27 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду па ўдасканаленні працы кантрольных органаў


Бізнес для большасці ўвасабляе перш за ўсё незалежнасць, магчымасць усё вырашаць самастойна. Ну і, натуральна, шмат грошай, новыя машыны і іншыя матэрыяльныя асалоды ад жыцця. Але гэта — толькі адзін бок медаля. Іншы — ненармаваны графік працы, неабходнасць своечасова вярнуць банку крэдыт, адказнасць за людзей, якія працуюць на тваім прадпрыемстве, эканамічныя рызыкі... Як правіла, сваю справу могуць годна развіваць менавіта тыя людзі, якія арыентуюцца на другі — трошкі менш прывабны, але нашмат больш рэалістычны сцэнарый. Вялікае значэнне яны маюць і для дзяржавы.


Калі ёсць жаданне, усё магчыма

Учора Прэзідэнт краіны Аляксандр ЛУКАШЭНКА правёў нараду з членамі рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння лішніх патрабаванняў для бізнесу. Акцэнты — на перагляд сутнасці працэдур кантролю, выкараненне абсурдных патрабаванняў і нарматываў для бізнесу і на наладжванне адкрытага дыялогу прадпрымальнікаў і дзяржавы. А самае галоўнае, на разняволенне дзелавой ініцыятывы.

— Мы сталі не проста прапаведаваць, але і развіваць новую эканоміку. Што цалкам падтрымліваю, прызнаю і на што заўсёды хацеў бы рабіць упор: гэта эканоміка павінна ў дзелавым плане разняволіць чалавека, — сказаў Прэзідэнт.

Заўсёды актуальная простая ісціна: калі нечага сапраўды хочаш, то абавязкова зможаш гэтага дасягнуць. Тое ж самае і ў бізнесе. Калі чалавек прыходзіць туды з сур'ёзнымі намерамі і цалкам усведамляе адказнасць, свае пэўныя абавязкі, у першую чаргу, перад тымі, хто прыйдзе працаваць у яго фірму, то і справа стане паспяховай. Для нашай эканомікі такі бізнес вельмі выгадны: гэта гарантыя дабрабыту людзей, іх стабільнай і належнай зарплаты.

Без татальнага кантролю

Розныя праверкі павінны быць зведзены да мінімуму — адно з асноўных патрабаванняў Прэзідэнта. Уся адказнасць — на кіраўніку, і адказваць, калі што, будзе ён. Тады кіраўнік будзе сам зацікаўлены ў тым, каб на вытворчасці ўсё было ў парадку.

— Кожны працоўны дзень у краіне адбываецца каля чатырохсот пяцідзесяці розных праверак, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею гэтую лічбу. Электрык прыйшоў паглядзеў на лічыльнік — гэта таксама праверка. Таму тут не трэба груба падыходзіць.

У той жа час здараецца, што з пазапланавымі візітамі кантралёры наведваюць буйныя прадпрыемствы да паўсотні і болей разоў на год.

— Думаю, што хопіць захапляцца татальным кантролем, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Настаў час пераглядзець саму сутнасць кантролю. Асноўны акцэнт тут трэба ставіць на канчатковы вынік, а не на праверку дзеля яе самой. Калі прадпрыемства працуе, плаціць падаткі і на яго няма ніякіх скаргаў, то не трэба перашкаджаць людзям займацца справай. Гэта ключавое патрабаванне кіраўніка дзяржавы.

Неабходна перагледзець і падыходы да назначэння праверак. План іх правядзення фарміруецца Камітэтам дзяржаўнага кантролю на кожны каляндарны год.

— Але хіба ён выконваецца? — задаўся пытаннем Прэзідэнт. — Толькі ў 2016 годзе доля праведзеных па-за планам мерапрыемстваў склала амаль 80% ад агульнай колькасці па краіне. У гэтай сувязі нагадаю кіраўнікам, што давалі такія распараджэнні: калі законы сапраўды не выконваюцца, значыць, вы неэфектыўна займаецеся прафілактыкай іх парушэнняў.

Планавыя праверкі, па словах Прэзідэнта, таксама падлягаюць скарачэнню:

— Толькі летась іх праведзена каля пяцідзесяці тысяч. Іншымі словамі, кожны восьмы суб'ект гаспадарання. Гэта вельмі шмат. Асабліва для нашай невялікай дзяржавы.

Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што кантрольныя функцыі не павінны здзяйсняцца камерцыйнымі арганізацыямі. Гэта — прэрагатыва дзяржавы.

Зачараванае кола: знайсці выйсце

Тэма праверак прадпрымальнікаў узнімалася падчас вялікай размовы з Прэзідэнтам, што адбылася ў пачатку месяца. Тады Аляксандр Лукашэнка прапанаваў перагледзець гэту сістэму ў бок скарачэння кантрольных мерапрыемстваў.

Асобна кіраўнік дзяржавы падчас учарашняй нарады выказаўся за спрашчэнне патрабаванняў да вядзення бізнесу:

— Размова ідзе пра ліцэнзаванне, але ў першую чаргу пра адміністрацыйныя працэдуры, якіх у нас сёння вельмі шмат — мне кажуць, каля дзевяцісот. Пры гэтым для адкрыцця нават невялікага кафэ іх патрабуецца каля дванаццаці. На гэта, па самых сціплых падліках, ідзе паўгода. Толькі ўдумайцеся — паўгода! Любы чалавек проста махне рукой...

