя таго, мне пашанцавала з бацькамі, таму, напэўна, марыў быць добрым сем'янінам. Тое, што са мной адбылося, навучыла: дастаткова любіць адзін аднаго, свае сем'і і бацькоў, і ўсё будзе добра, — не сумняваецца ён.

Адзін з яго жыццёвых прынцыпаў: «Калі шчаслівы сам, шчасцем падзяліся з іншым». Ён дзеліцца добрымі эмоцыямі, перажываннямі і жыццёвым вопытам з людзьмі, якія патрапілі ў цяжкую сітуацыю. Заклікае паверыць у свае сілы.

— Галоўнае, каб памкненні былі ад чыстага сэрца. Праблема становіцца праблемай, калі мы яе ўспрымаем такой. Калі выпрабаванне прыходзіць, значыць, так трэба. Усведамленне гэтага асабліва каштоўнае. Мы ў гэты свет прыходзім па вопыт. Калі б не тая трагічная выпадковасць, якая са мной адбылася, не было б мяне сённяшняга, такога, які я ёсць. А я, безумоўна, вельмі рады таму, які я ёсць зараз! — разважае Аляксей.

Ён заклікае дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. А іх — старацца змяніць сваё жыццё да лепшага.

— У выніку вы аказваеце дапамогу яшчэ і велізарнай колькасці людзей вакол... Я магу быць прыкладам для цяжкахворых. Я падарожнічаю і выступаю, жыву поўным жыццём. Але ўсё давалася няпроста. Гэта — вынік каласальнай працы і цярпення. Усё залежыць толькі ад нас саміх. Нават невялікае намаганне здольнае перавярнуць жыццё да лепшага, падарыць радасць блізкім. А чым больш радасных людзей, тым лепей краіна, — кажа Аляксей.

Кожны новы дзень, на яго думку, — велізарны жыццёвы вопыт.

— Калі-небудзь адправімся ў свет іншы і паўстанем перад Усявышнім. Таму трэба выразна ўсведамляць, хто мы і навошта тут, — разважае ён.

Правераная жыццём парада ад Талая: як толькі прыняў рашэнне, трэба дзейнічаць, астатнія падтрымаюць, дапамогуць ажыццявіць задуманае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.

Эканоміка

Навошта нам долары?

Навошта нам долары?

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?