Вы тут

Гурт Belaroots: Для нас рэп — як трыбуна


Кожны з іх ужо мае свой праект, сваіх прыхільнікаў і ўласныя творчыя набыткі. Але, аб'яднаўшыся, выканаўцы Zeman, Angst і Kontra здолелі запісаць насамрэч знакавы для беларускага рэпа альбом. Рэліз «Аднакарэнныя» гурта Belaroots стаўся адной з найярчэйшых прэм'ер пачатку года і нагадаў: наш рэп жывы, моцны, гучны і здольны натхняць. Альбом вяртае ў мінулае, распавядае пра сучаснасць, у ім гучаць (у адэкватнай колькасці) патрыятычныя матывы. Нашы суразмоўцы Zeman і Angst расказалі пра мэты аб'яднання ў адным гурце, рэперскую моду і важнасць супольнай працы ў камандзе.


Зле­ва Zeman, спра­ва — Angst.

— Падаецца, што альбомам «Аднакарэнныя» Belaroots паспрабавалі запоўніць прабел, які ўтварыўся ў нашай рэп-музыцы. Вы ставілі перад сабой менавіта гэтую мэту?

Zeman: — У беларускамоўнага рэпа ніколі не было свайго фірмовага стылю. Магчыма, гэта абумоўлена стэрэатыпам: рэп — найперш музыка пратэсту. Першае, што з'явілася ў нашым супольным праекце, — назва. Мы апелюем і да каранёў хіп-хопа, і да нашых нацыянальных, сімвалічна ўяўляем карані дрэва. І вось на базе назвы, як дрэва, «вырас» альбом. Ды і насамрэч ніякай незапоўненай нішы ў нашым рэпе не было, бо тут месца шмат.

Angst: — Найперш мы думалі пра тое, каб выказацца. Але разам з гэтым мы з Kontra'м сваім удзелам у праекце яшчэ і закрылі нейкія свае юнацкія гештальты.

— Навошта было аб'ядноўвацца ў адзін гурт, калі кожны мог напісаць па ўласным альбоме?

Zeman: — Па-першае, разам цікавей. Па-другое, з'яўляецца больш ідэй. Па-трэцяе, разнастайнасць. У Belaroots, апроч каранёў, прысутнічаюць чатыры стыхіі, розныя кропкі карты, і кожны з удзельнікаў прэзентуе сваю частку. Але разам мы ўтвараем суцэльны праект.

Angst: — Разам працаваць лягчэй: не трэба пісаць тры куплеты для песні, часцей за ўсё дастаткова аднаго (смяецца). Ці запоўнілі мы нішу адным альбомам, пакажа час, але спыняцца мы не збіраемся.

— Слухаючы альбом, я заўважыла, што ў тэкстах песень многа адсылак і да класікі беларускай літаратуры, і да песень, якія можна назваць знакавымі ў нашай музыцы. Вы наўмысна гэтыя цытаты, алюзіі ўпляталі ў тэксты?

Zeman: — Калі працуем над тэкстам, не стараемся зрабіць адсылку да іншых твораў. Яны неяк самі па сабе з'яўляюцца. Я нават не адразу ўспомню, пра якія цытаты ідзе гаворка. Сапраўды, так мы выказваем пэўную павагу музыкам, але гэта не штучна зроблена, усё атрымалася натуральна. Калі пішаш рэп, шукаеш натхненне дзе заўгодна. Слухаеш, глядзіш, шмат чытаеш, каб нешта «стрэльнула».

Angst: — Час ад часу проста хочацца згадаць творчасць тых, каго любіш.

— Кожны з вас мае свае творчыя праекты, амбіцыі, сваю публіку. Што шукалі ў супольнай працы?

Angst: — Для мяне гэта, найперш, магчымасць удасканаліцца ў тым, што мне цікава. Хацелася паглядзець, як працуе Zeman у студыі, як будуе тэксты, чытае. Гэта тое, чаго я не ўмеў і пакуль што не зусім навучыўся. Часам мне пішуць, што «мой рэп — не зусім рэп». Хацелася папрацаваць са словам — не дзеля літаратуры, а зрабіць нешта для сябе.

Zeman: — Для мяне рэп — гэта трыбуна, з якой можна выказацца. Тут няшмат абмежаванняў і знойдзецца месца для любых пунктаў гледжання.

