Вы тут

Віктар Велясніцкі аб эксперыментах у рамках праекта ЕхNеt


З лістапада 2013 года да канца 2016-га на Століншчыне дзейнічаў праект ЕхNеt (Сетка агароднікаў Століншчыны), які, аб'яднаўшы вакол сябе ўладальнікаў прысядзібных гаспадарак, дапамог людзям палепшыць тэхналогіі пры вырошчванні агародніны. У рамках праекта быў арганізаваны шэраг эксперыментаў. Каардынатар праекта, дырэктар Столінскага цэнтра падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Віктар ВЕЛЯСНІЦКІ адказаў на нашы пытанні.


— Віктар Міхайлавіч, колькі жыхароў раёна было задзейнічана ў праекце?

— Непасрэдна тых, хто ўдзельнічаў у мерапрыемствах праекта (азнаямляльныя паездкі, семінары, эксперыменты, кааператыўныя ініцыятывы), каля 300 чалавек. Але ёсць і тыя, хто ведае аб праекце і хоча карыстацца яго вынікамі, назірае, атрымлівае інфармацыю, але сам не ўдзельнічае ў мерапрыемствах непасрэдна. Такіх людзей каля дзвюх з паловай тысяч. Наша мэта — аб'яднаць як мага больш людзей, якія займаюцца аграбізнесам, каб лягчэй было вырашаць праблемы, што закранаюць амаль кожнага з іх.

— Нашым суайчыннікам падабаецца эксперыментаваць?

— Не ў такой меры, як хацелася б. Праблема і зараз, нягледзячы на нашу пастаянную і мэтанакіраваную работу, у тым, што многія вельмі асцярожна ставяцца да грантавых сродкаў — а наш праект фінансаваўся Еўрапейскім саюзам. Людзі не зусім разумеюць: як гэта, фінансава падтрымаюць іх ініцыятыву? І гэтыя сродкі не трэба будзе вяртаць? Некаторыя шукаюць «падводныя камяні», але я магу супакоіць тых, хто мае сумненні: у нашай рабоце ўсё празрыста, мы працуем у рамках дзеючага заканадаўства. Таму з кожным годам усё больш жыхароў раёна супрацоўнічае з намі ў рамках розных праектаў. Пачатак кожнага з іх, у тым ліку і гэтага, цяжкі ў плане пошуку актуальных ініцыятыў, таму мы і шукалі агароднікаў-лідараў. Але ў апошні год рэалізацыі праекта людзі ўжо больш валодалі інфармацыяй і звярталіся па падтрымку. Мы дапамагалі і нават цяпер дапамагаем распрацаваць план увасаблення ініцыятывы, які павінен у першую чаргу задавальняць саміх ініцыятараў. Далей зацвярджалі гэтую ініцыятыву разам з планам і выдаткамі на яе рэалізацыю і пасля гэтага ўкаранялі. Але кожны праект пачынаецца і заканчваецца, а дзейнасць нашага цэнтра падтрымкі сельскага развіцця працягваецца, таму мы і цяпер шукаем магчымасці, каб дапамагаць вяскоўцам Столінскага раёна ў рэалізацыі актуальных ініцыятыў.

— І наколькі адчувальнай была дапамога ініцыятыўным людзям?

— Да 80 працэнтаў расходаў на рэалізацыю ініцыятыў выдаткоўвалася са сродкаў праекта. Астатнюю частку сродкаў павінны былі ўкласці самі людзі. Акрамя таго, мы аказвалі і аказваем інфармацыйна-кансультацыйную падтрымку. Нашы спецыялісты дапамагаюць як у тэхналагічных пытаннях, так і ў планаванні аграбізнесу, павышэнні фінансавай адукаванасці. Уладальнікі падсобных гаспадарак, якія хочуць быць прафесіяналамі ў сваёй справе, павінны не толькі ўмець вырошчваць якасную агародніну, але і ўмець выгадна прадаваць яе, лічыць выдаткі і выручку, прыбытак і рэнтабельнасць. Большы прыбытак можна атрымаць не толькі за кошт павелічэння плошчы, ураджайнасці, але і за кошт змяншэння выдаткаў. І гэта важна не толькі ў эканамічным, а і ў экалагічным плане. Людзі ў пагоні за даходамі нясуць вялікія затраты на хімічныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, часта не абгрунтаваныя выдаткі, якія больш шкодзяць, чым прыносяць карысці. Мы гаворым з людзьмі пра тое, што трэба весці аграбізнес так, каб атрымліваць прыбыткі, развівацца, не шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Чалавек павінен думаць не толькі пра сёння, а і пра будучыню. У гэтым і ёсць устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый: пакінуць зямлю ў добрым стане для нашчадкаў.

