Вы тут

Ці можа моладзь адрозніць арыгінал ад кантрафакту?


Стаўленне моладзі да кантрафактнай прадукцыі і нелегальнага гандлю ўпершыню аказалася ў цэнтры ўвагі штогадовага сацыялагічнага даследавання «Маладзёжны брэнд», якое праводзіцца асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» сумесна з Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў Цэнтральнага камітэта БРСМ.


Выбар гэтай тэмы быў выкліканы некалькімі прычынамі. Па-першае, адным з кірункаў дзейнасці асацыяцыі «БелБрэнд» з'яўляецца стварэнне прафесійнай дыскусійнай пляцоўкі па актуальных праблемах абароны інтэлектуальнай уласнасці і адстойванне інтарэсаў бізнесу, у тым ліку і на міждзяржаўным узроўні. Маладзёжнае прадпрымальніцтва — вельмі важны сегмент бізнесу, аднак узровень ведаў і каштоўнасныя ўстаноўкі маладых людзей у сферы абароны інтэлектуальнай уласнасці да гэтага часу не былі прадметам сацыялагічных даследаванняў.

Яшчэ адна прычына — шматвектарнасць эканамічных і гандлёвых адносін, што павышае рызыку пранікнення ў нашу краіну кантрабанднай і кантрафактнай прадукцыі, а таксама яе транзіту ў еўрапейскія краіны. Акрамя таго, існуе прамая ўзаемасувязь паміж нелегальным гандлем, распаўсюджваннем кантрафактнай прадукцыі і такімі з'явамі, як тэрарызм, карупцыя і рост эканамічных злачынстваў.

Як паказалі вынікі апошняга даследавання, якое завяршылася напрыканцы 2016 года, у цэлым моладзь мае ўяўленне пра тое, што такое кантрафактная прадукцыя, і можа разважаць на гэтую тэму. Аднак траціна апытаных альбо не ведае зусім, альбо маладым людзям праблематычна растлумачыць, што маецца на ўвазе пад тэрмінам «кантрафактная прадукцыя». Большасць рэспандэнтаў (56%) спецыяльна не цікавяцца кантрафактнай прадукцыяй і месцамі яе набыцця. Толькі 13% рэспандэнтаў займаюцца пошукам падобнай інфармацыі. 96% рэспандэнтаў, якія наўмысна шукаюць інфармацыю аб кантрафактнай прадукцыі і месцах яе набыцця, выкарыстоўваюць для гэтага інтэрнэт.

З прапанаваных для ацэнкі груп тавараў рэспандэнты найбольш актыўна падтрымліваюць арыгінальных вытворцаў прадуктаў, лекаў і біялагічна актыўных дабавак. А найбольш індыферэнтнай моладзь аказалася ў адносінах да кантрафактнага адзення і абутку — на карысць арыгінальнага тавару выказаліся толькі на 16% рэспандэнтаў больш.

Не будуць набываць кантрафактную прадукцыю 28% апытаных, «хутчэй за ўсё не будуць» — яшчэ 27%. Такім чынам, большасць рэспандэнтаў (55%) у той ці іншай меры схільныя адмовіцца ад усвядомленага набыцця кантрафактнай прадукцыі.

Цвёрдае «так» набыццю кантрафактнай прадукцыі сказалі 11% апытаных. 22% прызналіся, што «хутчэй за ўсё, яны будуць яе набываць». Не вызначыліся з адказам яшчэ 12%.

Як высветлілася, для моладзі асноўны матыў усвядомленага набыцця кантрафактнай прадукцыі — больш нізкі яе кошт у параўнанні з арыгіналам (85%). Таксама сярод вядучых матываў фігуруе «прымальны ўзровень якасці» (45%) і даступнасць кантрафактнай прадукцыі для набыцця ў месцы, дзе пражывае рэспандэнт (37%).

Сярод прычын усвядомленай адмовы ад кантрафакту найбольш важным для рэспандэнтаў матывам выступае яго нізкая якасць у параўнанні з арыгінальнай прадукцыяй (64%). Таксама на адмову ад набыцця падробак аказвае ўплыў негатыўны вопыт набыцця і выкарыстання кантрафактнай прадукцыі ў мінулым (29%) і прынцыповая ўстаноўка рэспандэнтаў на адмову ад набыцця і эксплуатацыі падробак (25%). Дарэчы, толькі каля 6% апытаных заявілі пра падтрымку такім чынам аўтара і яго правоў.

Даволі супярэчліва выказваліся рэспандэнты і наконт абароны інтэлектуальнай уласнасці. З аднаго боку, 63% удзельнікаў апытання лічаць, што неабходна прымаць меры па абароне інтэлектуальнай уласнасці. Крыху менш за палову рэспандэнтаў таксама адзначылі, што правядзенне спецыялізаваных семінараў і заняткаў па абароне інтэлектуальнай уласнасці неабходнае ў сучасных рэаліях (48%), аднак толькі 23% з апытаных маладых людзей сёння гатовыя наведваць семінары падобнага роду.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Арыгінал супраць падробкі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.