— Магчыма, з-за стэрэатыпаў пры згадванні рэпера ўяўляецца чалавек у шырокіх штанах, расцягнутай майцы і кепцы. Гэтая «мода» і сёння жывая?

Zeman: — Калі я казаў, што рэп — гэта трыбуна, я меў на ўвазе і тое, што рэп — гэта свабода. Сюды можа прыйсці чалавек любога выгляду, у любым адзенні, з любым колерам скуры і сказаць тое, што ён думае. Гэта галоўнае.

Angst: — Мой старэйшы брат з субкультуры «металістаў». І для яго рэперы ў шырокіх штанах заўсёды выглядалі проста камічна. Ён часта жартаваў, што ў гэтых калашынах можна мех бульбы насіць (смяецца). Таму я вельмі рады, што з цягам часу і самі рэперы з гэтага выраслі, і мода вырасла разам з імі. Ёсць іншая складанасць: я дужа прызвычаіўся яшчэ ў юнацтве да камфортных шырокіх маек і баек, таму і сёння кашулі з гузікамі насіць вельмі складана, асабліва не люблю гальштукі.

— Наколькі беларускі рэп арыентуецца на гурты з ЗША, дзе гэтая культура нарадзілася?

Zeman: — Канешне, уплыў ёсць. Для мяне арыенцірам служаць рэперы са Штатаў, Францыі, якія актыўна працавалі напрыканцы 1990-х. Я не скажу, што працую гэтаксама, як яны, але азіраюся на іх дасягненні. Сёння мэта многіх каманд — набраць больш праглядаў, больш «лайкаў». І ў такіх умовах зрабіць нешта сапраўды знакавае вельмі складана.

Angst: — Як чалавек, які заўжды знаходзіцца ў стане пошуку сябе, магу адзначыць, што на мяне ўплывае ўсё. Мне цікава, напрыклад, пераймаць тое, што робяць брытанцы, але Zeman сказаў: калі я буду рабіць так, як яны, ён мяне выганіць з гурта (смяецца).

Zeman: — Не, я нікога выгнаць не магу, у нас усё вырашаецца на агульным галасаванні. Нас трое,таму два галасы — ужо перамога.

— У вас было супольнае выступленне — пад брэндам Belaroots. Падзяліцеся ўражаннямі...

Angst: — Я маю вялікі досвед выступленняў у іншай сферы і некалькі разоў сольна чытаў свой рэп. Апошняе не падабалася, нават думаў, што гэта не маё, бо няёмка пачуваюся на сцэне. Але менавіта выступленне з гуртом мяне вельмі натхніла. Сто разоў чуў, як артысты кажуць у інтэрв'ю «мы разгайдалі» залу, і ўпершыню менавіта з Belaroots я гэта адчуў.

Zeman: — Мне вельмі падабаецца, што я зноў маю шанц выступаць з камандай. У рэпе сябе заўжды лічыў гульцом камандным. Але так здарылася, што большасць тых, з кім працаваў раней, сышлі з рэпа (праз узрост, змены ў светапоглядзе), і я застаўся адзін. А тут зноў з'явілася пачуццё каманды, пляча побач, калі можаш прапусціць радок, а хлопцы ў два галасы цябе падтрымаюць.

— Дарэчы, можа, ёсць нейкія сакрэты запамінання такіх вялікіх тэкстаў?

Zeman: — Шмат рэпеціраваць. Канешне, можна запомніць словы без рэпетыцый, але пры чытанні не будзе такой упэўненасці. Пасля рэпетыцый кожны ведае, дзе падхопліваць.

Angst: — У мяне крыху іншая схема запамінання. Я магу на памяць каля трох гадзін чытаць чужыя вершы. Але адмыслова ніколі не вучыў, яны запамінаюцца, бо змяшчаюць нешта цікавае, маюць знаходкі на ўзроўні радка, страфы ці вобраза. Са сваімі тэкстамі і тэкстамі хлопцаў з гурта працую таксама. Запамінаю цікавыя радкі, а за іх чапляецца ўсё астатняе.

— Ці можна бліжэйшым часам пачуць і пабачыць Belaroots на сцэне?

Angst: — На пачатку вясны плануем зладзіць жывую прэзентацыю альбома «Аднакарэнныя» ў Мінску. Спадзяёмся, уваход будзе бясплатны. Думаем запрасіць як мага болей народу, каб проста пазнаёміцца. Гэта будзе натхняць на далейшую творчасць.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.