— З якімі праблемамі, Віктар Міхайлавіч, давялося сутыкнуцца ў час рэалізацыі праекта?

— Ва ўладальнікаў падсобных гаспадарак малыя ўчасткі зямлі. І калі яны вылучаюць частку свайго надзелу на пэўны эксперымент — апрабаванне новых сартоў, новых угнаенняў, — гэта заўсёды рызыка страты пэўнай часткі даходу, можна застацца без значных сродкаў на ўвесь наступны год. І гэта пры тым, што многія жыхары Століншчыны жывуць практычна з даходаў ад продажу гародніны... Але яны на гэта ішлі.

— Мы больш гаворым пра эксперыменты ў агародніцтве. Але праект прадугледжваў падтрымку і ініцыятыву ў сельскагаспадарчай кааперацыі...

— Кааперацыя невялікіх прыватных гаспадарак — гэта перспектыўны інструмент для павышэння эфектыўнасці аграбізнесу. Члены кааператыва маюць магчымасць купляць насенне, угнаенні, тэхніку не праз другія-трэція рукі, а непасрэдна ў пастаўшчыка. Гэта намнога танней, меншая рызыка набыць няякасны тавар. Гэты ж прынцып і пры рэалізацыі вырашчанай прадукцыі. Калі сфарміраваць вялікі аб'ём прадукцыі для рэалізацыі, то больш шанцаў атрымаць добрую цану і абысці перакупшчыкаў.

У рамках праекта 40 групавых ініцыятыў займелі фінансавую падтрымку для набыцця сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Напрыклад, прыходзілі да нас з жаданнем купіць мотаблок. Калі людзі здольныя арганізавацца і супольна карыстацца ім, то быў шанц на падтрымку. За развіццём тых груп, якія здабылі падтрымку са сродкаў праекта, мы сочым і пры неабходнасці дапамагаем кансультацыямі. Калі ёсць прагрэс у развіцці групы, то яна можа і далей разлічваць на нашу дапамогу.

— У межах праекта праходзяць нейкія практычныя заняткі, семінары?

— Так. Скажам, дзень поля — гэта магчымасць перадаць вопыт, завесці новыя карысныя знаёмствы, убачыць вынікі эксперыментаў. Таксама мы прапануем нашым самым актыўным агароднікам выезды на сельскагаспадарчыя выстаўкі і семінары, якія арганізоўваюць вядомыя ў сферы агародніцтва кампаніі. Калі гаварыць пра паездкі за межы краіны, то лічым, што яны вельмі карысныя для нашых людзей, таму што дазваляюць паглядзець і пагаварыць пра перадавыя тэхналогіі, некаторыя з якіх магчыма ўкараняць
у нашых умовах. У рамках праекта ЕхNеt адбыліся азнаямляльныя паездкі ў Венгрыю, Польшчу. У гэтых краінах агародніцтва добра развівалася ў мінулым, ды і сёння венгерскія і польскія фермеры не на апошніх ролях у Еўрапейскім саюзе — там ёсць чаму вучыцца.

Але ў любым выпадку нашым людзям трэба думаць самім, які від агародніны вырошчваць, як весці гаспадарку, як развівацца, як вырашчанае найвыгадней прадаваць. А такія арганізацыі, як наша, скіраваны на тое, каб дапамагчы прыняць правільныя рашэнні ў гэтым кірунку. Часам у мяне пытаюцца: якую новую культуру пасадзіць, каб зарабіць? Накіроўваю чалавека ў буйны супермаркет, каб паглядзеў у аддзеле агародніны і садавіны, што прадаецца і па якіх цэнах, што з гэтага можна вырошчваць у нас. Так, дарэчы, нарадзіліся ідэі па вырошчванні квяцістай капусты, брокалі, «пекінкі», перца, так пачаўся і ягадны «бізнес».

Таццяна СЕГЕН

Загаловак у газеце: Галоўнае — не баяцца, або Эксперыменты для ўстойлівага развіцця

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.