Вы тут

Ці патрэбныя заводы ў жылых раёнах?


І нават у межах горада...

Навукоўцы гавораць пра пераход да постындустрыяльнага грамадства, але новыя вытворчасці па-ранейшаму з'яўляюцца, у тым ліку і ў буйных гарадах. І калі эканамічны рост гараджане з радасцю вітаюць, то магчымае пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ўспрымаюць у штыкі, асабліва калі гаворка заходзіць аб спальных раёнах. Мы, на прыкладзе сталіцы, паспрабавалі разабрацца: быць або не быць вытворчасцям у горадзе?


«А я лічу, што забруджвае. І кропка!»

Асабліва гарачыя спрэчкі на гэтую тэму разгарэліся вясной мінулага года, калі на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект забудовы прамысловай зоны каля лесапарку Мядзвежына, што паблізу мікрараёна Сухарава. Тады на адміністрацыю Фрунзенскага раёна ў літаральным сэнсе абрынуўся шквал заяў жыхароў раёна, якія выступілі катэгарычна супраць рэалізацыі праекта. Тым не менш было прынята канчатковае рашэнне: будаўніцтву быць! У адміністрацыі растлумачылі, што вытворчасць будзе абсалютна бяспечнай, а абурэнне жыхароў пакіпела-пакіпела і сціхла. Мы вырашылі высветліць, як выглядае сітуацыя практычна праз год.

Зімовым днём ў лесапарку Мядзвежына ціха і спакойна. Цалкам прадказальна, асноўная доля тых, хто выйшаў на шпацыр, прыпадае на маладых мам з каляскамі, кампанію якім складаюць хіба што пажылыя людзі і гаспадары сабак. Нарэзаўшы некалькі кругоў па парку, вырашыла загаварыць з жанчынай, якая захоплена чытае газету (хіба, знак!) і павольна пагойдвае ярка-бірузовую каляску.

Аказваецца, у Таццяны трое дзяцей. На размовы ў яе ўсяго 10 хвілін, таму што трэба ісці забіраць сярэднюю дачку са школы.

— Я сама не з Мінска, больш за 15 гадоў «бадзялася» па здымных кватэрах, жыла ў розных кутках горада. І, вядома, калі мы задумаліся аб уласным жыллі, яшчэ да з'яўлення Мікіткі (малодшага сына), мне хацелася, каб гэта быў новы, чысты і прыгожы раён. Таму мы і спынілі выбар на гэтым месцы, а вялікі паўпарк-паўлес толькі дадаў раёну ачкоў, — расказвае Таццяна. — Скажу шчыра, на блізкасць да прамзоны ўвагі мы не звярнулі. Трубы не дымяць — і тое добра. Калі паднялася гэта хваля абурэння, вядома, я была ў курсе: дзіцячыя пляцоўкі — гэта ж галоўныя «форумы» для абмеркавання такіх пытанняў. Я разумею, чаму супраць выступаюць многія мамы: калі гаворка заходзіць пра ўмовы жыцця іх дзяцей, яны змагаюцца за найлепшыя, і ніякія разумныя довады пераканаць іх не могуць. У галаве адразу з'яўляецца падсвядомая думка, што заводы — гэта забруджванне навакольнага асяроддзя, а забруджванне навакольнага асяроддзя — хваробы, якія, у першую чаргу, закранаюць дзяцей. Калі гэта вытворчасць будзе сапраўды бяспечнай, хацелася б пачуць простае тлумачэнне — чаму. Было б нядрэнна, каб хаця часова ў лесапарку або на бліжэйшых прыпынках з'явіліся інфармацыйныя плакаты. А так быццам і верыш, што ўсё будзе добра, але ўсё-такі не да канца.

Затрымаўшыся даўжэй, чым планавала, Таццяна ў спешцы збіраецца і практычна ўцякае. А мы тым часам шукаем новую «ахвяру». На набліжэнне гэтай «пары» цяжка не звярнуць увагу: брэх маленькага, але вельмі гучнага сабачкі з арыгінальнай мянушкай Шарык разносіцца на дзясяткі метраў наперад. Яго гаспадыня Таццяна Васілеўна жыве ў гэтым раёне ўжо практычна 30 гадоў. У двухпакаёвай кватэры яна месціцца з мужам і сям'ёй сына, у якога хутка з'явіцца другое дзіця.

— Мой сын працуе на Трактарным заводзе. Некаторы час яны з жонкай спрабавалі здымаць непадалёк ад яго кватэру, але потым усё ж такі вярнуліся да нас, таму што і матэрыяльна было няпроста, і з дзіцем дапамога патрэбна. І атрымліваецца, што на тое, каб дабрацца на працу, у яго сыходзіць шмат часу, які можна было б праводзіць з сям'ёй. Таму я вельмі здзівілася, калі людзі пачалі выступаць супраць будаўніцтва завода ў нас непадалёк. Гэта ж так зручна, калі ўсё побач! І да таго ж, колькі з'явіцца новых працоўных месцаў... А тое, што праблемы з працаўладкаваннем зараз ёсць, усе ведаюць. Дык няўжо, калі выбіраць паміж «прыгожым знешнім выглядам» раёна і працаўладкаваннем тысяч людзей, могуць узнікнуць пытанні? — узрушана падвяла вынік Таццяна Васілеўна.

Больш у той дзень такія гаваркія суразмоўцы нам не трапляліся: астатнія альбо коратка адказвалі «нічога пра гэта не ведаю», альбо выдавалі быццам бы завучаную фразу «мы супраць», хоць ніякіх аргументаў, акрамя як «завод не можа быць бяспечным», не прыводзілі.

