Вы тут

Гісторык Сяргей Траццяк: «Цяпер стала модна быць беларусам»


Гісторыя незалежнай Беларусі сёння мала даследавана. Неабходна вывучаць тое, што адбываецца, аднак пакуль не ўдаецца ахапіць усе аспекты гістарычнага працэсу. Загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Траццяк растлумачыў, з чым гэта звязана, а таксама расказаў аб актуальных праблемах і тэндэнцыях у гэтай галіне ведаў.


— Сяргей Аляксандравіч, якія аспекты гісторыі сучаснай Беларусі мала вывучаны і патрабуюць дапрацоўкі?

— Справа ў тым, што ў гісторыі сучаснай Беларусі — а менавіта пасля 1991 года — падрабязнага вывучэння патрабуюць практычна ўсе яе аспекты. Аднак час для непрадузятага вывучэння сучаснасці Беларусі яшчэ не прыйшоў. Тое, што робіцца цяпер, — гэта спробы асэнсаваць гісторыю незалежнай Беларусі ў першым набліжэнні. У першую чаргу гэта работы, у якіх навукоўцы спрабуюць прымяніць новыя метадалагічныя падыходы да даследавання пэўных праблем і працэсаў. Аднак цэласнай карціны мінулага яны не даюць. Па-другое, на вельмі многіх работах, якія прысвечаны беларускай сучаснасці, ляжыць адбітак метадалагічнай эклектычнасці — механічнага змешвання розных метадалагічных падыходаў і школ. Навукоўцы спрабуюць прытрымлівацца спадчыны савецкай гістарыяграфіі і прымяняць тое, што напрацавана ў гістарыяграфіі заходніх краін.

— Якія найбольш важныя даследаванні праводзіліся за апошнія гады?

— У мінулым пяцігоддзі гісторыкамі нашага інстытута, а канкрэтна — гісторыкамі аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці, была выдадзена фундаментальная праца «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», а ёй папярэднічаў «Нарыс беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі». У цяперашні час да выдання рыхтуецца пашыранае і дапоўненае трохтомнае даследаванне, але ўжо на рускай мове. Галоўная выснова з гэтай фундаментальнай працы такая: дзяржаўнасць — гэта не толькі неад'емнае права народа на тое, каб валодаць сваёй дзяржавай, але і здольнасць нацыянальнай эліты рэалізаваць гэта права на практыцы. У гісторыі Беларусі былі як гістарычныя формы дзяржаўнасці, так і нацыянальныя. І іх нельга змешваць, таму што нацыянальная дзяржаўнасць — гэта прадукт цалкам канкрэтнай эпохі мадэрн, якая прадэманстравала нацыянальную дзяржаву ў дзвюх разнавіднасцях — буржуазнай і сацыялістычнай. Дзяржаўнасць не падае з неба, за яе трэба змагацца, а таксама абараняць.

— Якія праекты хацелася б рэалізаваць у будучыні?

— Ужо каторае дзесяцігоддзе кажуць, што патрэбна новая шматтомная гісторыя Беларусі, якая б асвяціла на новым гістарычным узроўні ўвесь шматтысячагадовы шлях беларусаў — ад з'яўлення людзей на беларускай зямлі і да сучаснасці. Даўным-даўно наспела неабходнасць падрыхтоўкі і выдання абагульняючай працы пра гісторыю Беларусі ў перыяд незалежнасці. У рэшце рэшт, у мінулым годзе мы адзначылі 25 гадоў незалежнасці. Перыяд немаленькі, за гэты час узнікалі і гінулі цэлыя дзяржавы, якія паспявалі пакінуць пасля сябе велізарныя масівы гістарычных прац, але ў Беларусі пакуль што падобнага даследавання няма.

— Сёння беларуская культура становіцца папулярнай у грамадстве: людзі гавораць па-беларуску, носяць вопратку з нацыянальнымі ўзорамі. Чаму гэта адбываецца?

— Беларусы складаюць 83% насельніцтва краіны і з'яўляюцца тытульным этнасам, які даў імя дзяржаве. Культура беларускага этнасу і пры дапамозе дзяржавы, і ўласным шляхам становіцца падмуркам масавай культуры сучаснага беларускага грамадства. Цяпер стала модна быць беларусам. Дваццаць пяць гадоў незалежнасці ўсё-такі далі нашаму народу ўсведамленне таго, што мы — асобны народ, самастойны і самабытны. У вялікае жыццё выйшла пакаленне, якое ніколі не жыло ў Савецкім Саюзе, а цяпер прыходзіць пакаленне, якое і нарадзілася ўжо пасля распаду СССР. Па вялікім рахунку, савецкая настальгія для такіх людзей — гэта не фантомны боль, а гістарычная экзотыка, частка мінулага, якое было і якое прайшло. Цяпер паўстаў запыт на нешта іншае, на сваё, якое і звязана з савецкім мінулым, але ўжо не савецкае. Да таго ж чым далей, тым больш дзяржавы былога Савецкага Саюза разыходзяцца ў розныя бакі. Яны становяцца самабытнымі. Так, ёсць агульная памяць аб савецкім мінулым, але ва ўсіх яна розная. Таму што людзі, якія жывуць у адным доме, успрымаюць гэтае жыццё па-свойму.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Каментары

Профессиональный подход к истории это единственная возможность определить точку опоры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.