Вы тут

Як спагнаць кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак з фірмы


А кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак не атрымаў

З просьбай аб дапамозе ў рэдакцыю звярнуўся пастаянны чытач «Звязды». Спадар А. (назавём яго так, бо прозвішча і зваротны адрас у друку заяўнік прасіў не згадваць) з Гродзенскай вобласці працаваў у прыватнай фірме. А калі звольніўся, наймальнік адмовіўся выплачваць яму кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак. «Мне ўжо далёка не 20 і нават не 40 гадоў. За час маёй працоўнай дзейнасці ўсяго пабачыў: прэміі атрымліваў, падзякі, граматы. А бывала, што, як у песні Вілі Токарава, «меня и грабили, и просто не платили, и оскорбляли...»

Але ж не да такой ступені», — пакрыўджана піша чытач.


Паверыў абяцанням

Але пра ўсё па парадку. На работу ў прыватную фірму спадар А. уладкаваўся 2 сакавіка 2015 года (хоць, паводле запісу ў працоўнай кніжцы, быў прыняты 15 сакавіка). Лічыўся падсобным рабочым, але на справе працаваў качагарам.

«Афіцыйны заробак у нас быў каля двух тады яшчэ мільёнаў, — расказвае ён у лісце. — За гэткія грошы і ў гэткіх страшных умовах — нават у наш час, калі работу ў вёсцы знайсці практычна немагчыма, — ніхто працаваць не будзе. І дырэктар абяцаў плаціць па колькасці напаленага вугалю: 40 тон — чатыры мільёны, 50 тон — пяць мільёнаў і г. д. І плаціў. Але не заўсёды. І не ўсім.

Прапрацаваў я там амаль 11 месяцаў. Затрымаўся б і даўжэй, бо альтэрнатывы не было. Але надакучылі пастаянныя прыдзіркі майстра, і я кінуў работу. Разумеў, што маглі звольніць за прагулы, але гэтага не зрабілі. Зрабілі іншае. Калі я сам падпісаў афіцыйную заяву на звальненне і атрымаў канчатковы разлік, убачыў, што мне не заплацілі не толькі абяцанае «ў канверце», але і кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак.

Спытаў у майстра. Той адказаў, што ні пры чым. Патэлефанаваў дырэктару фірмы, а ён заявіў: «Скажы дзякуй, што і гэта заплацілі. А пачнеш шукаць праўду, мы напішам на цябе акт, што ты быў п'яны ці адсутнічаў і па тваёй віне згарэў вугаль. І ты мне да смерці будзеш вінен».

Спадар А. спадзяваўся, што кіраўніцтва замучыць сумленне і грошы яму вернуць. Але цуду не здарылася. У пачатку жніўня мінулага года мужчына пайшоў на кансультацыю да пракурора. Той параіў напісаць скаргу ў міжраённую інспекцыю па працы. Звяртаўся чытач і ў Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы (бо фірма зарэгістравана ў сталіцы), і ў Міністэрства па падатках і зборах. Праўда, увагу ведамстваў больш прыцягнуў факт выплаты заробку «ў канвертах», які ўсё роўна не атрымалася даказаць. Бо «з прадстаўленых у інспекцыю дакументаў вынікае, што грашовыя сродкі налічваліся работнікам арганізацыі і выплачваліся згодна з ведамасцямі праз касу».

«А чаму не звярнулі ўвагі на тое, што я скардзіўся на бесчалавечнае стаўленне да людзей, на адсутнасць санітарных нормаў, на грубае парушэнне тэхнікі бяспекі і пажарнай бяспекі і, у рэшце рэшт, што для мяне самае галоўнае, на нявыплачаную мне кампенсацыю?» — задаецца пытаннем спадар А.

Грошы верне суд?

Выплаціць супрацоўніку ўсе належныя сумы наймальнік абавязаны ў дзень звальнення. Канчатковы разлік уключае запазычанасць па заработнай плаце, кампенсацыю за нявыкарыстаныя дні адпачынку, выхадную дапамогу і іншае.

— Каб пазбегнуць адказнасці за несвоечасовы разлік работніка пры звальненні, наймальнікі звяртаюцца да розных хітрасцяў, — папярэджвае адвакат па працоўных спрэчках Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Уладзімір ПУНЬКО. — Напрыклад, не скасоўваюць кантракт і не выдаюць працоўную кніжку, а прапануюць напісаць заяву на адпачынак за свой кошт, пакуль у арганізацыі не з'явяцца грошы на выплату заробку. У сітуацыі рэальнага скарачэння штату звальняюць па пагадненні бакоў, каб не выплачваць выхадную дапамогу. Ці не выдаюць патрэбныя дакументы.

Згодна з артыкулам 179 Працоўнага кодэкса кампенсацыя за нявыкарыстаны адпачынак выплачваецца незалежна ад падставы звальнення. На яе могуць прэтэндаваць і сезонныя работнікі, і тыя, хто быў заняты па сумяшчальніцтве. Права на гэтыя выплаты ўзнікае, калі чалавек адпрацаваў у наймальніка больш за 15 дзён, якія ўключаюцца ў працоўны год. Калі да звальнення работнік адпрацаваў няпоўны год, сума кампенсацыі вызначаецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Пры гэтым мінімальны адпачынак складае 24 дні (гэтыя дні ўключаюцца ў працоўны год).

Каб спагнаць кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак, можна звярнуцца да натарыуса па выканаўчы надпіс, у камісію па працоўных спрэчках (калі такая ёсць на прадпрыемстве), падаць іск у суд. Пры гэтым, адзначае Уладзімір Пунько, работнікі вызваляюцца ад аплаты дзяржпошліны за падачу іску і судовых выдаткаў.

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па месцы жыхарства спадара А., пачуўшы яго гісторыю, здзівіліся: чаму мужчына перш-наперш не звярнуўся да іх?

— Мы яму гатовы дапамагчы: звязацца з наймальнікам, сабраць неабходныя дакументы. Няхай прыходзіць, — адказалі ва ўпраўленні і заверылі, што і наш чытач, і іншыя грамадзяне, якія сутыкнуліся з такой сітуацыяй, могуць звяртацца па кансультацыю ў мясцовыя органы па працы.

Праўда, ці не будзе позна? Тэрмін даўнасці па справах аб спагнанні выплат пры звальненні складае тры месяцы з дня звальнення. А ў сітуацыі спадара А. прайшоў амаль год. Хоць у выпадку пропуску тэрміну даўнасці з уважлівых прычын ён можа быць адноўлены судом.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».