Вы тут

На сваёй хуткасці


Пра Беларускі саюз кінематаграфістаў зараз чуюць няшмат, у той час як яго сябры з’яўляюцца сапраўднымі байцамі нябачнага фронту, дапамагаючы не толькі заўважаць таленавітую кінамоладзь, але і ўшаноўваць заслужаных дзеячаў кінагаліны. Пра тое, што сёння адбываецца са структурай, як атрымліваецца аб’ядноўваць такіх розных людзей і падтрымліваць «новую кроў» індустрыі, распавядае старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў.


Прыярытэты

Некалькі дзясяткаў гадоў таму кінематограф быў сапраўды найважнейшым мастацтвам. Не толькі па словах Леніна, але і па ўздзеянні фільмаў на эмоцыі, пачуцці і свядомасць гледача. Саюз кінематаграфістаў у тыя часы меў вялікі ўплыў на індустрыю (дарэчы, менавіта гэтае аб’яднанне заснавала мінскі кінафестываль «Лістапад»). Зараз праца саюза, магчыма, і не заўважная кожнаму воку, але менш важнай ад гэтага яна не становіцца: аб’яднанне (а разам з ім і 428 яго сяброў) адсвяткуе свой 55-ы дзень нараджэння.

На жаль, Саюз кінематаграфістаў — не самая багатая прафесійная арганізацыя. Тыя ж саюзы мастакоў і дызайнераў будуць тут на больш высокім месцы. Але Віктар Васільеў праблемы ў гэтым не бачыць — толькі розныя падыходы і задачы: «Параўноўваць нас з тымі ж мастакамі ці дызайнерамі нельга. Мэта, канечне, у нас адна — культурная спадчына. Але калі мастак намаляваў нешта, то сябру Саюза кінематаграфістаў абавязкова патрэбен калектыў — паасобку мы нічога зрабіць не можам. Гэта вялізнае адрозненне: у нас цэлы калектыў, і калі нешта ў кінематографе адбываецца, то ўдзельнічаюць у гэтым усе. Менавіта для таго, каб падтрымліваць такіх адзінак, наш саюз і створаны».

Нягледзячы на сваю таямнічасць, да сяброў саюза часта звяртаюцца за дапамогай. І ў ёй тут ніколі не адмаўляюць. Усё ж папулярызацыя айчыннага кінематографа — справа важная і агульная, таму Саюз кінематаграфістаў ні адной магчымасці не губляе: «Мы нават самі спрабуем праводзіць конкурсы фільмаў і супрацоўнічаем з іншымі ўстановамі. З самага апошняга — праца з інстытутам Сахарава: паказвалі кіно на экалагічную тэматыку».

Спіс мерапрыемстваў, зладжаных саюзам, можна працягваць амаль бясконца. Толькі ў 2016 годзе яго сябры ўзялі ўдзел у шэрагу фестываляў у Беларусі, Расіі і Турцыі, дапамаглі правесці дні культуры Беларусі ў Расіі, пасадзейнічалі адкрыццю мемарыяльнай дошкі Віктара Турава ў Мінску. І гэта не кажучы пра тое, колькі конкурсаў фільмаў і праектаў было праведзена і колькі беларускіх стужак было адпраўлена на замежныя кінафестывалі. Не забываецца саюз і на дапамогу маладым кінематаграфістам, адзначае Віктар Васільеў: «Мы кіруемся на маладых, таму гатовыя адстойваць і іх працы перад тым жа Міністэрствам культуры. Таму, калі хтосьці хоча сябе праявіць, я прапаноўваю дапамагаць моладзі — не вучыць, а накіроўваць, нешта раіць».

У саюзе кажуць, што часам самі рэжысёры прыносяць новыя стужкі для прагляду. І тут іх абавязкова заўважаюць: могуць і пакрытыкаваць, і выказаць нейкія парады, і штосьці падказаць. Але праца з сучасным кіно на гэтым не заканчваецца: «Мы дапамагаем у арганізацыі фестывалю кароткаметражнага кіно “Cinema Perpetuum Mobile”. Многія і не ведаюць, што мы працуем з гэтым фестывалем, гэта як у кіно: усе бачаць акцёраў, але не ведаюць аператараў, грымёраў. Мы — байцы так званага нябачнага фронту».

