Вы тут

Адкуль пайшла назва вёскі Сінія Горы Смалявіцкага раёна?


«Мая бабуля нарадзілася ў вёсцы Сінія Горы Смалявіцкага раёна. Раскажыце, калі ласка, пра назву гэтай вёскі».

Сцяпан Таболіч, Мінск


На пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

На першы погляд парадаксальным можа падацца той факт, што ў Беларусі, тэрыторыю якой амаль на 75 працэнтаў займаюць раўніны і нізіны, налічваецца даволі вялікая колькасць тапонімаў з асновай гара: вёскі Барань-Гара, Бярозавая Гара, Горкі, Красная Горка, Лысая Гара, Гараватка, Горная Рута, Гаравец, Гаравін і многія іншыя. Насамрэч ніякага парадоксу ў гэтым няма. Паводле вядомага ў анамастычнай навуцы «закона адноснай негатыўнасці», сфармуляванага яшчэ ў шасцідзясятыя гады дваццатага стагоддзя вядомым тапанімістам В.А. Ніканавым, уласныя геаграфічныя назвы звычайна даюцца не па характэрнай, а па рэдкай прыкмеце мясцовасці, якая выдзяляе названы аб'ект з навакольнага асяроддзя. У такім разе абсалютна заканамерна, што беларусы гарамі называлі любыя ўзвышшы на раўніннай і нізіннай мясцовасці. Такім чынам, асноўны кампанент (Горы) у назве вёскі Сінія Горы мае празрыстую матывацыю. Больш загадкавым можа падацца азначальны кампанент — Сінія. Але і ён мае сваё навуковае тлумачэнне.

Каляровыя абазначэнні — тыповая з'ява для тапаніміі Беларусі. Найбольш шырока адзначаюцца тапонімы, у складзе якіх ёсць прыметнік белы (Белы Мох, Белыя Лужы), масава прадстаўлены назвы з кампанентам чорны (Чорны Ручай, Чорны Засценак), нярэдка сустракаюцца назвы, у структуры якіх маюць месца прыметнікі зялёны (Зялёны Востраў, Зялёны Прудок) і чырвоны (Чырвоныя Нівы, Чырвонае Поле). Арэал ужывання прыметніка сіні ў назвах населеных пунктаў ахоплівае ўсе рэгіёны нашай краіны: пасёлак Сіні Востраў (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці), пасёлак Сіняе Мора (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), пасёлак Сіняк (Салігорскі раён Мінскай вобласці), вёска Сіняўка (Клецкі раён Мінскай вобласці), вёска Сіняя Гара (Валожынскі раён Мінскай вобласці), пасёлак Сіняе Балота (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці), вёскі Сіні Калодзеж і Сіняя Слабада (Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці), хутар Сіні Ручай (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), вёска Сіні Камень (Гродзенскі раён), хутар Сіняўшчына (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці), вёска Сінянка (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). Старажытная гісторыя, колеравая сімволіка, глыбокі жыццёвы сэнс і народная мудрасць адлюстраваны ў кожнай з гэтых назваў. Шкада, што многія з іх ужо сёння зніклі з карты Беларусі і перайшлі ў разрад страчаных назваў.

Даволі шырокі спектр найменняў з кампанентам сіні адзначаецца не толькі ў айканіміі (уласных назвах населеных пунктаў), але і ў беларускай мікратапаніміі (уласных назвах дробных геаграфічных аб'ектаў). Пры гэтым у многіх выпадках вядома матывацыя найменняў. Так, затока Сіняя Даліна на Мазыршчыне атрымала сваю назву з-за таго, што вада тут чыстая, з сінім адценнем. У мясцовых жыхароў, па сведчанні даследчыцы мікратапаніміі рэгіёна А.А. Івановай, прыкмета сіні ў адносінах да вады звязваецца з паняцем «чысты», «празрысты». На Краснапольшчыне месца ў лесе называецца Сіняе Балота з той прычыны, што тут расце шмат чарнічніц, а Сіняе Поле ў Слаўгарадскім раёне назвалі так таму, што ў летнюю пару яно пакрыта васількамі. Цікавыя назвы мікрааб'ектаў зафіксавалі навукоўцы Гродзенскага ўніверсітэта на тэрыторыі сваёй вобласці: паляна Сінячыха (на ёй растуць грыбы — сінякі), сенажаць Сінюкоўшчына (належала братам Сінюкам), паша Сіняк (тут вельмі неўрадлівая глеба — сіняк), пагорак Сіняя Гара (на ім пясок сіняватага колеру). Недалёка ад вёскі Суботнікі Іўеўскага раёна ёсць урочышча з назвай Сіняе Вока. Вокам у гэтай мясцовасці называюць прорву, бездань у балоце, дрыгву. Не менш цікавыя назвы сустракаюцца на Міншчыне (глыбокая яма ў рэчцы Сіняя Тонь) і Брэстчыне (заліў на рэчцы Сінія Бухты). А назва ўрочышча Сіні Востраў на Гомельшчыне, відаць, узнікла таму, што на гэтым месцы рос яловы лес. А сінім ён называўся, на думку В.П. Лемцюговай, з той прычыны, што яго драўніна змяшчае мала смалы.

