Вы тут

Як вырашаюць праблему закінутых будынкаў


Калі чалавек не даглядае сваё жыллё, яно хутка прыходзіць у запусценне. У вёсцы старыя, пакінутыя дамы становяцца клопатам мясцовай улады. Добраўпарадкаваць тэрыторыю, знайсці спадчыннікаў — гэта толькі частка спраў, якія патрабуюць пастаяннага кантролю. Мы пацікавіліся, як вырашаюць праблему закінутых будынкаў старшыні некаторых сельскіх Саветаў дэпутатаў.


Святлана Грэчка, старшыня Асавецкага сельскага Савета дэпутатаў Драгічынскага раёна:

— Будынкі, дзе трэці год няма жыхароў, згодна з Указам Прэзідэнта №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці» прызнаюцца старымі. Іх зносяць, а ўчастак зноў уключаецца ў гаспадарчую дзейнасць. Напрыклад, яго можа далучыць да сябе ўладальнік суседняга жылога ўчастка. Для гэтага трэба аформіць заяву, зарэгістраваць землеўладанне і аплаціць патрэбныя падаткі.

Калі ж знайсці новага гаспадара для вызваленай замлі адразу не ўдалося, яна пераходзіць у землезапас. Парадак там падтрымліваецца за кошт сельскага Савета.

Мы стараемся заўсёды ўстанаўліваць спадчыннікаў пустых дамоў. Работу па пошуку распачынаем загадзя, бо без нагляду хутка пагаршаецца стан пабудовы, зарастае прысядзібная тэрыторыя.

Трэба сказаць, што росшук спадчыннікаў — задача не з простых. Даводзіцца праглядаць гаспадарчыя кнігі, дасылаць запыты ў РАУС, натарыяльныя службы, агенцтвы па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Часам знайсці інфармацыю пра ўладальніка маёмасці дапамагаюць аднавяскоўцы, суседзі.

Многія спадчыннікі потым прадаюць дамы, дзе не збіраюцца жыць. Шанц на другога гаспадара звычайна атрымліваюць будынкі да 70-х гадоў пабудовы. Напрыклад, у мінулым годзе было заключана 24 падобныя дагаворы перадачы правоў на пажыццёвае зямельнае ўладанне.

Васіль Балабосаў, старшыня Зарубскага сельскага Савета дэпутатаў Дубровенскага раёна:

— У сельсавеце сёння выяўлена 18 старых дамоў. Кожны год адбываецца знос 3—4 будынкаў за кошт сродкаў сельскага Савета, або спадчыннікі самі разбіраюць сваю маёмасць. Пераважна людзі забіраюць драўніну сабе, а фундамент упарадкоўваем тэхнікай. Працэс выяўлення старых дамоў пастаянны, кожны год спіс такіх участкаў абнаўляецца. Калі цяперашнія землеўласнікі адмовіліся ад участка, ён альбо пераводзіцца ў землезапас, альбо яго набывае сельгаспрадпрыемства і далучае да сваіх плошчаў карыстання. Усё гэта, безумоўна, афармляецца згодна з нарматыўнымі патрабаваннямі.

Уладальніка пустога будынка шукаем праз землеўпарадкавальную службу раёна, апытваем магчымых знаёмых, суседзяў і так, па ланцужку, выходзім на гаспадара. Без яго дазволу стараемся нічога не рабіць, каб потым не здарылася непрыемнасцяў. Знайсці спадчыннікаў насамрэч удаецца рэдка. Мала хто адклікаецца на запыт, ды і часта чалавек з'язджае за мяжу, губляе сувязь са знаёмымі.

Калі пабудова гаспадару не патрэбная, старонні чалавек можа дамовіцца на разбор дома сваімі сіламі. Звычайна такія дамовы адбываюцца без афіцыйнага юрыдычнага афармлення, бо некаторыя будынкі ў сельскай мясцовасці не зарэгістраваныя ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Набываць старыя дамы ва ўласнасць у нас жадаючых вельмі мала. Калі раней дачнікі прыязджалі ў вёску, каб заняцца гаспадаркай, агародам, то цяпер людзей у першую чаргу цікавіць адпачынак. Вясковае жыллё купляюць у маляўнічых мясцінах: на беразе возера, побач з лесам. Калі ж адметных краявідаў няма, то, адпаведна, знікае і попыт.

Тамара Ляйко, старшыня Красненскага сельскага Савета дэпутатаў Маладзечанскага раёна:

— Мяркую, што галоўнай задачай мясцовых улад павінна стаць памяншэнне колькасці старых дамоў і дамоў, якія пустуюць. У мінулым годзе на тэрыторыі нашага сельсавета было налічана 11 такіх аб'ектаў. Калі ўчастак цягам трох гадоў застаецца незапатрабаваным ва ўласніка, перадаём заяву ў суд для прызнання будынка безгаспадарным. Пасля гэтага спадчыннікам на працягу трох дзён трэба даслаць паведамленне, што яны павінны ўступіць у правы валодання маёмасцю.

Падаецца, было б мэтазгодна скараціць тэрмін чакання, калі дом прызнаецца пустуючым, з трох гадоў да шасці месяцаў. Гэта дапамагло б паменшыць страты на падтрымку добраўпарадкавання. Уявіце, увесь час сельсавет павінен наглядаць за будынкам, а пасля высвятляецца, што спадчынніку маёмасць не патрэбная. Калі ж суд зможа прызнаваць дом пустуючым праз шэсць месяцаў, спадчыннік атрымае паведамленне значна раней, і пытанне з будынкам без гаспадара таксама вырашыцца хутчэй. Што датычыцца тэрмінаў рэагавання на судовае паведамленне, то тут, думаю, было б зручна яго павялічыць — не заўсёды абставіны дазваляюць чалавеку зрэагаваць за адведзеныя тры дні.

Яўген Нікіцін, старшыня Зябраўскага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна:

— Мы стараемся не даводзіць сітуацыю да зносу. Шукаем гаспадароў, размаўляем з імі, пераконваем. Выпадак, калі спадчыннікі поўнасцю адмовіліся ад маёмасці, быў толькі аднойчы ў мінулым годзе. Тут ужо нічога не зробіш, давялося перадаваць дакументы ў райвыканкам, суд прызнаў будынак пустуючым, было прынята рашэнне аб зносе. Наогул, лічу, што пустуючыя дамы трэба выстаўляць на аўкцыён і шукаць новага ўладальніка, а руйнаваць неабходна толькі жыллё ў зусім неналежным стане. Напрыклад, наш сельскі Савет знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтра, адпаведна, і нерухомасць тут больш запатрабаваная сярод пакупнікоў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.