Вы тут

Як былы афіцэр-дэсантнік стаў вучоным-матэматыкам


У загадчыка кафедры вышэйшай матэматыкі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта нават падчас студэнцкіх канікулаў няма адноснага зацішша: сесія завочнікаў, процьма арганізацыйных пытанняў, а яшчэ некалькі калег грыпуюць, даводзіцца тэрмінова знаходзіць падмену. Таму ўсё робіцца хутка, дакладна, без мітусні. Вайсковая жылка нікуды не дзелася. Хоць ваенную службу Леанід Махніст пакінуў ужо чвэрць стагоддзя таму.


Леанід Пятровіч працуе на кафедры без малога 20 гадоў, з якіх восем кіруе ёй. За плячыма — абарона дысертацыі і больш за 150 навуковых і метадычных прац. А колькі студэнтаў прайшло праз яго рукі! У тэхнічнай ВНУ практычна ўсе матэматыку вывучаюць чатыры семестры — гэта адзін з галоўных прадметаў. Навуковая работа і работа з моладдзю цяпер сталі асноўным зместам жыцця былога афіцэра-дэсантніка.

Не, ён не рыхтаваў сябе да ваеннай службы і, здаецца, не асабліва марыў аб кар'еры вайскоўца. Хлопчык з Глыбокага Віцебскай вобласці пайшоў у школу ў шэсць гадоў. Рана навучыўся чытаць, пісаць, лічыць, а маці была настаўніцай, узяла і адправіла сына ў школу раней. А ў 16 гадоў Леанід стаў студэнтам мехмата БДУ. Пасля ўніверсітэта мог бы пайсці супрацоўнікам у які-небудзь даследчы інстытут ці ўладкавацца на прэстыжнае прадпрыемства. Але, паводле яго слоў, савецкага хлопца прыцягвала рамантыка вайсковага жыцця, яго марай было паслужыць у дэсантнай часці. Відаць, на гэта паўплывала біяграфія бацькі, франтавіка. Пётр Махніст на вайне служыў у палкавой разведцы.

Усяго за чатыры месяцы стаў кавалерам ордэна Славы, быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», потым атрымаў цяжкае раненне, якое выключыла службу ў разведцы. І хоць бацька не любіў расказваць пра ваенныя будні, недзе на ўзроўні падсвядомасці яго прыклад уплываў на светапогляд сына. Карацей, у армію ён прыйшоў па ўласным жаданні пасля праходжання ваеннай кафедры пры БДУ.

Леанід Пятровіч лічыць, што падрыхтоўку ў межах універсітэцкай ваеннай кафедры ён атрымаў даволі добрую. У той час многія з яе выкладчыкаў былі франтавікамі — падпалкоўнікі і палкоўнікі. Яны давалі рэальную базу ў плане навучання артылерыстаў.

Такім чынам, 21-гадовы Леанід Махніст у 1982 годзе паступіў на службу ў даволі вядомую тады 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду, якая дыслацыравалася ў Брэсце. Ну а ў тыя гады практычна ўсе дэсантнікі ў розны час накіроўваліся ў Афганістан. Так, у 56-й дэсантна-штурмавой брыгадзе, якая знаходзілася ў горадзе Гардэзе правінцыі Пакція, прыкладна за 130 кіламетраў ад Кабула, у 1985 годзе з'явіўся новы камандзір узвода старшы лейтэнант Махніст. Больш чым за два гады афганскай камандзіроўкі паспеў паслужыць намеснікам камандзіра батарэі, затым — памочнікам начальніка артылерыі брыгады.

— Што ўжо пра гэта гаварыць, 30 гадоў прайшло, звычайная армейская работа, — адказвае на мае пытанні былы «афганец».

Спрабую не пагадзіцца: мусіць жа не зусім звычайная, калі і сёння без запінкі называецца тэрмін гэтай работы: два гады, два месяцы і 16 дзён, а ў альбоме захаваліся тры календары, дзе кожны з гэтых дзён адзначаны. А яшчэ ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі», якія ўпрыгожваюць парадны кіцель, мабыць, былі б і іншыя баявыя ўзнагароды, але прадстаўленні часам губляюцца ў штабных кабінетах, так бывае на вайне...

Пытаюся ў Леаніда Пятровіча, з якім адчуваннем ён глядзіць цяперашнія фільмы, зробленыя на тэму вайны ў Афганістане. Кажа, што яны, мякка кажучы, не натхняюць:

— Там палова, калі не большая, таго, чаго не было насамрэч. Зразумела, што рэжысёрам, каб трымаць гледача, патрэбна рабіць стужку ў стылі баевіка, альбо паказваць абавязкова гераізм і здраду амаль на мяжы фолу. У рэальнасці ўсё недзе складаней, а месцамі — прасцей. Часта наша жыццё там было звычайнымі буднямі, дзе мы стараліся максімальна ўладкаваць свой побыт, імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго.

І яшчэ, нягоднікі ёсць заўсёды і ўсюды. Але там не было самаволкі, дзедаўшчыны, рукапрыкладства, што сустракаецца ў звычайных армейскіх калектывах, альбо здараліся выпадкі зусім адзінкавыя. Там гэтыя заганы вылечваюцца патрэбай калектывізму як надзейнага спосабу выжывання. А яшчэ мне вельмі пашанцавала з брыгадай, падабраліся надзвычай прыстойныя хлопцы-афіцэры, з якімі было добра служыць. І гэта важна, важней за многае іншае.

Усё, сапраўды, то прасцей, то складаней, чым паказваюць у фільмах. А жыццё, яно само па сабе не простае, — працягвае суразмоўца. — Цяпер часам успамінаю сваіх камандзіраў, тады падпалкоўнікаў. Адзін з іх, генерал-маёр Віталь Анатолевіч Раеўскі, па сутнасці, ствараў мабільныя сілы незалежнай Украіны. Яго ўжо, на жаль, няма з намі. Другі — генерал-палкоўнік Валерый Генадзевіч Яўневіч, герой Расіі, быў ваенным прадстаўніком Расіі пры НАТА... Ва ўсіх розныя лёсы, розныя дарогі пасля вайны. Галоўнае, вярнуцца з вайны жывым. А тым, хто вярнуўся, самым важным станавілася ўладкаваць далейшае жыццё.

Гвардыі капітан Махніст пасля вяртання з Афганістана яшчэ служыў у дэсантнай брыгадзе ў Брэсце. А пасля развалу Савецкага Саюза вырашыў звальняцца з арміі і рэалізоўваць сябе па асноўнай грамадзянскай спецыяльнасці. Нейкі час папрацаваў у Брэсцкім філіяле інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук, а потым прыйшоў у тэхнічны ўніверсітэт. У графе анкеты «навуковыя інтарэсы» ён звычайна піша: функцыянальны аналіз, дыферэнцыяльныя ўраўненні, тэорыя імавернасцяў, нейронныя сеткі і іх дадаткі. У ваенкамаце яму неяк сказалі, што сярод воінаў-афганцаў ён адзіны матэматык з вучонай ступенню, і не толькі ў Беларусі. Можа, і так. Леанід Пятровіч не правяраў гэтую інфармацыю, але і калег сярод саслужыўцаў-інтэрнацыяналістаў не сустракаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Звычайная армейская работа: 2 гады, 2 месяцы, 16 дзён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».