Пачуты голас

Але дапамагаючы іншым, не варта забывацца і пра сябраў саюза — для з’яднання таксама патрэбны час і месца. Апошняе — самая вялікая бяда саюза, але праблему так проста не вырашыш (сёння Саюз кінематаграфістаў знаходзіцца на кінастудыі «Беларусьфільм»), дадае Віктар Васільеў: «Мы традыцыйна збіраліся разам, адглядалі беларускія фільмы. Пасля праводзілі дыскусію, выказваліся. Вельмі хацелася б гэтую традыцыю ў хуткім часе ўзнавіць. Бо выяўленне найвышэйшай павагі да кінематаграфіста — гэта калі калегі адзначаюць яго віртуозна зробленую работу. Менавіта ў такім калектыве можна “выпесціць” зярнятка добрага кіно».

Надзеі на новае памяшканне саюз не губляе, бо гэта стала б сур’ёзнай зменай для працы. Віктар Васільеў адзначае, што «наша праца стала б больш заўважнай, каб мы мелі ўласнае месца. Хочацца разам сабрацца, мець нейкую лакалізацыйную пляцоўку, дзе можна было б правесці калектыўную “мазгавую атаку”, вырашыць сумесныя праблемы разам».

У астатнім кінематаграфісты ні на што не скардзяцца: яны могуць ездзіць на фестывалі, іх запрашаюць на сустрэчы і канферэнцыі. А сродкі часам знаходзяцца ў тым ліку ў замежных фондах. Дапамагае і Міністэрства культуры — усё ж там голас саюза чуюць дагэтуль, падкрэслівае Віктар Васільеў: «Калі мы звяртаемся ў Мінінстэрства культуры, кінапракат ці да кіраўніцтва горада, ніхто ніколі не адмаўляе: кінапракат дапамагае з правядзеннем мерапрыемстваў, горад — с пляцоўкамі. З міністэрствам мы часта працуем сумесна: і ў паездках, і ў праектах заўсёды падтрымліваюць, размаўляем наконт сумеснай вытворчасці, удзелу Саюза кінематаграфістаў у Нацыянальным конкурсе кінапраектаў».

Што датычыцца конкурсу кінапраектаў, то сябры Саюза кінематаграфістаў дапамагаюць у выбары праектаў для дзяржфінансавання, адсочваюць, якой будуць новыя беларускія стужкі: «Мы вельмі ўсцешаныя тым, што можам удзельнічаць у такой адказнай справе. У нашай арганізацыі шмат прафесіяналаў, якія лёгка могуць вызначыць, што сёння айчыннай кінаіндустрыі патрэбнае, а ад чаго можна адмовіцца».

Застаюцца моцныя

За больш чым паўстагоддзя існавання аб’яднанне зрабіла шмат карыснага для супрацоўнікаў сферы кіно. Працягваць традыцыі, якія былі закладзены яшчэ ў далёкія 60-я, неабходна і зараз: «Кінематаграфісты — людзі са звычайнымі праблемамі. Яны прыходзяць да нас як у прафсаюз, звяртаюцца па дапамогу. Мы вылучаем матэрыяльную дапамогу, таксама падтрымліваем маладых рэжысёраў у пытанні здымак, шукаем пляцоўкі. Але сапраўднае наша дасягненне ў тым, што мы знаходзім працаўладкаванне для сяброў саюза, якія яшчэ яго не маюць. Многія акцёры з нашай дапамогай трапляюць у серыялы — зараз, напрыклад, здымаюцца ў серыяле “Вяртанне Мухтара”».

Віктар Васільеў адзначае, што самае складанае ў працы саюза — зрабіць магчымым захаваць памяць пра заслужаных дзеячаў кіно. Гэта падаецца простым, але насамрэч узнагародзіць тых, хто гэтага варты, — даволі цяжкая адміністратыўная праца: «гэта падаецца не самым заўважным, але мы аддаём даніну павагі людзям, якіх ужо пачынаюць забываць. Праводзім вечары памяці — не так даўно правялі мерапрыемствы, прысвечаныя Карпаву-старэйшаму і Тураву. І гэта патрабуе вялізных намаганняў, хоць так і не выглядае. Канечне, мы ўзгадваем тых геніяльных рэжысёраў, якія зрабілі неверагодна каштоўны ўнёсак у гісторыю беларускага кіно».

