Вы тут

На Міншчыне чакаюць добрасумленных інвестараў


Гаспадыню відаць па тым, як выглядаюць яе дом і падворак. Калі там вэрхал, бруд, то туды і госці не паедуць, і суседзі не завітаюць. Так і ў межах краіны, вобласці, раёна. Пошук новых уласнікаў для будынкаў, якія доўгі час пуставалі, — гэта не самамэта, а жаданне ўлад навесці парадак на зямлі. Таму працэс прыцягнення ў абарот нявыкарыстаных аб'ектаў актывізаваўся ў адносінах да маёмасці ўсіх формаў уласнасці.


Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар.

Яшчэ нядаўна будынак былой участковай бальніцы ў гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, што на Міншчыне, літаральна раздражняў сваім знешнім выглядам мясцовых жыхароў. Ды і перад гасцямі было няёмка. Драўляная пабудова ХVІІІ стагоддзя разбуралася проста на вачах. І вось знайшоўся ўласнік, які ўзяўся ўдыхнуць у будынак другое жыццё. Ды нешта ў яго не зладзілася, магчыма, не хапіла сродкаў, каб ажыццявіць задуму. Будынак быў перапрададзены іншаму прыватнаму інвестару. За адносна кароткі час прадпрыемству «Ніканас» удалося зрабіць тут забаўляльны комплекс, які ўключае кафэ «Новае месца», більярдную, дыскатэку, піцэрыю.

— Нам давялося шмат папрацаваць, каб давесці ўсё да ладу,— расказвае дырэктар установы Мікалай Сямёнаў. — Уладкоўвалі фасады, распрацоўвалі інтэр'ер, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю. У найбліжэйшай перспектыве адкрыццё лазні, на трэцім паверсе плануюцца гасцінічныя нумары, а ў двары — дзіцячая пляцоўка. Для таго, каб бацькі змаглі завітаць да нас са сваімі дзеткамі, пакаштаваць нашу кухню, а заадно і пагуляць з малымі.

Сапраўды, у Смілавічах жыве шмат маладых сем'яў, толькі летась тут нарадзілася 102 немаўляці. Дадам, што комплекс працуе з лістапада мінулага года, але ўжо знайшоў сваіх кліентаў. Тут ладзяць карпаратыўныя сустрэчы дарослыя, арганізуюць святы для дзяцей. А работнікі мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў заходзяць сюды падсілкавацца. Дарэчы, кошт абеду каля 3 рублёў.

— Я прадпрымальнік з 15-гадовым стажам, — уступае ў размову заснавальніца фірмы Марыя Захаранка. — Акрамя гэтага цэнтра ў мяне ёсць кавярня «Сямёрачка». Вядома, адной з такой гаспадаркай цяжка спраўляцца. Але мне дапамагае сямейная каманда — дачка з зяцем. Лічу, што ў іх нядрэнна атрымліваецца. Спадзяюся, што нашы паслугі будуць усё больш запатрабаваныя ў наведвальнікаў, але ў гэты аб'ект яшчэ шмат трэба ўкласці.

Валянціна Півавар, старшыня Смілавіцкага сельвыканкама:

— У гарадскім пасёлку Смілавічы застаўся адзін нявыкарыстаны аб'ект, гэта былая школа-інтэрнат, для якой пакуль не знайшоўся інвестар. Над выкарыстаннем пустуючых будынкаў мы працуем разам з Чэрвеньскім райвыканкамам. У мінулым годзе, напрыклад, райспажыўсаюз прадаў будынак, дзе цяпер месціцца магазін «Дабраном». Новы ўласнік адрамантаваў яго, прывёў у належны стан. Пакупнікі задаволены і асартыментам, і абслугоўваннем.

Акрамя таго, сельвыканкам займаецца ўшчыльненнем населеных пунктаў — разам са Смілавічамі іх у нас 18. Шукаем пустуючыя ўчасткі, рыхтуем на іх дакументацыю і выстаўляем на продаж. Частку з іх выдзяляем грамадзянам, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, пераважна гэта шматдзетныя сем'і. Выручаныя ад продажу сродкі ўкладваем у добраўпарадкаванне пасёлка. Летась заасфальтавалі вуліцы Рэвалюцыйную, Меліярацыйную, Першамайскую, пачалі парадкаваць вуліцу імя Максіма Горкага. У планах — будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі, устаноўка малых архітэктурных формаў, уладкаванне тратуараў. Вельмі добра, што ў палацы Ваньковічаў інвестар мяркуе стварыць музей, выставачную залу, адкрыць гасцініцу, каб турыстам было дзе спыніцца. У нас ёсць што паглядзець: музей Манюшкі, Хаіма Суціна і шмат іншага, не менш цікавага. Адноўлены палацава-паркавы комплекс будзе ўключаны ў турыстычны маршрут. Думаю, гасцей, якія цікавяцца гісторыяй Смілавіч, іх ваколіц, значна прыбавіцца.

