Вы тут

У Беларусі плануецца стварыць 70 тысяч дадатковых працоўных месцаў


Рэструктурызацыя прадпрыемстваў павінна быць сацыяльна адказнай.

На выніковай калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, акрамя падвядзення вынікаў работы ў 2016 годзе, былі намечаны планы на гэты год. У адным з мінулых нумароў мы ўжо пісалі пра тое, якой будзе палітыка міністэрства ў сферы аплаты працы. Сёння гаворка пойдзе аб рынку працы, пенсіях і сацпадтрымцы.


Плануецца стварыць 70 тысяч дадатковых працоўных месцаў

Асаблівая ўвага была ўдзелена захаванню стабільнай сітуацыі на рынку працы ў краіне. «Не павінна быць пустых размоў пра тое, што аптымізацыя — гэта аўтаматычнае скарачэнне», — адзначыў, у прыватнасці, віцэ-прэм'ер Васіль Жарко.

Між тым праведзеная ў краіне кадравая дыягностыка выявіла залішнюю колькасць працуючых у арганізацыях Беларусі на ўзроўні амаль 6%. І, як заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч, працэс рэструктурызацыі цягне за сабой вызваленне часткі работнікаў. «Да аптымізацыі трэба падыходзіць абдумана, — сказаў Андрэй Лабовіч. — Яна павінна быць сацыяльна адказнай. Там, дзе гэта трэба, мэтазгодна прыцягваць да вырашэння праблемы і ўлады, і бізнес, і прафсаюзы».

Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны разам з сацыяльнымі партнёрамі былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па сацыяльна адказнай рэструктурызацыі прадпрыемстваў. Калі гаварыць проста, гэта пакрокавае кадравае пераразмеркаванне работнікаў з аднаго прадпрыемства на іншае. «Але, на жаль, далёка не ўсюды гэтыя метадычныя рэкамендацыі працуюць. Магчыма, нам разам з вамі трэба падумаць аб тым, як перайсці на новы ўзровень, замацаваўшы іх заканадаўча», — прапанавала намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.

На калегіі абмяркоўваліся і пытанні распрацоўкі механізму страхавання ад беспрацоўя, а таксама мэтазгоднасць стварэння сістэмы страхавання рызыкі нявыплаты зарплаты пры банкруцтве арганізацый. На думку першага намесніка міністра, станоўчае рашэнне па ўкараненні сістэмы страхавання ад беспрацоўя будзе спрыяць папярэджанню малазабяспечанасці людзей, якія сталі беспрацоўнымі, а таксама павысіць удзел наймальнікаў і работнікаў у папярэджанні беспрацоўя і пераадоленні яго наступстваў.

Адной з задач на 2017-ы ў Мінпрацы і сацабароны называюць утрыманне ўзроўню рэгіструемага беспрацоўя ў межах 2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры гэтым адзначаецца, што, нягледзячы на павелічэнне попыту на працоўную сілу, зніжэнне сярэдняй працягласці беспрацоўя і сярэдняга перыяду працаўладкавання, па-ранейшаму захоўваецца дысбаланс попыту і прапановы на рынку працы і вымушаная няпоўная занятасць. Таму стварэнне новых працоўных месцаў названа як адна з ключавых задач мясцовых органаў улады. У 2017 годзе плануецца працаўладкаваць на зноў створаныя працоўныя месцы 70 тысяч чалавек.

Усе звароты аб страхавым стажы павінны быць разгледжаны

У апошнія гады пенсійныя выдаткі складаюць каля 9% ВУП нашай краіны. Цяпер у Беларусі налічваецца больш за 2,5 млн пенсіянераў. Як адзначаюць у Мінпрацы і сацабароны, пенсіі і дапамогі выплачваюцца своечасова і ў поўным аб'ёме. Забяспечваюцца суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні каля 40%. Гэты паказчык павінен захавацца і ў 2017 годзе.

