Вы тут

Сяргей Матузка: Ельск даволі камфортны для жыцця


Амаль 170 кіламетраў да абласнога цэнтра, больш за 300 — да беларускай сталіцы і 236 — да ўкраінскай. Вось такое цікавае геаграфічнае становішча. Але нягледзячы на такія адлегласці, жыхары Ельскага раёна не адчуваюць сябе на ўзбочыне цывілізацыі. Працуюць прадпрыемствы, будуюцца новыя дамы, нараджаюцца дзеці... Ёсць, вядома, і свае праблемы. Зрэшты, у каго іх няма? «Пра складанасці і недапрацоўкі трэба гаварыць адкрыта, — мяркуе старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў, член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Сяргей Матузка. — І не толькі гаварыць, але і дзейнічаць».


— Візітная картка любога рэгіёна — яго эканоміка. У чым адметнасць Ельска з гэтага пункту гледжання?

— Наш горад нездарма мае «хвойную» назву. Бо 66 працэнтаў тэрыторыі Ельшчыны — гэта лясы. І лясная гаспадарка — адзін з «рухавікоў» тутэйшай эканомікі. Нарыхтоўкай і перапрацоўкай драўніны займаецца шэраг прадпрыемстваў — дзяржаўных і прыватных. Развіты ў нашым раёне і аграпрамысловы комплекс. У нас 6 буйных гаспадарак, якія спецыялізуюцца на малацэ, мясе, збожжавых, бульбе, кукурузе. Увогуле ў раёне зарэгістравана 255 суб'ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці.

Ёсць прагрэс і ў сферы занятасці насельніцтва. Летась планавалася стварыць у раёне 7 працоўных месцаў за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў, а ў выніку стварылі 35. (А ўсяго ў раёне за 2016 год створана 62 працоўныя месцы.) Прычым новыя прадпрыемствы з'яўляюцца прыватнымі. Гэта пераважна малы бізнес, развіццю якога ўдзяляецца вялікая ўвага.

— Але прыярытэтнай у нас традыцыйна лічылася буйная прамысловасць...

— Буйныя прадпрыемствы па-ранейшаму забяспечваюць масавую занятасць і даюць значныя паступленні ў бюджэт. Але ў вялікага маштабу ёсць і мінусы: трэба болей часу, каб перабудаваць вытворчасць. А малыя прадпрыемствы хутчэй прыстасоўваюцца да зменлівых эканамічных рэалій. Там няма грувасткіх тэхналагічных ліній, якія цяжка пераналадзіць пад новую прадукцыю, запатрабаваную рынкам. Сёння такое прадпрыемства робіць, напрыклад, сталы. Заўтра попыт на іх знікае — і фірма аператыўна пераключаецца на выраб дзвярэй. І ніякіх прастояў. Таму малому бізнесу трэба абавязкова даваць «месца пад сонцам», поруч з вялікімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

— Як развіццю прыватнага бізнесу можа паспрыяць мясцовы Савет дэпутатаў?

— Асабіста да мяне часта звяртаюцца па пытаннях выдзялення зямлі, афармлення дазволу на забудову і г. д. Стараюся падказаць, параіць, пры патрэбе замовіць слова перад кіраўніцтвам раёна. Бо ад гэтага залежыць агульны дабрабыт. Будуць працоўныя месцы — будзе менш сацыяльнай напружанасці. Будуць падаткі — у раёна будуць грошы на развіццё. Трэба падтрымліваць людзей ініцыятыўных, якія не чакаюць, што ім дзяржава дасць усё бясплатна, а самі «куюць» свой поспех.

— У фірмаў і прадпрымальнікаў, якія толькі нядаўна «адкрыліся», часта ўзнікае праблема з памяшканнямі. Арандаваць іх у прыватнікаў — дорага. У дзяржаўных структур — танней. Але дзяржаўных памяшканняў хапае не на ўсіх ахвотных. А як з гэтым у Ельскім раёне?

— Пасля распаду СССР многія тутэйшыя прадпрыемствы і арганізацыі або закрыліся, або перажылі аптымізацыю. У выніку павызваляліся і асобныя памяшканні, і цэлыя будынкі. І раён здае іх у арэнду. Больш таго: шэраг будынкаў камерцыйныя арганізацыі могуць купіць. Таму, карыстаючыся магчымасцю, запрашаю ўсіх зацікаўленых звяртацца ў наш Савет дэпутатаў або ў выканкам.

— Але ў эканоміцы раёна, напэўна, ёсць і «болевыя кропкі»?

