Вы тут

Бойкае месца


або Як задаволіць мультыпатрэбы сучаснага чытача?


Мальберт у бібліятэцы? І фартэпіяна? Нічога дзіўнага. Адна з найстарэйшых кніжніц Мінска бібліятэка-філіял № 1 імя Л. М. Талстога (летась адзначыла 105 гадоў) славіцца сваёй утульнасцю і стараецца ўлічыць інтарэсы розных наведвальнікаў.

За 2016 год кніжніца зладзіла 75 культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, якія наведала 3066 чалавек. У бібліятэцы разумеюць: прэзентатыўны фонд (59 тыс. экз. кніг, 3000 часопісаў, 118 газет, 133 кампактдыскаў, 300 альбомаў па мастацтве) — гэта добра, але галоўная арыентаванасць бібліятэкі сёння — чалавек, актывізацыя грамадскай прасторы.

— З 2014 года ў нас дзейнічае праект «Зробім свет прыгажэй разам», — адзначае загадчыца бібліятэкі-філіяла № 1 імя Талстога г. Мінска Таццяна Маткоўская. — У нас выстаўляюцца і народныя мастакі Беларусі, ганарымся гэтым. Сцены ў кніжніцы высокія, людзей многа — месца бойкае: столькі ВНУ вакол.

Веды і адукацыя — па-ранейшаму асноўныя задачы для бібліятэк, але цяпер яны па-іншаму ажыццяўляюцца. Бібліятэкі імкнуцца выходзіць за традыцыйныя формы дзейнасці і распрацоўваюць новыя метады, накіраваныя не толькі на распаўсюджванне ведаў, але і на крэатыўнае развіццё і самарэалізацыю.

— Мы супрацоўнічаем з мінскім каледжам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з універсітэтам культуры, — працягвае Таццяна Маткоўская. — Разумееце, дзе карціны, там і кнігі, там і літаратура. Гэта прываблівала заўсёды. У межах праекта спачатку адзін раз на год, а зараз двойчы робім дэкаратыўна-прыкладную выстаўку вышыўкі (вельмі папулярная сярод пажылых чытачоў 50+). Шукаем народныя таленты па ўсёй краіне. З апошніх нашых экспанаванняў — выстаўка адмысловых дываноў Тамары Грыгаровіч і яе маці з Гомельскай вобласці. Уявіце: дываны памерам 3 на 4 м (добра, што ў нас сцены дазваляюць) не тканыя, а вышываныя. Людзі прыходзілі натоўпам. Цяпер дываны паедуць у Гомельскі краязнаўчы музей.

Загадчыца бібліятэкі прызнаецца, што клопату па арганізацыі выставак шмат, але ёсць аддача — чытачам падабаецца. Цешаць каментарыі ў інтэрнэце, прыкладам: «Уражвае бібліятэка Талстога: тут пастаянна новыя выстаўкі, утульна».

Ладзілася ў кніжніцы цікавая вечарына мастака Уладзіміра Чарнышова. Больш за 20 гадоў ён быў галоўным мастаком тэатра імя М. Горкага. Шмат працаваў у беларускім кіно. На імпрэзу ў бібліятэку завіталі шматлікія калегі творцы, музыкі, сярод якіх слынныя дзеячы мастацтва Ігар Лучанок, Эдуард Ханок.

Прастора бібліятэкі становіцца больш адкрытай. З’яўляюцца зоны для правядзення мерапрыемстваў. Сёння разважаюць, як напоўніць жыццём прастору паміж кніжнымі стэлажамі. Навідавоку шматфункцыянальнасць. Летась у бібліятэцы Талстога арганізавана 4 дэкаратыўна-прыкладныя выстаўкі, 2 фотавыстаўкі, 2 выстаўкі вышыўкі, 7 мастацкіх выставак. З апошніх — экспазіцыя работ майстэрні мастака Уладзіміра Сайко.

Уладзімір Сайко мастак малады, але амбіцыйны: ужо мае сваю студыю-майстэрню і навучэнцаў. Скончыў гімназію-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, вучыўся ў маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. І. Сурыкава, зараз заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Першы досвед педагогікі Уладзіміра — у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска: пачаў выкладаць, калі быў студэнтам 2 курса Акадэміі мастацтваў. Папрацаваў у цэнтры 2 гады, з’явіліся першыя вучні. Прыйшоў да высновы, што патрэбна свая майстэрня.

— Работы выхаванцаў маёй студыі былі прадстаўлены ў праграме калядных вечароў, якія штогод ладзіць Літаратурны музей М. Багдановіча, — распавядае Уладзімір Сайко. — Увогуле выстаўкі нашай студыі робім ледзь не штомесяц. З апошніх — экспазіцыя ў Прэзідэнцкай бібліятэцы, дзе было прадстаўлена каля 50 карцін. Выстаўку пабачыла больш як 10 тыс. гледачоў. Лічу, якія-небудзь выстаўкі павінны быць у бібліятэцы. Гэта вельмі добра як для бібліятэкі, так і для мастака. Камунікацыя. Чытач таксама і глядач, жадае візуальнага асветніцтва.