Акрамя таго, нельга ігнараваць паданні і вераванні нашых продкаў, якія складаюць неад'емную частку традыцыйнай культуры беларусаў. Тым больш што амаль у кожным раёне Беларусі сустракаюцца ўзвышшы, якія маюць назву Гара або Горка ў спалучэнні з пэўным колерам. Так, Л. Дучыц і І. Клімковіч назву Красная Горка звязваюць з месцам, куды прыносілі дзяўчаты і маладыя жанчыны рытуальныя стравы і напоі, спажывалі іх, спявалі абрадавыя песні, вадзілі карагоды. На Чорных гарах звычайна былі язычніцкія капішчы. Вельмі цікавую інфармацыю вучоныя-этнографы даюць пра горы, назвы якіх змяшчаюць азначальны кампанент залаты або сярэбраны: «У міфапаэтычнай карціне свету нашых продкаў ландшафтным аб'ектам нярэдка надаюцца паэтычныя азначэнні залаты і срэбны, што ў беларускім фальклоры ёсць сімвалам багацця, дастатку і асацыіруецца з Сонцам, Месяцам, жаночым ды мужчынскім пачаткамі, адпавядае вышэйшаму і ніжэйшаму свету, свету памерлых. Дык і не дзіва, што сустракаюцца і такія назвы, як Залатая і Срэбная Гара. Вельмі часта на іх месцяцца старыя могільнікі». Па сведчанні навукоўцаў, сіні колер у беларускай міфалогіі звязаны з архаічнымі ўяўленнямі аб замагільным свеце, з культам памерлых.

Назва Сінія Горы не адзінкавая. У Валожынскім раёне, па звестках Л. Дучыц, існуе мікратапонім Сіняя Гара, ад якога, у сваю чаргу, пайшла назва вёскі. Народнае паданне тлумачыць гэту назву тым, што гара дыміцца. Ёсць і іншае меркаванне адносна паходжання гэтай назвы: на гэтым месцы некалі была крыніца з празрыстай вадой. З назвай Сінія Горкі зафіксаваны таксама комплекс курганоў недалёка ад вёскі Саковічы ў Асіповіцкім раёне.

Такім чынам, прааналізаваўшы многія выпадкі ўжывання прыметніка сіні ў тапанімічнай сістэме Беларусі і супаставіўшы з іншымі колеравымі найменнямі, можна выказаць найбольш верагодныя дзве версіі ўзнікнення назвы вёскі Сінія Горы. Першая версія звязана з гаспадарчай дзейнасцю людзей, для якіх важна было адзначыць не толькі рэльеф мясцовасці, але і ступень урадлівасці глебы. Цалкам магчыма, што на ўзвышанай мясцовасці зямля была пясчаная, і адпаведна яе неўрадлівы (сіні) характар быў адлюстраваны ў назве геаграфічнага аб'екта. Другая версія можа мець сувязь з міфапаэтычнай творчасцю насельнікаў гэтай мясцовасці, якія, магчыма, узнікненне гары звязвалі з месцам старажытнага пахавання. Але канчатковую і больш дакладную разгадку паходжання назвы можна адшукаць толькі на месцы, звярнуўшы ўвагу на характар расліннасці, якасць глебы, а таксама ўважліва паслухаўшы аповеды старажылаў.

P.S. Шаноўныя чытачы!

Вас цікавіць, што азначае назва горада, вёскі ці мястэчка, у якіх вы жывяце? А можа, той мясцовасці, адкуль вы родам? Вам хочацца ведаць, адкуль пайшлі найменні пэўных урочышчаў, лясоў, азёр, што размяшчаюцца ў вашай мясцовасці? Тады дасылайце свае лісты з пытаннямі на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, газета «Звязда». Або па электроннай пошце: nіna@zvіazda.by з пазнакай «Родныя тапонімы».

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».