У Саюза кінематаграфістаў ёсць свой медаль памяці Юрыя Тарыча. Ім узнагароджаныя многія вядомыя дзеячы кіно. Напрыклад, Уладзімір Спарышкоў, які быў першым аператарам першага тэлеканала «Масква». Нягледзячы на тое, што саюз спрабуе папулярызаваць беларускае кіно, узгадаць людзей, якія з’яўляюцца гонарам нацыі, многія сёння аб’яднанне пакідаюць. Але нічога асаблівага тут няма, лічыць Віктар Васільеў: «Я не звяртаю ўвагі на тое, што людзі сыходзяць з саюза — гэта нармальны працэс. Верагодна, спадзяванні гэтых людзей не супадалі з рэальнасцю ці яны ў чымсьці расчараваліся. Каб адчуваць сябе ў складзе саюза вольна і ўтульна, трэба ўдзельнічаць у яго працы, а на гэта таксама не кожны здольны. Мы спрабуем з’яднаць аднадумцаў, таму, канечне, саюз запатрабаваны. Пра адно трэба папярэдзіць: не шукаць тут дапамогі, а імкнуцца дапамагаць іншым».

 Індустрыя змоўшчыкаў

Магчыма, сыход людзей з аб’яднання можа быць звязаным і з сітуацыяй на нацыянальнай кінастудыі. Для многіх яна працягвае заставацца незразумелай, падкрэслівае Віктар Васільеў: «Сёння не разумеюць, што адбываецца з нашай кінастудыяй — пра яе кажуць шмат дрэннага. Але тут трэба ведаць, што такое грошы і што такое кінематограф. Я лічу, што мы павінны пачакаць, калі “Беларусьфільм” адбудуецца, народзіцца. Аднавіць гэтую пляцоўку — справа не аднаго дня, не аднаго года, хоць яе плануецца здаць ужо ў наступным годзе».

З самага пачатку існавання Беларускі саюз кінематаграфістаў з цеплынёй і павагай ставіўся да нацыянальнага кіно: менавіта ён гэтае кіно і ствараў. Узгадваючы тыя часы, Віктар Васільеў адзначае, што «заўсёды было савецкае беларускае кіно, і вельмі складана ішоў працэс яго аддзялення ў незалежнае. Сама дзяржава фарміруецца дагэтуль, але фарміраванне нацыянальнага кінематографа — рэч яшчэ больш складаная. Трэба шмат пакаленняў, якія б сталі менавіта тымі “парасткамі” кіно. Шмат хто спрачаецца, якім павінна быць наша кіно. Напэўна, і няпростым, і добрым, пакутлівым. Гледачу патрэбны ва ўсе часы і цяпер адныя і тыя ж героі — мы самі. У Беларусі любоў да гэтага героя захавалася».

 Нягледзячы на тое, што беларускае кіно сёння здае пазіцыі, кінематаграфія Беларусі працягвае працу па захаванні нацыі, проста яны робяць гэта на сваіх хуткасцях.

Калісьці сам старшыня Саюза кінематаграфістаў ездзіў па краіне, па замежжы з беларускімі фільмамі. І ён бачыў эмоцыі гледача. Васільева не пакідае думка пра тое, што не трэба пісаць сцэнарыі і здымаць фільмы для кагосьці асабіста, для нейкай катэгорыі гледачоў. Кінематаграфісты павінны не думаць пра ўзрост ці іншыя крытэрыі, а жыць праблемамі свайго гледача, здымаць тое кіно, дзе ёсць нейкая гармонія.

Ружовыя замкі будаваць можна колькі заўгодна, але праблемы ў айчыннай кінагаліне ёсць. Віктар Васільеў кажа, што іх можа лёгка вырашыць новае пакаленне: «Нам трэба “уліваць” маладыя сілы ў індустрыю, даваць ім працу. Мы пачынаем губляць і іншыя кадры — грымёраў, касцюмераў… Гэта ўсё тое, што можна вырашыць: забяспечыць неабходнымі кадрамі індустрыю, бо асобы кіно — гэта змоўшчыкі. Яны вырашылі рабіць нешта, і робяць гэта разам».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.