Вы тут

Фінал навукова-інжынернага конкурсу BelSEF пройдзе на базе БДУІР


Мерапрыемства праводзіцца ўжо ў пяты раз. На суд журы ў гэтым годзе былі прадстаўлены 137 даследчых работ навучэнцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а ў фінал выйшлі 48 работ.


18 лютага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) адбудзецца стэндавая абарона работ навучэнцаў па наступных катэгорыях: "Інфарматыка"; "Матэматычныя навукі"; "Праектаванне і робататэхніка"; "Фізіка"; "Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі". Канкурсантам трэба будзе прадэманстраваць уменне прэзентаваць сваю працу, адстойваць уласны пункт гледжання, адказваць на дадатковыя пытанні. Традыцыйна ацэньваць працы фіналістаў будзе навуковае, педагагічнае, маладзёжнае і бізнес-журы. У склад навуковага журы ўвайшло больш як 20 прадстаўнікоў навуковай супольнасці краіны — дактары, кандыдаты навук, спецыялісты і супрацоўнікі БДУ, БДУІР, БНТУ, Нацыянальнай акадэміі навук і іншыя.

У гэты ж дзень у рамках конкурсу пройдзе "Кірмаш праектаў", падчас якога ва ўсіх ахвотных будзе ўнікальная магчымасць пазнаёміцца ​​з праектамі маладых даследчыкаў.

Юныя навукоўцы прадэманструюць 3D-прынтар уласнага вырабу і смартфон новага пакалення, прадставяць нанаакумулятор і хатні кандыцыянер. Імі будуць раскрытыя сакрэты электрычнай сімфоніі правадоў і струн, матэматычнага більярда і праграмуемага аўтазванка. Навучэнцы прэзентуюць уласна распрацаваны лічыльнік сонечнай энергіі, трэнажор для рэабілітацыі людзей, якія перанеслі інсульт і іншыя свае вынаходніцтвы.

Таксама ўсе ахвотныя змогуць у гэты дзень прыняць удзел у Фестывалі факультэтаў БДУІР: пабліжэй пазнаёміцца са спецыяльнасцямі, па якіх тут рыхтуюць, пагутарыць з выкладчыкамі і студэнтамі, паўдзельнічаць у забаўляльных конкурсах.

Аўтары  работ і госці конкурсу змогуць таксама наведаць пасяджэнне адукацыйнай акадэміі BelSEF, а зусім юных наведвальнікаў чакае прыемны сюрпрыз — праграма "Вясёлая навука" ад навуковага шоу Ximikids, якая абяцае поўнае пагружэнне ў свет хімічных і фізічных эксперыментаў.

Увечары ўдзельнікі першага ў Беларусі праекта ў фармаце навуковых баёў (Science Slam) правядуць для канкурсантаў і гасцей публічныя лекцыі. Маладыя навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук і прадстаўнікі ўніверсітэцкай навукі наглядна, ярка і цікава агучаць складаныя навуковыя ідэі, папулярна і даступнай мовай раскажуць публіцы пра свае даследаванні.

19 лютага па выніках конкурсных выпрабаванняў аўтары самых перспектыўных праектаў пройдуць абарону на англійскай мове, а пераможцы конкурсу прадставяць Беларусь на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair, які адбудзецца ў маі бягучага года ў  г. Лос-Анжэлес (штат Каліфорнія, ЗША).

Арганізатарамі конкурсу выступаюць ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій і карпарацыя Intel.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.