Справа не ў заводах, а ў аўтамабілях

Пачуўшы «голас народа», мы звярнуліся з пытаннем ва ўпраўленне архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Аказалася, што спрэчную тэрыторыю вызначылі як вытворчую зону, яшчэ калі мікрараёна Сухарава не было і ў паміне. І ў далейшым генеральныя планы горада розных гадоў толькі ўмацоўвалі гэты статус. На галоўнае пытанне: ці будзе вытворчасць бяспечнай, ёсць дакладны адказ — так, інакш яна не мела б магчымасці тут з'явіцца.

У размяшчэнні вытворчасцяў у жылых раёнах ёсць нешта ад ідэі стварыць горад у горадзе. Гандлёва-забаўляльныя цэнтры са сваімі кінатэатрамі, кафэ, крамамі, гульнявымі заламі паступова з'яўляюцца ў кожным мікрараёне горада. Дык чаму не правесці аналогію і са стварэннем працоўных месцаў: пачаць таксама больш актыўна размяшчаць і заводы, і офісы не толькі ў цэнтры? Гэта дазволіць чалавеку пры неабходнасці практычна ўсе свае задачы вырашыць паблізу ад дома, тым самым аптымізаваўшы свой час, да таго ж, такая перспектыва дапаможа знізіць нагрузку на перапоўнены цэнтр.

І ўсё ж такі вернемся да нашага прыкладу. Кожны павінен займацца сваёй справай: будаўнікі — будаваць, а вывучаць экалогію — профільныя ўстановы. Таму па тлумачэнні наконт галоўнага пытання — бяспекі — мы звярнуліся ў Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Два галоўныя параметры, ад якіх залежыць ступень уздзеяння прадпрыемства на экалогію раёна, — ружа вятроў і вышыня труб завода. Дарэчы, Сухарава, нягледзячы на блізкасць ЦЭЦ, з'яўляецца спрыяльным з пункту гледжання чысціні навакольнага асяроддзя раёнам. Таму цалкам верагодна, што новыя прадпрыемствы, пры выкананні ўсіх тэхнічных параметраў, ніякай шкоды ні раёну, ні тым больш яго жыхарам не нанясуць. Наогул галоўная праблема мегаполісаў — гэта далёка не заводы, а здавалася б, невялікія, але распаўсюджаныя ў велізарнай колькасці аўтамабілі. Менавіта на выхлапныя газы прыпадае больш за 80% забруджванняў паветра ў гарадах.

Выносіць ці не выносіць?

Такім чынам, атрымліваецца, што вытворчасць бяспечная, і ўсе маглі б жыць спакойна і шчасліва, але... гэта датычыцца толькі гэтага канкрэтнага выпадку. У свеце не проста так існуе тэндэнцыя вынасу вытворчасцяў за мяжу горада, а як даволі злосна жартуюць у вядомым анекдоце: многія краіны пайшлі яшчэ далей — яны вынеслі вытворчасці за межы сваёй тэрыторыі.

У большасці буйных гарадоў па ўсім свеце ўжо даўно прыйшлі да высновы, што вытворчасцям дакладна не месца ў цэнтры горада. Мінск у гэтым пытанні прытрымліваецца агульных арыенціраў: ёсць не адзінкавыя прыклады, калі будынкі былых заводаў альбо зносяцца, альбо перапрафілююцца, што цяпер вельмі папулярна ў сталіцы. Так, некалькі карпусоў завода «Гарызонт» ператварыліся ў сапраўдную зону творчасці: тут і танцавальныя і мастацкія студыі, і інтэлектуальныя квэсты, і нават вольныя прасторы, дзе праходзяць розныя мерапрыемствы ад выстаў да модных маркетаў і вечарынак. У Еўропе нярэдка былыя заводы аддаюць пад музеі, гандлёвыя залы і нават кватэры. Хто ведае, магчыма, і ў нас хутка з'явіцца такое жыллё з гісторыяй...

Аднак гэта толькі адзін бок пытання. А што рабіць з «бруднымі» вытворчасцямі, размешчанымі ў прамысловых раёнах? Або ў такіх раёнах, пра якія не зусім зразумела: адносіць іх да цэнтра ці ўжо не? У новым генеральным плане горада, які жыхары сталіцы ўбачылі летась, пазначана патэнцыйная магчымасць перадыслакацыі некаторых вытворчасцяў. Прычым, у адрозненне ад больш ранняй дакументацыі, канкрэтны спіс не называецца. Гаворка ідзе аб перамяшчэнні не толькі за межы горада, але і на тэрыторыю гарадоў-спадарожнікаў.

Тым не менш верыцца ў гэта пакуль з цяжкасцю. Працэс «пераезду» вельмі затратны, прычым гэта датычыцца не толькі разавага ўкладання, але і павелічэння агульных выдаткаў. Напрыклад, давядзецца мяняць наладжаныя каналы пастаўкі сыравіны або прадукцыі, акрамя таго, паўстане пытанне з дастаўкай супрацоўнікаў да рабочага месца. Магчыма, павелічэнне расходаў пацягне за сабой зніжэнне заработнай платы пры менш зручных умовах. Так што пакуль «пазбаўленне» горада ад вялікай колькасці прадпрыемстваў нагадвае ўтопію.

Раз мы яшчэ толькі на шляху да постындустрыяльнага грамадства, неабходна падладжвацца пад ужо існуючыя ўмовы. Уявіць буйны горад без вытворчасцяў усё ж такі немагчыма. І, напэўна, ісціна, як заўсёды, дзесьці пасярэдзіне: калі будзе магчымасць — выносіць, але паступова і не ўсё, калі будзе магчымасць — будаваць, але ў разумных колькасцях і без урону для экалагічнай сітуацыі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?