У восьмым класе дзяўчаты на ўроках працоўнага навучання звычайна шыюць пасцельную бялізну. 14-гадовая Аляксандра КАЗЛОЎСКАЯ тым часам стварае моднае адзенне. У яе скарбонцы — трэцяе месца на «Млыне моды 2016», перамога ў конкурсе Вячаслава Зайцава «Губернскі стыль», узнагарода «Дэбют года» на Estet Fashіon Week у Маскве. А ў студзені калекцыя Аляксандры патрапіла на подыум у Харбін (Кітай). Пра інтуіцыю на тэндэнцыі і дызайнераў, якія яе натхняюць, юны мадэльер расказала карэспандэнту «Чырвонкі. Чырвонай змены».
Спадніца, як у Шанэль
Сашына майстэрня займае адзін з пакояў у кватэры. Мама Алена, калі заўважыла талент дачкі, пагадзілася аддаць ёй для творчасці прасторную залу. На паліцах — рулоны тканіны, па тэлевізары — трансляцыя модных паказаў, на вешалках — уборы Сашынага дызайну.
— З шасці гадоў я шыла цацкі, простае адзенне для лялек, — расказвае вучаніца 20-й сярэдняй школы Мінска. — А ў 11 гадоў зрабіла першую сукенку для сябе. Убачыла тканіну, якая мне спадабалася, без інтэрнэту прыдумала фасон — складаны, з каўнерыкам, манжэтамі. Ніякіх выкраек: усё рабіла на вока, дзесьці падразала сукенку проста на сабе. Атрымалася не па правілах, але вельмі цікава.
Карыстацца швейнай машынкай Аляксандру навучыла мама. А ў 12 гадоў школьніца пайшла на складаныя курсы кройкі і шыцця. «Мне прыйшлося яшчэ ўгаворваць, каб яе ўзялі, даказвала, што дзіця не з нуля пачынае», — успамінае Алена.
Як толькі ёсць вольны час, Аляксандра замалёўвае ідэі і шые адзенне. Увечары можа паскардзіцца, што няма чаго надзець у школу, і ўжо назаўтра ідзе на заняткі ў новай сукенцы. Нескладаную рэч — тыя ж штаны, спадніцу — дзяўчына паспявае зрабіць за чатыры гадзіны. Апошняе, што пашыла для сябе, — камізэлька з фіялетавага аксаміту пад пінжак.
Любімыя Сашыны дызайнеры — Вячаслаў Зайцаў, Карл Лагерфельд, Како Шанэль, Дэні Дзюран. Знаёмства з вядомымі куцюр'е вельмі ўплывае на яе творчасць. Так, пасля сустрэчы з Дзюранам (калі ён прадстаўляў калекцыю святочных сукенак у Мірскім замку) дзяўчына стварыла свае першыя вячэрнія ўборы.
Аляксандра, як аказалася, умее ўгадваць тэндэнцыі. Пару гадоў таму яна захацела пашыць ранец. Выбрала тканіну ў вельмі дробную клетку (хоць мама адгаворвала: ёй матэрыял не спадабаўся). З яе, акрамя ранца, дзяўчына зрабіла яшчэ доўгую спадніцу, гальштук-бабачку і пульсэткі. Літаральна праз некалькі тыдняў убачыла паказ Шанэль: у новай калекцыі тканіна была адзін у адзін, як у яе! А на мадэлях — даўгія спадніцы, пульсэткі і сумкі ў колер адзення.
І гэта не адзінае Сашына пападанне. Быў яшчэ пінжак з цёмна-фіялетавай тканіны ў палоску, як у Раберта Кавалі, лёгкае паліто ў ружы — праз год падобнае выпусціў на подыум брэнд Dolce&Gabbana. Што будзе ў модзе гэтай вясной, Аляксандра яшчэ не задумвалася. Але цяпер яна працуе з карункамі — верагодна, іх і варта ўзяць на заметку модніцам.
Строі для крытыка
Удзельнічаць у конкурсах і паказах Аляксандра пачала год таму. Пашыць калекцыю, аплаціць праезд, пражыванне, а часам і сам удзел — зразумела, усё гэта патрабуе фінансавых затрат. Але мама школьніцы ўпэўнена: конкурсы патрэбны для развіцця.
— Калі бацькі разумеюць, што расце чэмпіён, ім ужо няма куды дзявацца, яны абавязаны яго ўсюды прадстаўляць, наймаць добрага трэнера. Так і тут. Проста так ты не паставіш сабе задачу зрабіць нешта складанае і эфектнае. Будзеш шыць звычайныя маечкі. Конкурсы — гэта практыка, карысныя знаёмствы, — лічыць Алена.
Пасля паказаў калекцыі не прадаюць. Усе ўборы Саша з мамай носяць па чарзе.
— А мама капрызны заказчык?
— Яна строгі крытык, — усміхаецца школьніца. — Калі нешта будзе зроблена няякасна, абавязкова ўкажа на памылкі. Хочацца ўразіць яе, таму ўдасканальваюся.
Самой Аляксандры падабаецца класічны стыль. Калі пытаюся, якая з пашытых рэчаў любімая, кажа, што ўсе. «Як толькі трэба некуды выходзіць увечары, нават не ведаю, што надзець». У крамах дзяўчына набывае толькі звычайныя майкі і джынсы, на пашыў якіх ёй не хочацца марнаваць свой час.
— А я ўжо год не купляла сабе ніводнай сукенкі і блузкі, — дадае Алена. — У мяне ўвесь час пытаюцца: «Гэта Сашка пашыла?» Летам яна для мяне зрабіла вельмі прыгожую паўсядзённую сукенку — напэўна, знаёмыя кожны дзень мяне ў ёй бачылі. А для мяне гэта яшчэ і нагода пахваліцца дачкой.
Цяпер Аляксандра думае над новай калекцыяй. Плануе прадставіць яе ўжо вясной. Падрабязнасцяў юны дызайнер не раскрывае, але абяцае ўсіх здзівіць.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Каментары