Вы тут

Вырасце сад, падрастуць і дзеці


Гэтай вясной дэкаратыўныя фруктовыя дрэвы і кустоўе рэдкіх парод плануюць высадзіць разам свяшчэннаслужыцелі, урачы, шматдзетныя матулі і жанчыны, якія пагадзіліся ў крызіснай сітуацыі захаваць цяжарнасць. Упрыгожыць плануецца некалькі ўстаноў аховы здароўя і храмаў у кожнай вобласці. У Міністэрстве аховы здароўя спадзяюцца, што першы падобны вопыт стане штогадовым і будзе сімвалізаваць вяртанне да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.


— Тэматыка прыроднага ўладкавання з'яўляецца для нашага прыхода прыярытэтнай, — кажа старшыня Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску протаіерэй Павел СЯРДЗЮК. — Рэспубліканская акцыя нездарма атрымала назву «Сакуры цвет на зямлі беларускай». Святы раўнаапостальны Мікалай Японскі быў закліканы некалі ў Японію па просьбе першага консула Расійскай імперыі ў Японіі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча — выпускніка Мінскай духоўнай семінарыі, ураджэнца Беларусі, які завяршыў свой зямны шлях недалёка ад Астраўца. Дакладнае месца пахавання, на жаль, дагэтуль невядомае. Праз судакрананне з Японіяй мы, можа быць, адкрыем і невядомыя старонкі жыцця сына Беларусі. А пакуль ужо ў лютым будзем нарыхтоўваць пасадачны матэрыял.

Дрэвы і кустоўе прадаставіць Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, у якім захоўваецца генафонд больш як 12 тысяч найменняў раслін. Дарэчы, сакура, якая адносіцца да групы вішні, таксама там ёсць. Але ў межах акцыі плануецца высадзіць іншыя дрэвы і кустоўе. Гэта можа быць, напрыклад, алыча, вішня лямцавая, айва японская, бружмель сіні, чарнаплодная рабіна, кізіл... «Гэта вельмі важнае ўменне — сузіраць прыгажосць, нікуды не спяшацца, а проста атрымліваць асалоду ад таго, што бачыш, і гэта было б карысна пераняць з Усходу», — заўважае загадчык лабараторыі інтрадукцыі драўнінных раслін Цэнтральнага батанічнага сада, кандыдат біялагічных навук Ігар ГАРАНОВІЧ.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.