Абяцанне падарыць зорку з неба — класічны прыём з донжуанскага арсенала. І хоць з ажыццяўленнем гэтага на практыцы ёсць некаторыя складанасці, паненкам такая рыторыка даспадобы. Прыемна — ліха яго бяры! — калі дзеля цябе гатовыя на розныя дзівацтвы. Але пры наяўнасці пэўнай сумы грошай нават немагчымае магчыма.
Зоркай, што ззяе за дзясяткі светлавых гадоў, вы не завалодаеце. А вось даць ёй імя на свой густ, аказваецца, не праблема. Заплаціўшы пэўную суму, вы можаце назваць «свабодную» зорку, напрыклад, у гонар каханай дзяўчыны. Такую паслугу прапануе адна са сталічных кампаній. Назва ўносіцца ў «міжнародны зорны каталог», а вы атрымліваеце сертыфікат і карту з указаннем «вашага» нябеснага цела...
Бясконцыя абшары космасу здаўна абуджалі ў чалавецтве не толькі рамантычныя памкненні, але і камерцыйны сверб. Знаходзяцца ўвішныя спадары, што прадаюць дзялянкі зямлі на Месяцы і Марсе. І цікава, што пакупнікі таксама ёсць! Нехта набывае сертыфікаты проста дзеля забаўкі. А іншыя такім чынам робяць «інвестыцыі» на будучыню. Напэўна, у чаканні часу, калі злётаць на Марс будзе, як маршруткай «Мінск—Ждановічы» праехацца. Але ці будзе мець дакумент на марсіянскія ўгоддзі юрыдычную сілу — вялікае пытанне.
Што да куплі зорных назваў, то на сайце кампаніі вас папярэджваюць: права валодання нябесным целам выданы дакумент не дае. А грошы бяруць за ўнясенне абранага вамі «імені» ў каталог. Цана на гэтыя паслугі, трэба сказаць, кусаецца. Назва для самай цьмянай зоркі каштуе 52,5 рубля. З іх 21 рубель — гэта надрукаванне «дакументаў». А самы «пафасны» варыянт палегчыць вашу кішэню ажно на 1365 рублёў! Затое зорку можна будзе пабачыць простым вокам, без тэлескопа. Уражвае і спіс дадатковых паслуг: ад простага ламінавання (6,3 рубля) да стварэння «пашпарта» зоркі з яе гістарычнымі і фізічнымі характарыстыкамі (2100 рублёў). Зрэшты, такія расцэнкі не павінныя пужаць кліента. Бо зорка — гэта вам не цюльпаны ў пераходзе купіць. Гэта сур'ёзная заяўка аб сваіх пачуццях. Мінуць гады і стагоддзі, а імя вашай каханай назаўсёды застанецца ў астранамічным каталозе. Так бы мовіць, у Вечнасці...
Але не спяшайцеся радавацца, атрымаўшы на рукі запаветны сертыфікат. Сваёй вартасцю ён мала чым адрозніваецца ад «дакументаў» на марсіянскія шэсць сотак. Бо абранае вамі імя для зоркі не стане агульнаўжывальным.
— Адзіная арганізацыя, якая мае права даваць назвы нябесным целам, — гэта Міжнародны астранамічны саюз (МАС), — сцвярджае кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Альгерд Кузнечык, дырэктар абсерваторыі Белдзяржуніверсітэта. — Прычым толькі малая частка зорак мае ўласныя «імёны», якімі мы карыстаемся ў сілу традыцыі. А ўсе астатнія назвы складаюцца з камбінацый лацінскіх літар і лічбаў, што прысвойваюцца паводле пэўнага алгарытму. І толькі гэтыя найменні, зацверджаныя МАС, ужываюцца астраномамі ва ўсім свеце. Можна весці якія заўгодна «альтэрнатыўныя» каталогі, але навуковай супольнасцю яны нават не разглядаюцца.
Словы беларускага навукоўца пацвярджае і афіцыйны сайт МАС. Цэлы раздзел яго прысвечаны праблеме гандлю зорнымі імёнамі. Зрэшты, для самой арганізацыі праблем ніякіх няма: яна не займаецца камерцыяй. І да «касмічных» дзялкоў не мае ніякага дачынення. Аб чым і папярэджвае далёкіх ад навукі людзей.
За што ў такім разе кліент плаціць грошы? За тое, каб абраную ім назву ўнеслі ў нейкі зорны рэестр, які не прызнаецца навукоўцамі, і выдалі прыгожую паперку. Прычым у махлярстве арганізатараў гэтай бізнес-схемы абвінаваціць цяжка. Каталог ёсць? Ёсць. Якія прэтэнзіі? Дый на сайце кампаніі ёсць пазнака, што да МАС гэты каталог дачынення не мае. Але ж далёка не кожны абывацель разбіраецца ў падобных тонкасцях. А назваць зорку ў гонар блізкага чалавека — прапанова спакуслівая...
Зрэшты, можна абысціся і меншымі выдаткамі. Выбіраеце любую з 30 мільярдаў трыльёнаў зорак, што ёсць у аглядным Сусвеце, заказваеце ў любой паліграфічнай канторы «сертыфікат» — і вуаля! Маеце, па сутнасці, тое ж самае, але без пераплаты. І можаце смела прэзентаваць дарагому вам чалавеку. А калі хто прычэпіцца з пытаннямі, адказвайце, што зорка зарэгістравана ў вашым асабістым каталозе.
Хоць шанц даць зорцы імя, што будзе прызнана ва ўсім свеце, вы маеце. Для гэтага досыць усяго толькі... самастойна адкрыць гэтую зорку! І колькі б ні было нулёў на вашым банкаўскім рахунку, іншых магчымасцяў міжнародная навуковая супольнасць не прадугледжвае.
Валянцін БОЙКА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.