На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі вядомых айчынных і замежных кампаній — у выніку было прадстаўлена больш чым тры дзясяткі стэндаў. Форум наведалі больш за паўтары тысячы студэнтаў з розных ВНУ.
— Раней наш універсітэт праводзіў так званыя Дні кар'еры, — адзначыў рэктар БДУ Сяргей АБЛАМЕЙКА. — Але штогод колькасць ахвотных наведаць гэтыя мерапрыемствы, як з боку студэнтаў, так і работадаўцаў, павялічвалася. Таму мы дамовіліся з Міністэрствам адукацыі аб правядзенні форуму рэспубліканскага маштабу, на які запрасілі студэнтаў з іншых ВНУ. Наколькі мне вядома, паступіла нямала заявак з рэгіянальных універсітэтаў, ёсць і госці з замежжа: Арменіі, Італіі, Чэхіі. Можна канстатаваць, што цікаўнасць да такіх сустрэч не змяншаецца, і мы рады, што атрымліваем шмат станоўчых водгукаў.
Аднак колькасць удзельнікаў — не адзінае адрозненне мерапрыемства ў новым фармаце ад звыклых Дзён кар'еры. Акрамя дыялогу з патэнцыйнымі работадаўцамі, наведвальнікі маглі паслухаць майстар-класы на самыя розныя тэмы: ад правіл складання рэзюмэ да тэндэнцый беларускага рынку працы і прафесій, якія стануць запатрабаванымі ў недалёкай будучыні. Акрамя таго, у праграме Рэспубліканскага кар'ернага форуму былі так званыя «спід-дэйцінгі» (кароткія размовы з работадаўцамі), лабараторыя дызайн-мыслення, дзе кожны ахвотны мог паспрабаваць сябе ў распрацоўцы інавацыйных рашэнняў для вядомых кампаній, а таксама панэльная дыскусія, падчас якой абмяркоўваліся шляхі скарачэння адлегласці паміж акадэмічнай адукацыяй і патрэбамі бізнесу.
— Я вырашыў наведаць гэты форум, бо спадзяюся знайсці сабе месца працы, дзе змагу прымяніць атрыманыя на вучобе навыкі, — расказаў студэнт другога курса геаграфічнага факультэта БДУ Арцём ПАБЯРЭЖНІ. — Таксама хачу зразумець, якіх ведаў не хапае, каб быць запатрабаваным спецыялістам. Мяне найбольш цікавіць прымяненне геаінфармацыйных сістэм у прамысловасці. Гэта сфера, якая знаходзіцца на перасячэнні геаграфіі і інфарматыкі. Напрыклад, складанне інтэрактыўных картаў ці нешта падобнае.
— Прыехала сюды, бо цяпер знаходжуся ў пошуку варыянтаў для будучага размеркавання, — падзялілася студэнтка чацвёртага курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына МАЁРАВА. — Шчыра кажучы, непасрэдна па маёй сферы — нафтахімічнай прамысловасці — варыянтаў тут няшмат. Найбольш стэндаў кампаній, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Але я не засмучаюся, бо паралельна праходзяць майстар-класы і гутаркі, а гэта таксама вельмі карысны досвед, які мне абавязкова спатрэбіцца.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.