Вы тут

Летась было выяўлена 10 фальшывых беларускіх банкнот новага ўзору


Летась у банкаўскай сістэме краіны было выяўлена ўжо 10 фальшывых беларускіх банкнот новага ўзору


Паводле інфармацыі прэс-службы Нацыянальнага банка краіны, летась спецыялісты нашай фінансавай сістэмы выявілі 1 129 падробленых грашовых знакаў, з якіх 1 122 — банкноты, 7 — манеты. У параўнанні з 2015 годам агульная колькасць падобных падробак павялічылася на 8%. У Мінску выяўлена 48,3% усіх «ліпавых» грошай, а ўвогуле падобныя паперкі былі выключаны з грашовага абароту ў 53 населеных пунктах Беларусі.

Палова фальшывак — долары

Асноўную колькасць падробак традыцыйна склалі долары ЗША — 48,4%. Доля расійскіх рублёў у гэтым спісе — 38,8%, еўра — 10,6%, а несапраўдныя беларускія рублі па-ранейшаму сустракаліся рэдка — іх доля склала 1,7%. Таксама былі выяўлены адзінкавыя падробленыя банкноты кітайскага юаня, украінскай грыўні, фунта стэрлінгаў і польскага злотага. Эксперты падлічылі, што паводле вынікаў мінулага года прырост колькасці фальшывых долараў да агульнага паказчыка 2015 года склаў 2,2%, расійскіх рублёў — 32,7%. А вось колькасць падробных еўра і беларускіх рублёў скарацілася на 21,6% і 5% адпаведна.

Як і раней, сярод несапраўднай амерыканскай валюты значна пераважалі банкноты наміналам 100 долараў, доля якіх складала 90,3%. Падробленыя банкноты наміналам 50 долараў занялі долю ў 6,4%.

Дамалёўваць нулі пачалі часцей

Эксперты Нацбанка паведамляюць, што з ліку выяўленых падробленых долараў ЗША 23 банкноты трапілі ў катэгорыю гібрыдных фальшывак (2015 — 21 банкнота). Яны былі выраблены з сапраўдных банкнот наміналам 1 і 5 долараў, на якіх зменены асноўныя літарна-лічбавыя малюнкі да наміналаў у 10 долараў — 3 банкноты, 20 долараў — 1 банкнота, 50 долараў — 19 банкнот. Сярод купюр падробленых расійскіх рублёў у асноўным сустракаліся банкноты наміналам 5000 і 1000 рублёў — адпаведна 71,7% і 26,7%. Прырост фальшывых банкнот наміналам 5000 расійскіх рублёў да агульнага паказчыка 2015 года склаў 51%, а наміналам 1000 рублёў — 12,5%.

Сярод «самапальных» манет — толькі еўра

Летась сярод падробных еўра прысутнічалі ўсе наміналы банкнот, за выключэннем 5 еўра. У параўнанні з вынікамі 2015 года летась адбылося пераразмеркаванне несапраўдных банкнот еўра па наміналах. Колькасць банкнот наміналам 20 і 200 еўра скарацілася на 67,3% і 45% адпаведна, пры гэтым удвая павялічылася падробка банкнот наміналам 100 еўра. Эксперты адзначаюць, што ўсе фальшывыя металічныя грошы былі манетамі еўра, якія выявілі пры паўторным пераліку.

Беларускія рублі «штампавалі» на прынтары

Спецыялісты рэгулятара паведамляюць, што ў мінулым годзе ў банкаўскай сістэме выяўлена 19 падробных банкнот беларускіх рублёў, 10 з якіх — фальшывыя грошы ўзору 2009 года. Нічога геніяльнага мясцовыя фальшываманетчыкі летась не выдумлялі, бо ўсе зафіксаваныя падробленыя беларускія рублі былі «адштампаваны» без імітацыі элементаў абароны.

А вось сітуацыя з падробкай замежных заходніх валют па спосабах капіравання выяў складваецца па іншым сцэнарыі. У 81% выпадкаў фальшывых долараў ЗША і 75,2% падробленых банкнот еўра яны былі выраблены з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій. Для рэпрадукцыі астатніх несапраўдных долараў і еўра, а таксама беларускіх і расійскіх рублёў выкарыстоўваліся прынтарныя прылады (струйны друк і электрафатаграфія).

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: З гэтымі паперкамі лепш не жартаваць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».