Вы тут

Міжнароднае радыё "Беларусь" абвясціла конкурс “Мая кніга для свету”


Нагода — вялікі юбілей беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Форма ўдзелу — сэлфі з любімай кнігай. Людзі з розных краін, маладыя і сталыя, маленькія і старэнькія дасылаюць свае здымкі на адрас радыё. Умовы ўдзелу ў конкурсе можна прачытаць тут.


Пра названы конкурс і іншыя праекты міжнароднага радыё “Беларусь” гутарым з дырэктарам дырэкцыі падрыхтоўкі праграм на замежных мовах Дзмітрыем Занеўскім.

Пра конкурс

— У 2017-м адзначаецца 500-годдзе першай кнігі, надрукаванай Скарынай на беларускай мове, і мы вырашылі адзначыць гэты факт не толькі ў нашых перадачах, праектах культурнага цыклу або навінах, але і праз інтэрактыўны конкурс для слухачоў. На сайце радыё створаны спецыяльны аддзел, пазначаны банерам конкурса. Мы выкладваем фотаздымкі ўдзельнікаў, наведвальнікі сайта за іх галасуюць, і тыя, хто на пэўных этапах атрымаюць найбольшую колькасць галасоў, атрымаюць і наш прыз. Акрамя таго, прадугледжаны і спецыяльныя прызы журы конкурса. Такім чынам, маем два віды судзейства і два наборы пераможцаў, хоць мо яны недзе і супадуць. Гэта не першая спроба інтэрактыву, мы маем пэўны вопыт конкурсаў такога кшталту.

Трэба сказаць, што конкурс далёка не заўсёды з’яўляецца проста конкурсам, рэччу ў сабе. Вяшчаючы на васьмі мовах, радыё “Беларусь” мае магчымасць паглядзець, якія кнігі цікавяць людзей у розных краінах свету і ці чытаюцца наогул папяровыя кнігі. Варта таксама паназіраць, на якіх мовах “конкурсных” кніжак атрымаецца больш і ў якой краіне апынецца больш “конкурсных” чытачоў. Такая вось цікавая ідэя.

— Конкурс запушчаны нядаўна, але мы ўжо маем першыя фотаздымкі, дасланыя з розных краін, у тым ліку з Беларусі, Індыі, Польшчы, Егіпта. Пакуль усе фотаздымкі адлюстроўваюць папяровыя кнігі. Але самыя розныя — і дзіцячыя, і дарослыя, і не толькі мастацкія. Слухач з В’етнама прыслаў здымак з кнігай “Як гартавалася сталь” у перакладзе на в’етнамскую мову. Слухач з Індыі прыслаў сваё фота і напісаў, што яго любімая кніжка належыць “пяру” Сі Дзіньпіна, назва яе перакладаецца прыкладна як “Практыка дзяржаўнага кіравання ў Кітаі. Вельмі цікавы ліст прыслаў і слухач з Польшчы Ярослаў Янджэйчак. Напісаў, што як паляк, славянін ён з нагоды 500-гадовага юбілею выдання Скарынай “Псалтыра” абраў для ўдзелу ў конкурсе шэдэўр Якуба Коласа “Новая зямля”.

Пачалося гэта літаральна толькі што, а працягнецца да канца вясны. У маі або напачатку лета плануецца абвясціць пераможцаў фінала, але будуць абвяшчацца пераможцы на кожным этапе. То бок, цікавасць падаграваецца і тым, што прадугледжваецца шмат пераможцаў. А ў якасці прызоў, як мяркуецца, будуць рассылацца па свеце беларускія кнігі з перакладамі або выданні пра Беларусь, выпушчаныя на розных мовах.

Пра іншыя інтэрактывы

— Паралельна з названым конкурсам на нашым сайце праводзіцца своеасаблівае тэсціраванне на веданне Беларусі. Выкладзеныя пытанні тэстаў маюць варыянты адказаў. Сферы, закранутыя ў пытаннях, — самыя розныя – ад эканомікі да геаграфіі, пра людзей і традыцыі, звычаі і славутасцяў. Прайшоўшы тэст да канца, можна адразу даведацца, што было названа правільна, а што не. Прычым, пытанні рэгулярна аднаўляюцца, таму і цікавасць да тэстаў ніяк не знікае.

Цікава, што супрацоўнікі радыё прапануюць і слухачам прымаць удзел у аднаўленні пытанняў. І слухачы дасылаюць свае пытанні! Тысячы людзей з розных краін прынялі ўжо ўдзел у такім тэсціраванні. Радыё мае водгукі, прынамсі, з Польшчы — тамтэйшы слухач рэгулярна дзеліцца сваімі поспехамі і “праваламі”, і з Індыі, дзе існуе цэлы клуб слухачоў “Беларусі”. Англамоўная патэнцыйная аўдыторыя радыё “Беларусь”, зразумела, большая, чым беларускамоўная. Хаця за мяжой жыве некалькі мільёнаў беларусаў.

Пра новыя праекты

Да 500-годдзя скарынаўскіх кніг у сакавіку запускаецца яшчэ адзін праект — віктарына пра Скарыну, кнігу і бібліятэчную справу. Пытанні будуць абвяшчацца ў эфіры. А ўвогуле, у кожным сезоне адбываецца па некалькі інтэрактыўных праектаў. Таму што…

— Цяпер няма радыё, якое займаецца толькі радыё. Цяпер радыё — гэта і відэа, і аудыа, і фота, і інтэрактыў. Адбываецца гэткае зліццё розных форм медыя, і я думаю, што у рэшце рэшт не стане ніякага дзялення, прынамсі, на радыё і тэлебачанне, а ўтворыцца агульная медыя-прастора, якая працягне існаваць у такіх вось няпэўных, няжорстка рэгламентаваных формах.

У бліжэйшых планах — пашырэнне вяшчання на тых мовах, якія ў радыё “Беларусь” ужо ёсць. Восем моў – гэта нямала. І гэта патрабуе вялікай каардынацыі дзеянняў, а таксама супрацоўнікаў з высокім узроўнем ведання мовы, якім да таго ж падабаюцца і радыйная праца, і журналістыка ўвогуле. Такія людзі — не з адным талентам — сустракаюцца, як ведаем, нячаста. А слухачы, тым часам, просяць “адкрыць” новыя мовы. У прыватнасці, партугальскую і іўрыт. Калі радыйшчыкі, пралічыўшы ўсе свае магчымасці, убачаць перспектыўныя эфекты, то гэта абавязкова адбудзецца.

Сам Дзмітрый Занеўскі ведае некалькі моў — англійскую, шведскую, польскую, скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Трапіў на радыё выпадкова, але затрымаўся тут, бо…

— Кожны дзень можна займацца толькі тым, што падабаецца, у чым знаходзіш шмат для сябе цікавага, што дапамагае самаразвіццю. Тое, што мы расказваем пра Беларусь, мне здаецца вельмі важным. Таму я тут і працую.

Святлана Воцінава

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.