25 Сакавік, субота

Вы тут

Як жыве сям'я вытворцаў сыру


«Дома кіруе муж, а на прадпрыемстве я. Вось і атрымліваецца раўнавага!» — усміхаецца майстар Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода Таццяна АПАНОВІЧ. Дзяўчына прызнаецца, што з радасцю памянялася б ролямі, — важная пасада на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада адымае ў яе нямала часу. Таму дзецьмі займаецца пераважна іх бацька Вадзім, які працуе на гэтым жа заводзе рабочым. Увогуле ж, значных мінусаў у тым, што сям'я не разлучаецца нават на рабоце, яна не бачыць.


Калі прыспеў час...

— Я родам з Іванава, гэта зусім непадалёк ад Кобрына, — расказвае Таццяна. — Пасля школы паступіла ў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж. Чаму выбрала такую прафесію? Вельмі люблю згушчонку! А калі сур'ёзна, не бачыла сябе на ніякай іншай рабоце — з дзяцінства вызначылася, што буду працаваць у гэтай сферы. Вучылася амаль чатыры гады, мяне гэта па-сапраўднаму захапляла. Мы часта наведвалі профільныя прадпрыемствы ў Брэсце, Бярозе, Століне, іншых гарадах. Сюды ж упершыню трапіла, калі праходзіла практыку на трэцім курсе. Тады цэх яшчэ размяшчаўся ў старым будынку, але завод мяне ўсё адно ўразіў. Вельмі спадабаўся калектыў, падыход да працы. Ды і заробкі былі нядрэнныя нават у практыкантаў. Таму вырашыла: «Абавязкова прыйду сюды працаваць!»

Але першая спроба трапіць у Кобрын пасля заканчэння вучобы аказалася няўдалай, бо ў дзяўчыны зусім не было досведу. Акрамя таго, яе не маглі забяспечыць жыллём. Малады спецыяліст адправілася на малаказавод у родным Іванаве, дзе займалася вытворчасцю тварагу. Праз восем месяцаў прагучаў чаканы званок з Кобрына...

Таццяна пачынала працаваць у лабараторыі, дзе займалася аналізамі гатовай прадукцыі, а праз год (калі пабудавалі новы цэх) аказалася на цяперашняй пасадзе. Найбольшую частку працоўнага часу яна праводзіць у так званым падвале, дзе кіруе працэсам даспявання сыру. Пад яе наглядам тут працуюць каля сарака чалавек. Таксама ў зоне адказнасці майстра — кантроль адгрузкі гатовай прадукцыі на экспарт, пераважна ў Расію.

...цяпер даспявае прадукцыя

Працэс вырабу прадукцыі пачынаецца з так званых сыравыгатаўляльнікаў — спецыяльных ёмістасцяў, дзе ў малако дадаецца закваска і іншыя кампаненты. Праз некаторы час пры дапамозе бактэрый у іх утвараецца сырнае зерне, з якога фармуюцца галовы. Іх размяшчаюць на спецыяльныя стэлажы і пагружаюць у басейны з расолам. Тэрмін салення залежыць ад гатунку. Пасля заканчэння працэсу прадукт адпраўляюць на даспяванне ў падвал — тое месца, дзе адбываецца апошняя стадыя прыгатавання сыру.

Цвёрдыя гатункі (іх яшчэ называюць элітнымі) спеюць дастаткова доўга — да 180 сутак. Акрамя таго, такія сыры пакрываюць спецыяльнай харчовай фарбай, якая выступае ў ролі натуральнай упакоўкі. Паўцвёрдыя гатункі даходзяць да кандыцыі ў сярэднім за 25—30 сутак.

— Хоць у Іванаве я займалася пераважна тварагом, упершыню сутыкнулася з вытворчасцю сыра менавіта там, — прызнаецца Таццяна. — На прадпрыемстве выраблялі брынзу. Фактычна тады я і зразумела, што гэта найбольш цікавы для мяне кірунак. Некаму гэта можа падацца простым: зварыў сыр, рассартаваў па ўпакоўках — і прадавай. Але гэта не так. Трэба ўважліва сачыць за тэмпературай у памяшканнях, вільготнасцю і іншымі паказчыкамі, бо ўсё гэта адбіваецца на смаку прадукцыі. Тут няма нічога малазначнага. А яшчэ скажу, што работа не сумная і не аднастайная, таму змены праходзяць вельмі хутка.

Самае цяжкае ў прафесіі — гэта стасункі з людзьмі. Для ўсіх добрым не будзеш (а я лічу — і не трэба). Але я імкнуся быць да ўсіх падначаленых справядлівай.

А лепшае «хобі» — дзеці

— З Вадзімам мы пазнаёміліся яшчэ ў Пінску, вучыліся ў адной групе, — успамінае Таццяна. — Адразу заўважыла яго... Праўда, пасля вучобы ён адправіўся служыць у войска, а калі вярнуўся, я была ўжо ў Кобрыне. Таму, лічыце, перацягнула яго за сабой. Спачатку, можа, было цяжкавата працаваць разам, а цяпер прывыклі. На першым этапе здымалі жыллё, потым атрымалі крэдыт і набылі кватэру.

На прадпрыемстве Вадзім займаецца дробнай фасоўкай прадукцыі. Завод пераважна прадае сыр вялікімі партыямі і, адпаведна, цэлымі галоўкамі. Але некаторыя гандлёвыя сеткі просяць адразу дзяліць яго на больш дробныя кавалкі. Для гэтага тут усталявана спецыяльная лінія, на якой і працуе малады чалавек. Работа, паводле яго слоў, збольшага механічная, але ўсё адно патрабуе пэўнай кваліфікацыі і ведаў.

— Ці складана працаваць пад кіраўніцтвам жонкі? — задумваецца Вадзім. — Ды не, мы абое неканфліктныя, таму цяжкасцяў няма. Субардынацыю захоўваем, не прыслухацца да майстра я не магу. Скажу адно — пра работу дома мы не размаўляем.

Што датычыцца вольнага часу, то наша «хобі» — двое сыноў, увесь адпачынак праводзім з імі.

Жыць у невялікім горадзе сям'і Апановічаў падабаецца. Па іх словах, у Кобрыне ўтульна: горад невялікі, але прыгожы, праз дарогу ад дома — парк. Усё ёсць: супермаркет, шматлікія секцыі для дзяцей (старшы сын, напрыклад, ходзіць на кудо — папулярны від усходніх адзінаборстваў), месцы для адпачынку. А калі чагосьці і няма — зусім побач Брэст.

— Якога лёсу хацелі б для сваіх дзяцей? — перапытвае Таццяна. — У першую чаргу, я лічу, трэба займацца любімай справай. Гэта вырашае ўсе іншыя праблемы: калі хочацца працаваць, то і грашовыя пытанні, і любыя іншыя ці здымаюцца, ці адыходзяць на другі план. Мяркую, што ў нас з Вадзімам атрымалася менавіта так.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Кобрын — Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Галава — па чарзе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні

Разам з іншымі валанцёрамі працавала і каманда Выдавецкага дома “Звязда”.

Грамадства

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?

Вясной у ВНУ традыцыйна пачынаецца размеркаванне.

Культура

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Як жылі беларусы-сакуны на Старадарожчыне

Дом без падмурка, печ — на драўляным фундаменце.

Грамадства

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Як «Звязда» пісала гісторыю (1946 — 1953)

Аднаўленне разбуранай у гады Вялікай Айчыннай вайны народнай гаспадаркі стала беспрэцэдэнтным подзвігам мірнага часу.