— Пенсіі залежаць ад стажу і заробку. Памеры працоўных пенсій могуць адрознівацца больш чым у тры разы. Максімальная пенсія па ўзросце вышэйшая за сацыяльную пенсію практычна ў шэсць разоў. Максімальная пенсія ў непрацуючага пенсіянера па ўзросце можа складаць каля 70% сярэдняй зарплаты ў краіне. Пры налічэнні да пенсіі надбавак і павышэнняў гэтыя суадносіны яшчэ вышэйшыя, — адзначае Андрэй Лабовіч.

За 2016 год сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросце склаў 292,22 руб., у тым ліку ў снежні — 305,79 руб. Сярэднямесячны памер мінімальнай пенсіі па ўзросце склаў 213,07 руб., у тым ліку ў снежні — 221,59 руб. Суадносіны мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце і бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера летась раўняліся 165,3%.

«У мінулым годзе былі прыняты няпростыя, але абсалютна неабходныя рашэнні па павышэнні пенсійнага ўзросту і новых патрабаваннях па страхавым стажы», — лічыць Васіль Жарко. Аднак віцэ-прэм'ер адзначыў, што паступаюць звароты грамадзян адносна страхавога стажу для прызначэння пенсіі, і даручыў разгледзець гэтыя сітуацыі і прыняць разумнае і ўзважанае рашэнне, а пры неабходнасці і скарэктаваць некаторыя моманты.

Акрамя таго, намеснік прэм'ер-міністра запатрабаваў, каб усе ўстановы сацыяльнага абслугоўвання давалі насельніцтву якасныя і запатрабаваныя паслугі. Пры гэтым Васіль Жарко лічыць неабходным узмацніць узаемадзеянне Мінпрацы і сацабароны з Міністэрствам аховы здароўя. Напрыклад, улічваючы тое, што чарговасць пры пасяленні ў дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю яшчэ актуальная ў некаторых рэгіёнах, віцэ-прэм'ер лічыць магчымым размяшчаць людзей, якія маюць патрэбу ў такіх дамах-інтэрнатах, у свабодных будынках ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі.

Будзе ўзмоцнена падтрымка найбольш уразлівых катэгорый сем'яў

Летась у асобных арганізацыях практычна кожнага рэгіёна была адзначана запазычанасць па выплаце дапамог на дзяцей. Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў гэтай сітуацыі былі прынятыя аператыўныя меры. У асобных выпадках прымаліся рашэнні аб выплаце дапамог органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Цяпер, па словах Андрэя Лабовіча, запазычанасці па выплаце дапамог няма, надалей гэтае пытанне будзе трымацца на асаблівым кантролі.

Спецыялісты адзначаюць, што летась упершыню быў дасягнуты натуральны прырост насельніцтва, і лічаць вельмі важным захаваць станоўчыя тэндэнцыі нараджальнасці. Для гэтага, як лічыць Андрэй Лабовіч, неабходна падтрымаць самыя ўразлівыя катэгорыі сем'яў, якія не маюць магчымасці ўласнай працай забяспечыць свой дабрабыт. Гэта сем'і з дзецьмі-інвалідамі, а таксама сем'і, дзе самі бацькі з'яўляюцца інвалідамі.

Зараз рыхтуецца да другога чытання ў Палаце прадстаўнікоў праект закона аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Дакумент змяшчае новыя нормы, накіраваныя на ўзмацненне сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян.

Так, бацькам, якія даглядаюць дзіця-інваліда, плануецца даць права працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці або дома, пры гэтым выплата дапамогі па доглядзе за дзіцем будзе захавана. Прапануецца таксама павысіць памер дапамогі па доглядзе за дзіцем-інвалідам, якому ўстаноўлена трэцяя ці чацвёртая ступень страты здароўя.

Жанчынам, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры, прапануецца даваць даплату да памеру дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў за перыяд пасля нараджэння дзіцяці. Таксама мясцовым органам улады будуць прадастаўлены больш шырокія паўнамоцтвы па аказанні сацыяльных паслуг сем'ям з дзецьмі.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Аб рынку працы, пенсіях і дапамогах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».