Вы тут

Мурашкі разумнейшыя, чым людзі пра іх думаюць


Мы ведаем, што мурашкі — даволі незвычайныя насякомыя, якія валодаюць пэўнага роду калектыўным розумам. Але, аказваецца, індывідуальныя асобіны таксама здольныя на вельмі нетрывіяльныя ўчынкі, якія сведчаць аб немалым розуме.


Ішвтан Маака з венгерскага ўніверсітэта Сегеда разам з камандай прапанавалі двум відам невялікіх мурашак з роду Aphaenogaster вадкасць, якая змяшчае ваду і мёд, разам з шэрагам інструментаў, з дапамогай якіх гэтую вадкасць насякомыя маглі перанесці да сябе ў гняздо. Мурашкі пачалі эксперыментаваць з інструментамі і выбралі тыя, якія было лягчэй за ўсё несці і якія ўбіралі больш за ўсё вадкасці. Яны бралі губкі ці паперу, хоць ні таго, ні другога ў іх мурашніках ніколі не было. Гэта дае вучоным магчымасць меркаваць, што мурашкі могуць ацэньваць характар як матэрыялу, так і вадкасці, а таксама што яны могуць хутка вучыцца выкарыстанню новых інструментаў. Некаторыя віды мурашак вядомыя тым, што яны карыстаюцца прыладамі, але дадзены эксперымент упершыню прадэманстраваў, што гэтыя насякомыя здольныя хутка выбіраць найбольш зручную прыладу.

Мурашкам прапаноўваліся на выбар розныя інструменты як натуральнага паходжання, накшталт палачак, яловых іголак і пясчынак, так і штучнага. Насякомыя пачалі адразу эксперыментаваць з прадметамі і хутка выбралі прыдатныя. Мурашкі віду Aphaenogaster subterranea аддавалі перавагу невялікім камячкам глебы для пераносу разведзенага вадой мёду і губкі для чыстага мёду. Большасць мурашак нават парвалі губкі на часткі, каб было больш зручна іх пераносіць. А прадстаўнікі віду Aphaenogaster senіlіs спачатку выкарыстоўвалі ўсе інструменты аднолькава, але хутка засяродзіліся на паперы і губцы, якія ўбіралі прапанаваныя прысмакі, г. зн. мурашы выбралі аптымальную стратэгію паводзін у ходзе работы, прыняўшы да ўвагі ўсмоктванне і зручнасць пераноскі прадмета.

Магчыма, мурашкі роду Aphaenogaster развілі такога роду здольнасці з-за таго, што ў іх маленькі страўнік, які не пашыраецца. Паколькі гэтыя насякомыя жывуць у даволі агрэсіўным асяроддзі, працэс натуральнага адбору мог заахвочваць падобныя стратэгіі паводзін. Цалкам магчыма, калі меркаваць па хуткасці і актыўнасці, што мурашкам нават спадабаліся новыя матэрыялы, якіх яны проста не бачаць у натуральным асяроддзі.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.