Непадалёку ад «Новага месца» — палацава-паркавы комплекс. Сядзіба належала розным уладальнікам: Кежгайлам, Сапегам, Завішам, Агінскім, Ваньковічам... І кожны з іх уносіў новыя элементы ў яе знешні выгляд. Канчаткова комплекс сфарміраваўся ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У 1900-м да старога васьміграннага корпуса быў прыбудаваны новы, у неагатычным стылі з элементамі мадэрну. У 1973-м ён быў перабудаваны. Пры гэтым цалкам страціў першапачатковую планіроўку. У выніку — сапсаваны архітэктура фасада і аконныя праёмы, знішчаны ляпны дэкор, парушаны балконы. На працягу савецкага перыяду будынкі пераходзілі з рук у рукі розных арганізацый. А затым наогул пуставалі больш як 20 гадоў. І, вядома, ператварыліся ў небяспечныя разваліны: іх любілі даследаваць мясцовыя дзеці, навучэнцы каледжа. Для такога кшталту пабудоў, якія з'яўляюцца помнікамі культуры і архітэктуры, заўсёды цяжка знайсці інвестара. Уласнік павінен захаваць першапачатковы выгляд аб'екта, усе дэталі аздаблення і выкарыстоўваць яго па прызначэнні. Інакш кажучы, тут нельга адкрыць вытворчасць, а мецэнацтвам, натуральна, ніхто не хацеў займацца. Аднак у 2014 годзе помнік культуры на аўкцыёне набыла літоўская кампанія «ВИНКТЕХ-ТРЕЙД». Да яе гонару, пачаліся актыўныя аднаўленчыя работы. І ў прынцыпе яна спраўляецца з графікам: ужо адрэстаўраваны адзін з карпусоў, засталася толькі ўнутраная апрацоўка. У другім корпусе расчышчаны падвалы, узведзена сцяна. Прычым рэстаўрацыя ідзе пад кантролем Міністэрства культуры.

А вось будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната ў вёсцы Астравы Чэрвеньскага раёна пакуль чакае новага гаспадара. Збудаванне — цаглянае, капітальнае, у добрым стане, вакол добраўпарадкаваная тэрыторыя. Але не шанцуе гэтаму аб'екту: 10 разоў выстаўлялі на продаж, у тым ліку дзевяць разоў з паніжэннем кошту на 20%, пяць разоў — на электронным аўкцыёне.

Каб прадаць будынак вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада-базавай школы ў вёсцы Грабянец, правялі аж 15 аўкцыёнаў. Але да гэтага часу ён не запатрабаваны ў інвестараў...

Святлана Дзегцярэнка, дырэктар Мінскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці:

— Большасць прыцягальных аб'ектаў прададзена ў 2011—2014 гадах, у тым ліку і для наладжвання вытворчасці. Гэта былыя вытворчыя базы, аб'екты на тэрыторыі Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў, паблізу буйных населеных пунктаў. Цяпер у асноўным засталіся нявыкарыстанымі будынкі сацыяльнай сферы: дзіцячыя сады, школы, сельскія клубы. Яны спецыфічныя ў тым плане, што тут не заўсёды можна размясціць вытворчасць, ды і знаходзяцца далёка ад вялікіх паселішчаў. Але прадаць аб'ект — не самае галоўнае. Важна знайсці сапраўднага гаспадара, які б эфектыўна распараджаўся маёмасцю: адкрыў вытворчасць, кавярню, культурна-забаўляльны цэнтр, аб'ект прыдарожнага сервісу. Усе механізмы ў нас адпрацаваны: спачатку выстаўляем «нічыйны» аб'ект на аўкцыён па рынкавым кошце, калі не знаходзіцца ўласнік — зніжаем цану. Здараецца, маёмасць прадаецца, а пакупнік не заключае дагавор куплі-продажу або не выконвае ўмовы дагавора. У такім выпадку аб'ект вяртаецца ў камунальную ўласнасць. Асабліва характэрная такая сітуацыя для будынкаў, якія набыты пры пачатковай цане ў адну базавую велічыню. Мясцовыя ўлады нядобрасумленных уласнікаў нерухомасці прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, павялічваюць стаўку падатку на маёмасць і зямлю ў 10 разоў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Хто ўдыхне жыццё ў «мёртвыя» аб'екты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».