Вы тут

Нельга перагружаць ні дзяцей, ні падручнікі


«Пры распрацоўцы навучальных праграм нельга дапускаць пралікаў і памылак», — заявіў намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО на калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай вынікам працы міністэрства за 2016 год і асноўным задачам на гэты год.


— Кіраўніком дзяржавы і ўрадам пастаўлена канкрэтная задача па сур'ёзным удасканаленні навучальнага працэсу ў агульнаадукацыйнай школе. І ў першую чаргу гэта датычыцца распрацоўкі новых вучэбных праграм. На думку педагогаў, сёння яны недасканалыя, перагружаныя, — растлумачыў Васіль Жарко. — Між іншым, вучэбныя праграмы павінны быць якаснымі, паслядоўнымі і ўзаемазвязанымі. Мною даручана міністру адукацыі стварыць працоўную групу па гэтым пытанні, прыцягнуць да работы над вучэбнымі праграмамі не толькі навукоўцаў, але і педагогаў-практыкаў.

Васіль Жарко праінфармаваў, што ў адпаведнасці з абнаўленнем навучальных праграм распрацоўваюцца і вучэбныя дапаможнікі. Да 2020 года, згодна з даручэннем Прэзідэнта, трэба цалкам абнавіць увесь спектр падручнікаў, зрабіць іх больш даступнымі, інфарматыўнымі і неперагружанымі. Для іх падрыхтоўкі на конкурснай аснове трэба прыцягваць самых лепшых спецыялістаў, выкарыстоўваць досвед іншых краін. «Падручнікі павінны быць якаснымі і служыць доўга, а не перапрацоўвацца кожны год, — дадаў віцэ-прэм'ер. — Гаворачы пра школу, не магу не закрануць тэму здароўя дзяцей. Грош цана ўсім нашым адукацыйным праграмам, калі кожны год стан здароўя дзяцей пагаршаецца. Таму распрацоўка новага пакалення і праграм, і падручнікаў павінна выключыць перагрузку дзяцей».

Намеснік прэм'ер-міністра ўпэўнены, што неабходны аб'ём ведаў для паступлення ў ВНУ вучань павінен атрымліваць у школе, а не ў рэпетытара. Між іншым, рэпетытарства распаўсюджана ўжо не толькі пры паступленні ў ВНУ, але і ў працэсе вучобы. Часта бацькі скардзяцца, што настаўнік не поўнасцю раскрывае свой прадмет, а для больш паглыбленага вывучэння адпраўляе вучня да свайго калегі-рэпетытара. «Такія з'явы павінны жорстка спыняцца, — папярэдзіў Васіль Жарко. — Вучэбную праграму неабходна пабудаваць так, каб усё можна было асвоіць на працягу навучальнага года. Міністэрству адукацыі неабходна павярнуцца тварам да гэтай праблемы».

Агучыў Васіль Жарко і сваё бачанне цэнтралізаванага тэсціравання:

— Тэсціраванне з'яўляецца дастаткова справядлівым спосабам адбору, паколькі ўсе абітурыенты знаходзяцца ў роўных умовах. Але тэст не ўніверсальны, ён не дае магчымасць ацаніць логіку рашэння задачы, эрудыцыю, кругагляд абітурыента, яго грамадзянскую пазіцыю. Таму ўрадам даручана стварыць міжведамасную працоўную групу па гэтым пытанні і выпрацаваць аптымальныя прапановы. Магчыма, па некаторых прадметах мы вернемся да вусных экзаменаў...

Закрануў Васіль Жарко і выкананне настаўнікамі неўласцівых ім функцый: «Выклікае здзіўленне, калі школу абавязваюць прымаць меры да бацькоў-неплацельшчыкаў камунальных паслуг. Маўляў, гэта трывожны сігнал, што ў сям'і ёсць праблема, таму педагог павінен абследаваць яе і прыняць меры. А калі хто-небудзь з бацькоў здзяйсняе нейкае правапарушэнне, то школа таксама павінна правесці абследаванне сям'і і фактычна заняцца перавыхаваннем бацькоў. А чаму застаюцца ўбаку праваахоўныя органы, камісіі па справах непаўналетніх?»

Намеснік прэм'ер-міністра ўпэўнены, што школа і педагогі не павінны падмяняць іншыя структуры, яны павінны ўзаемадзейнічаць у гэтай працы разам з імі ў рамках сваіх функцыянальных абавязкаў.

Таксама намеснік прэм'ер-міністра даручыў даць прававую ацэнку паслугам па напісанні курсавых і дыпломных работ для студэнтаў, прапановы якіх прадстаўлены на сайтах. Студэнты актыўна карыстаюцца такімі паслугамі. Аднак часта гэта нікога не бянтэжыць. У ВНУ не цікавяцца, кім выканана работа, галоўнае, што яна ёсць. «Аб якой якасці адукацыі мы можам гаварыць? Лічу, што неабходна праверыць гэтыя інтэрнэт-сайты і заканадаўча даць ім ацэнку, маюць яны права на жыццё ці не», — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Васіль Жарко адзначыў, што павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі — задача нумар адзін. «Выпускнік установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі або ВНУ, прыйшоўшы на прадпрыемства ці ў арганізацыю, не павінен давучвацца або перавучвацца, трэба быць гатовым адразу выконваць свае службовыя абавязкі ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй. Інакш навошта мы трацім бюджэтныя сродкі і выпускаем непадрыхтаванага спецыяліста? Трэба значна ўзмацніць патрабаванні да падрыхтоўкі спецыялістаў — яна павінна быць практыкаарыентаванай», — упэўнены намеснік прэм'ер-міністра.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.