Вы тут

За паўгадзіны да вясны


У лютым я заўсёды ўспамінаю пастэрнакаўскае: «Февраль. Достать чернил и плакать! Писать о феврале навзрыд, Пока грохочущая слякоть Весною черною горит». Праўда, гэтая «грохочущая слякоть» у асноўным здаралася ў снежні і студзені, а люты нечакана ашчэрыўся цыклонам «Эрыка» на поўдні краіны і заваліў усё наваколле белым-белым снегам. Але мароз трашчаў не надта доўга, стала цяплець. А ўчора былі Грамніцы. Гэта значыць, вясна не за гарамі і лясамі.


Чаму мы так чакаем вясну? Хіба вясною жыць лягчэй, чым зімой? Старыя праблемы застаюцца, з'яўляецца новы клопат: у каго дача ці новая будоўля, у каго змена гардэробу альбо недахоп сродкаў на абновы.

Але ж вясной сонца болей, болей надзей і светлых спадзяванняў!

Нават учора ў цырульні давялося ўпэўніцца, што жанчыны ўжо рыхтуюцца да вясны. Я ў гэты салон трапляю рэдка. Вось і гэтым разам мая майстар Алена падхапіла грып ці іншую вірусную інфекцыю і ледзь пазнавальным голасам папрасіла пачакаць тыдзень. Але тыдзень цярпець сваю нягеглую прычоску не хацелася. Пазваніла ў найбліжэйшы ад дома салон, ветлівая адміністратар запісала да майстра Юліі. Юля аказалася маладой прывабнай дзяўчынай, а пра яе дасягненні ў прафесіі сведчылі шматлікія дыпломы на сцяне. Побач працавала Наташа, яркая брунетка пышных формаў, насупраць — з-за макіяжу і выразу твару крыху падобная на ляльку Барбі — Ніна. І было відаць, што кліенткі ў іх пастаянныя. Ды і апошнія паводзілі сябе так, нібы яны не ў цырульні, а ў кампаніі старых знаёмых. Адчувалася, што і працаўніцы індустрыі прыгажосці ведаюць сваіх наведвальніц, даражаць імі, таму з радасцю падтрымліваюць гутарку, стараюцца ўсяляк узняць настрой.

Праз хвіліну пасля мяне ў цырульню зайшла мажная кабета ў цёмным норкавым футры. І ўжо па тым, як адміністратар Эма кінулася яе сустракаць і дапамагаць скідаць шубу, стала зразумела, што Аляксандра Васілеўна — тут кліент жаданы. Эма адразу пабегла рабіць каву для госці, а кліентка тым часам уплыла ў залу і ўселася да Наташы ў крэсла, нібы каралева на трон. На пытанне «Што будзем рабіць?» амаль на ўсю залу прагучала: «А што хочаш, даражэнькая. Толькі каб адсюль я выйшла не мокрай курыцай, а чалавекам». Далей гэтая бізнес-лэдзі, у чым ужо не засталося сумненняў, расказала, што нарэшце пазбавілася ад праверкі.

— Ператрэслі ўсю дакументацыю, чаго толькі шукалі, невядома. І галоўнае, — павышала голас тэмпераментная кліентка, — гэта ў іх цяпер не праверка, маніторынг называецца, што, па сутнасці, адна халера. Не, я на іх не злуюся, яны людзі служывыя, ім загадалі, яны робяць. Я здагадваюся, адкуль вецер падзьмуў. Мой канкурэнт, таму і нядобразычлівец, пастараўся. Адным словам, нічога асаблівага не знайшлі, так, жменю драбязы, але ж нервы патузалі. Лічы, тыдзень увесь калектыў пад напругай, і я, не ведаючы часам, як сябе паводзіць...

У Аляксандры Васілеўны зазвінеў мабільнік мелодыяй Пахмутавай «Белавежская пушча», і яна не скончыла аповед пра «маніторынг» сваёй фірмы адной з кантралюючых арганізацый, а ў тэлефон пасля некалькі дзяжурных фраз амаль закрычала: «Мне не было калі, і не да гэтага, а ты не магла распытаць, як у яе там прайшло, хоць бы падтрымаць яе! Даведаешся — перазвоніш мне!» Потым, звяртаючыся да Наташы, а заадно да ўсіх, пракаментавала званок:

— Сястра стрыечная, вось бесталковая. Я ёй даручала даведацца, як там у Валі прайшла камісія. Валя — наша вясковая сваячка. Б'ецца баба, як тая рыба аб лёд. Дзве каровы, каня ў гаспадарцы трымае, а свіней, курэй — процьма. Тут яшчэ бяда: муж перанёс інсульт. Праўда, акрыяў трохі, дзякуй урачам, але дзе там работу па яго сілах знойдзеш? Здаровых у калгасе не ўсіх бяруць. Па гаспадарцы ёй крыху дапамагае. Нядаўна папера прыйшла з патрабаваннем падатак заплаціць за дармаедства. Я ёй гаварыла, каб брала ўсе даведкі аб перанесеных раней хваробах ды ішла ў камісію, якая вызваляе ад аплаты. Я магла б ёй, вядома, дапамагчы з грашыма. Але якія яны дармаеды? З мазаля жывуць, крыўдна нават. Спадзяюся, што там усё вырашылася добра. Хутка вясна, агарод садзіць трэба, насенне купляць, а не падаткі плаціць.

— А за мяне вось муж заплаціў, — амаль што з пафасам адазвалася з крэсла насупраць кліентка Ніны, нечым падобная на самую Ніну, мініяцюрная маладзіца са старанна нафарбаваным тварыкам. — Працаваць не зусім маё амплуа. А плаціць за ўсё ў сям'і павінен муж, гэта не мае турботы. Мой клопат — выглядаць адпаведна, дом весці, вось і пачынаю рыхтавацца да вясны. Ніначка, я мяняю свой вобраз, сёння робім меліраванне.

Адміністратарка Эма, якая ведае ўсё пра ўсіх, не ўтрывала, калі Ніна павяла кліентку мыць галаву, пракаментавала: «Вой, не хацела б я такога заможнага і гатовага ўсё фінансаваць. Не раз наш візажыст Віка ёй ліхтары пад вокам грыміравала, так бы мовіць, вынікі прафілактычнай работы над выхаваннем жонкі багатага і ўплывовага.

— За ўсё, мае міленькія, трэба плаціць, — адазвалася Аляксандра Аляксееўна, якая прыкметна памаладзела пад рукамі вопытнай Наташы. — Я, напрыклад, у сродках не абмежаваная, але кожны дзень — стрэсы, нервы, сваркі. Вось у цырульні, як ні дзіўна, супакойваюся, таму і люблю сюды хадзіць.

Нічога, дзяўчаты, хутка вясна, свята нашае будзе!

...Сапраўды, не так шмат дзён застаецца і да свята. Але пра гэта як-небудзь наступным разам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.