Вы тут

Урачы Буракоўскія пра ролю месца ў жыцці


Калі бацька — акушэр-гінеколаг, маці — тэрапеўт, а брат — судмедэксперт, выбар прафесіі напрошваецца сам сабой. У выніку Міхаіл Буракоўскі паступіў вучыцца на неўролага ў Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт. Пасля атрымаў размеркаванне ў Буда-Кашалёва.


Разам з Міхаілам на Палессе паехала віцяблянка Юлія. Маладыя людзі пажаніліся, калі былі яшчэ аднагрупнікамі.

— Міхаіл родам з Гомеля, ён гэтыя мясціны хоць мімаходзь, але бачыў. Я напачатку хвалявалася, бо, калі доўга жывеш у адным месцы, у цябе ўстанаўліваецца свой лад жыцця: пастаянна бачышся з сябрамі, знаёмымі, лёгка арыентуешся. А тут трэба было наладжваць стасункі наноў, мяняць поўнач краіны на поўдзень, — прызнаецца Юлія.

У цэнтральнай раённай бальніцы маладых урачоў чакалі. Кожны год на Буда-Кашалёўшчыну прыязджаюць прыкладна 140—150 выпускнікоў. І медыцынская адукацыя — у тройцы самых запатрабаваных вакансій на раёне.

Юлія са сваёй спецыяльнасцю «урач-кардыёлаг» наогул аказалася першым работнікам такога профілю, які прыехаў на пастаяннае месца працы ў Буда-Кашалёва. Праўда, напачатку пацыентаў было няшмат. Можа, з-за таго, што патрэбны быў час, каб хворыя даведаліся пра новую магчымасць; можа, з-за таго, што да работы прыступіла летам, калі людзі болей занятыя агародамі, чым візітамі ў паліклініку. Але потым навіна разляцелася, і жыхары горада і вёсак пайшлі правяраць сваё здароўе.

Колькасць наведвальнікаў хутчэй радуе «сардэчнага доктара», чым напружвае.

— Калі раней былі адносіны накшталт «ну, падумаеш, дробязь — парушэнне сардэчнага рытму», то цяпер людзі стараюцца не запускаць хваробу. Я гутару з пацыентамі, тлумачу, як гэта важна — своечасова абследавацца, клапаціцца пра сябе, і бачу, што ў вачах ужо з'яўляецца зацікаўленасць.

На пытанне пра «вечнахворых» пацыентаў, якія любяць сядзець у чэргах і скардзіцца не толькі на хваробы, але і на жыццё, Юлія адказвае са спакойнай разважлівасцю. Нават без фізічнай хваробы чалавек можа пакутаваць ад адзіноты. Усіх трэба лячыць: каго таблеткамі, а каго — клопатам і ўвагай.

— Уявіце, жыве ў вёсцы якая-небудзь адзінокая бабулька, вакол нікога няма, можа, акрамя двух-трох суседзяў. А паход у паліклініку — гэта і нагода выбрацца ў горад, і магчымасць пагутарыць з людзьмі ў чарзе, можа, нават сустрэць знаёмых. Мы такіх пацыентаў ведаем, любім і сябруем з імі, — падтрымлівае жонку Міхаіл.

Калі малады спецыяліст шукае для сябе жыллё, то, напэўна, хоча, каб яно аказалася бліжэй да месца работы. У выпадку з сям'ёй Буракоўскіх — ад інтэрната да бальніцы адлегласць... у некалькі крокаў.

Можна сказаць, што маладыя людзі жывуць на рабоце.

Калі ў Буда-Кашалёве будавалі медыцынскую ўстанову, праект абяцаў быць маштабным. Аднак пасля аказалася, што частка пакояў пустуе, і, каб памяшканні не прападалі, кіраўніцтва бальніцы вырашыла аддаць адно крыло будынка пад жыллё для персаналу. Унутры «аднапакаёвая кватэра» ўтульна абстаўлена і ад звычайнай не адрозніваецца.

— Калі мы толькі прыехалі, мэбля тут ужо была: ложкі, стол, крэслы. Паклеены шпалеры, — расказвае Юлія. — На кухні адразу ўсталяваныя ракавіна, шафы, пліта. Разам з мужам прывезлі халадзільнік, які служыў нам яшчэ ў студэнцкія гады, купілі тэлевізар. Нядаўна дамовіліся з суседзямі правесці кабель, каб падключыцца да хуткага інтэрнэту. Дарэчы, побач жывуць такія ж маладыя людзі, яны нават прыехалі сюды з намі ў адзін год. Так што агульную мову знайшлі без цяжкасцяў, цяпер сябруем, дапамагаем адзін аднаму. Старэйшыя калегі таксама не адмовяць, калі патрэбна кансультацыя па рабоце ці звычайная жыццёвая дапамога.

Па вечарах жыхары інтэрната збіраюцца разам, гуляюць у інтэлектуальныя, настольныя гульні.

Вядома, у раённым цэнтры забаў не так многа, але і тут можна знайсці любімы занятак. Юлія цікавіцца манікюрам, хобі Міхаіла даўно стаў гумар, хлопец сочыць за жартамі, піша сцэнарыі для камандаў КВЗ. Не так даўно сямейная пара пераўвасобілася ў Дзеда Мароза і Снягурку, каб павіншаваць дзяцей супрацоўнікаў...

Зрэшты, калі нечага не хапае, можна зазірнуць у кавярню ці кінатэатр або пагуляць у зялёнай зоне. Але наколькі праца ў райцэнтры спрыяе прафесійнаму росту? Па словах Міхаіла, і працэс лячэння, і медыкаментознае забеспячэнне ў бальніцы не адрозніваецца ад таго, што можна атрымаць у Мінску. А прафесійна ўдасканальвацца можна ўсюды. Тое, кім ты станеш, залежыць толькі ад цябе, а не ад месца, на якім ты працуеш...

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Мінск — Буда-Кашалёва — Мінск

Загаловак у газеце: На працы, як дома

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».