Сучаснасць дэманструе магчымасці эфектыўнага спалучэння ў бібліятэчнай дзейнасці як сацыякультурнай, так і інфармацыйнай актыўнасці. Такі падыход надае бібліятэцы імідж прывабнага месца для інтэлектуальнга баўлення часу, як калісьці. Ёсць цікавыя звесткі пра бібліятэку Талстога ў кнізе Аляксандры Ложачка «Рыгор Камінскі» (Рыгор Камінскі, вядомы партыйны дзеяч, быў знаным наведвальнікам кніжніцы з 1934 года). «…Звычайна вечары Рыгор бавіў у чытальні Талстога, куды збіралася моладзь, што жыла ў раёне Брэсцкага вакзала. Юнакі і дзяўчаты зусім неаднолькавых жыццёвых поглядаў зачытваліся раманамі М. П. Арцыбашава, А. А. Вярбіцкай, дэкламавалі вершы Севяраніна і бедавалі пра страчаны сэнс жыцця. Другія цікавіліся навуковымі праблемамі, трэція шукалі такія жыццёвыя шляхі, каб прынесці карысць народу і грамадству. А дзявятай вечара, калі ў чытальні гаснулі агні пад зялёнымі абажурамі, натоўп моладзі вырываўся на вуліцу…» Чытальная настальгія…

Вядома, што бібліятэка адкрылася ў 1911 годзе, праз год пасля смерці Л. М. Талстога. Увекавечыць памяць класіка прапанавала грамадскасць Мінска на чале з доктарам Ф. Ульянавым. Ёсць сведчанні, што з нагоды адкрыцця бібліятэкі адбыўся губернатарскі баль. Пад бібліятэку былі адведзены тры пакоі на другім паверсе прыватнага дома па вул. Мяснікова, тады Нова-Маскоўскай. Гэта была чытальня. Кнігі на дом не выдавалі. Чыталі на месцы. Уваход каштаваў 1 капейку.

 На адкрыццё бібліятэкі прыязджала з Яснай Паляны жонка Талстога, Соф’я Талстая, падарыла кнігі, аднак, на жаль, яны страчаны ў час вайны. Але ў сённяшнім фондзе ёсць каштоўныя прыжыццёвыя талстоўскія выданні (каля 14 экзэмпляраў), якія на стагоддзе бібліятэкі падарыў сябар кніжніцы, кнігалюб Генадзь Іванавіч Уласаў. Пасля вайны бібліятэка згарэла, расказваюць сталыя чытачы, і людзі з усяго Мінска прывозілі літаратуру на санках, гэта было на вул. Чкалава, 1-я школа. Сёння ў бібліятэцы Талстога вельмі шмат літаратуры з букіністычнага магазіна: калісьці работнікі куплялі літаратуру на свой густ, а ў «Букінісце» былі надзвычайныя выданні. Таму ў бібліятэцы Талстога хваляцца, што ў іх ёсць такія асобнікі, якіх няма нават у Нацыяналцы, асабліва па мастацтве. А ўвогуле мастацкай літаратуры ў бібліятэцы Талстога 27 тысяч, 15 тысяч — на беларускай мове (13,5 тысячы чытачоў, дзяцей 400, наведала за 2016 год 60 тыс. чалавек.). Ды сучасная сацыяльная рэальнасць дэманструе актуальнасць не столькі захавання ці распаўсюджвання інфармацыі, колькі кіравання. Проста выдаваць кнігі мала. Наспела патрэба шукаць новыя падыходы ў арганізацыі ўжо традыцыцыйных відаў дзейнасці, нестандартныя формы абслугоўвання. Бібліятэка становіцца правадніком культуры, найважнейшай грамадскай прасторай, гуманітарным цэнтрам і з месца, дзе можна ўзяць кнігу, ператвараецца ў гарадскую культурную гасціную.

Апошнім часам набірае моц «трэцяе месца» — там, дзе хацелася б сустрэцца, папрацаваць, адпачыць (не толькі дома, на працы). Акрамя музеяў, кафэ, паркаў, каворкінгаў, прэтэндэнт на «трэцяе месца» — бібліятэка.

Спецыялісты раяць пашырыць традыцыйны спектр паслуг бібліятэк. Сёння вядомы шматфункцыянальныя комплексы, якія спалучаюць, напрыклад, функцыі гатэля і бізнес-цэнтра. Сутнасць мадэрнізацыі ў тым, каб, зберагаючы традыцыйны змест бібліятэкі, абнаўляць яе форму. Для прыцягнення чытачоў і эфектыўнай дзейнасці кніжніцы прарочаць стаць камфортным і зручным месцам для зносінаў, запатрабаванай пляцоўкай для самарэалізацыі.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».