Вы тут

Рызыка ці камфорт?


Сістэмы камп'ютарнай бяспекі апошнім часам актыўна падвяргаюцца крытыцы. І быццам бы па справе — то хакеры здолелі ўзламаць самы папулярны электрамабіль Tesla, дыстанцыйна прымусііўшы машыну тармазіць, зачыняць багажнік і складваць бакавыя люстэркі, то ў сеціва трапляе інфармацыя пра пасажыра самалёта, які падключыўся да забаўляльнай сістэмы пасажырскага самалёта Boeіng і прымусіў адзін з рухавікоў пачаць набіраць абароты... Ды што там тэхніка — расійскіх хакераў абвінавачваюць ва ўмяшанні ў ход перадвыбарчай кампаніі ў ЗША. А гэта, між іншым, краіна, у якой сканцэнтраваны ўсе найноўшыя распрацоўкі ў сферы бяспекі даных. «Лабараторыя Касперскага» ўвогуле прагназуе падзенне цікаўнасці да сацыяльных сетак у 2017 годзе з-за павелічэння колькасці кібератак і ўцечак асабістай інфармацыі карыстальнікаў.


З аднаго боку, небяспека насамрэч сур'ёзная. Камп'ютарныя тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх сферах. Алгарытмы кіруюць вытворчасцю, фінансамі і нават элементамі абароны цэлых краін. У быце нікога ўжо не здзівіш электрамабілямі, «разумнымі» гадзіннікамі ці «разумным» домам. Але ўсе яны ў выпадку атакі хакераў з «разумных» могуць ператварыцца ў небяспечныя, а пра ўмяшанне ў сістэмы кіравання зброяй і казаць няма чаго. Дык, можа, сапраўды наспеў час адмовіцца ад празмернага выкарыстання высокіх тэхналогій?

З іншага боку, усе, хто крычыць пра небяспеку электронных сістэм і падлічвае колькасць тэхнічных яе збояў, чамусьці не задумваюцца, колькі чалавечых жыццяў за апошнія гады было выратавана дзякуючы аўтаматыцы. Узяць тую ж авіяцыю. Цяпер самалёты літаральна нашпігаваныя электронікай, якая ў большасці выпадкаў здольная нівеліраваць чалавечы фактар і папярэдзіць аварыю. Напрыклад, адной з распаўсюджаных праблем пры пасадцы паветраных суднаў у ранейшыя часы была нізкая бачнасць. Але існуючыя сістэмы аўтаматычнага прызямлення дазваляюць паспяхова садзіцца, нават калі чалавек бяссільны. Уявіце, колькі трагедый не здарылася, дзякуючы гэтаму.

Паўсюдная аўтаматызацыя адкрывае перад намі проста неверагодныя магчымасці. Ужо некалькі гадоў шэраг амерыканскіх кампаній і ўніверсітэтаў тэсціруе сістэмы аўтаматычнага кіравання аўтамабілямі. Машыны без кіроўцаў, якія стварыла кампанія Google, «наматалі» па дарогах ЗША ўжо дзясяткі тысяч кіламетраў і трапілі толькі ў адну аварыю. Здагадайцеся з трох разоў, хто быў вінаваты ў тым ДТЗ? Вядома, чалавек. Калі ўявіць сабе, што ўсе машыны стануць «беспілотнымі», пра гібель людзей на дарогах можна будзе, фактычна, забыць.

Але што рабіць са збоямі ў электроніцы ці ўмяшаннем у яе работу праславутых хакераў? Любая праграмная хіба ці «пралаз», якім могуць скарыстацца нядобрасумленныя людзі, выпраўляецца і закрываецца за вельмі кароткі час. Некаторыя вытворцы «софту» нават маюць спецыяльныя праграмы: тыя, хто знайшоў падобныя праблемы і паведаміў пра іх, заахвочваюцца фінансава. Вядома, рызыка будзе існаваць заўсёды, але не вяртацца ж з-за яе ў каменны век?

Я ўжо даволі доўгі час прынцыпова амаль не карыстаюся папяровымі грашыма. Усе фінансы трымаю на картцы, не баюся злодзеяў, імгненна аплачваю ўсе паслугі і не стаю ў чэргах. Свае фотаздымкі і важныя файлы захоўваю не на фізічных носьбітах, а ў «воблаку» і не хвалююся, што разам з тэлефонам ці вінчэстарам страчу дарагія для мяне ўспаміны. Тое самае і з музычнай калекцыяй — усё песні любімых выканаўцаў набываю ў сеціве і магу слухаць іх паўсюль, дзе ёсць інтэрнэт. Так, ёсць дробны шанц, што грошы трапяць да махляроў, а фота ўкрадуць хакеры (зрэшты, нічога цікавага там не знойдуць). Але асабіста я гатовы плаціць за камфорт і зручнасць невялікай рызыкай. А вы?

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».