Неабходна перагледзець увесь масіў патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, якія часам увогуле нерэальна выканаць. Агульная колькасць прынятых у краіне тэхнічных актаў — больш за шэсць з паловай тысяч. З іх больш за 500 з'яўляюцца абавязковымі. Некаторыя патрабаванні даходзяць да абсурду, калі затраты на іх выкананне перавышаюць даходы ад самой дзейнасці:

— Што да некаторых нормаў, то ўвогуле незразумелая логіка. Узяць, напрыклад, патрабаванні да вышыні памяшканняў аб'ектаў харчавання. Ад падлогі па столі яна павінна быць не менш за тры метры. Чаму не 2,80? Не тры с паловай? Зразумела, у сучасных гарадскіх збудаваннях гэта, тэарэтычна, магчыма. А як быць з будынкамі мінулых стагоддзяў? Атрымліваецца, што ў некаторых з іх нельга будзе адкрыць кафэ і здзівіць там замежнікаў нацыянальнай кухняй у гістарычным або нейкім іншым антуражы. Як быццам у кожнага з вас на кухні столь вышынёй тры з лішнім метры! Ніхто не атруціўся, усе жывыя і здаровыя, кормяць там дзяцей.

Краіна імкнецца паказаць сваю гасціннасць, падпісаны Указ аб адмене віз — для прыцягнення замежных гасцей, не першы год развіваецца агратурызм,
Беларусь прэзентуецца замежным турыстам. Але ўсім гэтым намаганням можа перашкодзіць... недастатковая вышыня столі.

Таму, відаць, не дзіўна, што ключавое патрабаванне — вельмі лаканічнае: не трэба нічога ўскладняць. Простыя патрабаванні лягчэй выконваць, іх зможа без юрыдычнай дапамогі зразумець любы індывідуальны прадпрымальнік.

Яшчэ адно патрабаванне кіраўніка дзяржавы: частка ўстаноўленых правілаў павінна быць максімальна спрошчана або адменена. Санітарныя нормы прызначаны ахоўваць здароўе людзей і папярэджваць узнікненне інфекцыйных захворванняў — і не больш за тое.

Яшчэ раз пра кантакты

Падчас нарады Прэзідэнт звярнуўся да прадстаўнікоў дзелавых колаў, якія таксама прымалі ў ёй удзел. Паколькі менавіта бізнесменам падчас працы даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам патрабаванняў і шэрагам праверак, кіраўнік дзяржавы заклікаў усіх да максімальна адкрытага дыялогу ў групе:

— Расказвайце аб існуючых праблемах, уносьце канструктыўныя прапановы і — самае галоўнае — нічога не бойцеся. Ніякага ціску і прэсінгу з боку кантрольных і іншых структур не будзе. Гэта я вам як кіраўнік дзяржавы абяцаю.

Каментарыі ў тэму

Удзельнікі нарады ў Прэзідэнта падзяліліся з журналістамі сваім бачаннем сітуацыі і таго, як можна рэалізаваць даручэнні кіраўніка дзяржавы.

Уладзімір КАЛТОВІЧ, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю:

– Пры стварэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адной з асноўных задач ставілася развіццё ў Беларусі раўнапраўнай добрасумленнай канкурэнцыі, дзе перад законам роўныя ўсе формы ўласнасці. У сувязі з гэтым яшчэ ў мінулым годзе пры міністэрстве была створана рабочая група, якая асноўнай мэтай сваёй дзейнасці ставіла лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу ў грамадскім харчаванні. У выніку былі значна скарочаныя працэдуры, спрошчаны правілы вядзення бізнесу. Мы разам з Міністэрствам аховы здароўя і пры актыўным удзеле бізнес-супольнасці распрацавалі новыя санітарныя нормы і правілы. З 300 пунктаў пакінулі толькі 170. Міністэрства таксама прапануе пры выяўленні фактаў недобрасумленнай канкурэнцыі не караць суб'ект, які парушыў закон, калі ён ліквідуе прычыну выяўленай нядобрасумленнай канкурэнцыі. Штрафныя санкцыі будуць прымяняцца толькі ў выпадку выяўлення паўторнага парушэння.

Анатоль ЧОРНЫ, Міністр будаўніцтва і архітэктуры:

– У будаўнічым комплексе на сёння існуе больш за 2 тысячы тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), і раней, да прыняцця Тэхнічнага рэгламенту, усе яны былі абавязковыя для выканання. У апошні час Міністэрствам праведзена значная работа па скарачэнні колькасці абавязковых ТНПА, і цяпер іх налічваецца 125. Усе астатнія носяць рэкамендацыйны характар. Ужо вялікая праца праведзена. Але тым не менш мы ставім перад сабой задачу скараціць гэтую лічбу яшчэ на 40%. 

Надзея ЮШКЕВІЧ

 yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Бізнес: свабода ці адказнасць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.