— Складаную сітуацыю мы маем на кансервавым заводзе і ў «Ельскім аграсэрвісе». Завод спецыялізуецца на вытворчасці гарошку. Але апошнім часам на Палессі надарыліся засухі, і ўзніклі цяжкасці з сыравінай. Хоць па цане прадукцыя была канкурэнтаздольнай. Аналагічныя складанасці і ў «Аграсэрвісу», што вырабляе сланечнікавы і рапсавы алеі. Апошні нават ішоў на экспарт як дадатак да дызельнага паліва. Але праз кліматычныя ўмовы пагоршыліся і ўраджаі рапсу. Таму разглядаецца пытанне аб закупцы сыравіны за межамі раёна, каб «загрузіць» вытворчасць.

— А наколькі развітая ў раёне сацыяльная сфера?

— Магу сказаць, што сам Ельск даволі камфортны для жыцця. Ён узяў усё самае лепшае ад горада і ад вёскі. З аднаго боку, ёсць бальніца, школы, дзіцячыя сады, Дом культуры, магазіны, банкі, рэстаран, некалькі кавярняў, аўта- і чыгуначная станцыі і г. д. Ёсць усе камунальныя выгоды і — што немалаважна для моладзі — хуткасны інтэрнэт. З іншага — можна проста ў горадзе мець агарод, трымаць свойскіх жывёл. А яшчэ цешыцца свежым паветрам і цішынёй, якой не хапае жыхарам мегаполісаў.

Што да праблем, то вельмі актуальнае пытанне рамонту дарог і добраўпарадкавання тэрыторыі ў раёне. А гэта даволі затратныя мерапрыемствы. Грошы выдзяляюцца, але на ўсё адразу іх, вядома, не хапае. Таму штогод Савет дэпутатаў і выканкам выбіраюць населеныя пункты, дзе праблема стаіць найбольш востра, і накіроўваюць асноўныя сродкі туды. Летась мы добраўпарадкавалі вёску Рамязы. Сёлета на чарзе вёска Дзвіжкі. Працэс ідзе, магчыма, не так хутка, як хацелася б, але прагрэс ёсць.

— Як дэпутаты мясцовага Савета ўплываюць на сітуацыю? Як наладжана работа з выбаршчыкамі?

— У нас чамусьці склалася так, што гараджане звычайна ідуць са сваімі праблемамі ў выканкам. А да мясцовых дэпутатаў часцей звяртаюцца вяскоўцы. І я асабіста два-тры разы на тыдзень выязджаю ў сельсаветы. Таксама старшыня Савета і дэпутаты прымаюць грамадзян паводле графіка. Людзі звяртаюцца і неафіцыйна, проста спаткаўшы дэпутата на вуліцы. Раён у нас невялікі, усе адзін аднаго ведаюць. І дэпутаты як на далоні: паспрабуй не выканай абяцанне! А для больш эфектыўнай працы ў раённым Савеце ўтвораны 4 пастаянныя камісіі. Яны разглядаюць шырокі спектр пытанняў: ад культуры да сельскай гаспадаркі. Самыя тыповыя — газіфікацыя, водазабеспячэнне, рамонт пад'ездаў, уцяпленне труб у падвалах, усталяванне смеццевых кантэйнераў, асвятленне вуліц, адлоў беспрытульных сабак, стварэнне дзіцячых пляцовак, размяшчэнне дарожных знакаў. А таксама работа транспарту, аховы здароўя і гандлю. Да вырашэння праблем мы прыцягваем і саміх жыхароў раёна. Летась правялі ў населеных пунктах Ельшчыны 138 сходаў грамадзян. Абмяркоўвалі збор сродкаў па самаабкладанні, добраўпарадкаванне тэрыторыі, пажарную і грамадскую бяспеку і г. д. Але грамадзянская актыўнасць людзей пакуль не на самым высокім узроўні.Мы, палешукі, пакуль схільныя сядзець «па хатах» і чакаць, што нехта ўсё зробіць за нас. Хоць ніхто не забараняе жыхарам вёскі сабрацца і, напрыклад, прывесці да ладу могілкі, дзе пахаваны іх жа продкі. І ў гэтым кірунку — развіцця грамадзянскай свядомасці — нам трэба працаваць.

— Ці аказваюць вам дапамогу абласныя і рэспубліканскія прадстаўнічыя органы?

— Так, мы адчуваем падтрымку «зверху». Пры Савеце Рэспублікі працуе Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, членам якога я з'яўляюся. Адна з яго галоўных задач — выкананне рашэнняў Пятага Усебеларускага народнага сходу. Гэта інвестыцыі, інавацыі, экспарт, занятасць насельніцтва і інш. Каб вывучыць усе гэтыя пытанні на практыцы, ладзяцца выязныя пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Дарэчы, адно з іх мае адбыцца на Гомельшчыне. І Ельск сярод гарадоў-прэтэндэнтаў на месца яго правядзення.

— Ці гатовы прыняць дэлегацыю такога высокага ўзроўню?

— Вядома! Нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца!

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Камфортны Ельск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!