Вы тут

Ці дапамагае ранняе браніраванне скараціць выдаткі на летні адпачынак?


Прыемна сэканоміць лішнюю капейку. Асабліва на тым, без чаго можна абысціся, але так не хочацца, — адпачынку на моры ўлетку. У апошнія гады ўсё часцей турыстычныя кампаніі прапаноўваюць паслугу ранняга браніравання. «Зніжкі да 50%», «самая выгадная цана»! Але ці насамрэч турфірмы гатовыя «скінуць» цэны і тым самым пазбавіць сябе часткі прыбытку? Ці ў параўнанні з набытай за месяц да паездкі пуцёўкай розніцы амаль не будзе?


Набліжэнне да лета

Звычайна ранняе браніраванне адбываецца ў некалькі этапаў. Першы пачынаецца ў кастрычніку—лістападзе. Далей кожны месяц цэны абнаўляюцца. Апошні этап заканчваецца 30 красавіка, а часам нават 15 мая. Пры гэтым, чым раней браніраваць, тым ніжэйшым атрымліваецца кошт тура (браніраваць на першых этапах акцыі найбольш выгадна). У сярэдзіне лютага спецыялісты штогод адзначаюць пад'ём зацікаўленасці ў раннім браніраванні. Яе прычына выключна псіхалагічная. Маўляў, навагоднія святы прайшлі, блізка — шэрая беларуская вясна (а сэрца патрабуе лета, і як мага хутчэй), і мары аб цудоўным адпачынку пад паўднёвым сонцам увасабляюцца ў набытых турах.

Цэны на пражыванне ў атэлях залежаць ад сезона. Летам яны могуць у некалькі разоў перавышаць, напрыклад, зімнія. Пры гэтым для атэляў загадзя аплачаныя нумары — не толькі гарантыя таго, што яны атрымаюць прыбытак (няхай і меншы, чым у сезон), але і магчымасць за атрыманыя сродкі падрыхтавацца да прыёму гасцей. Для тураператараў галоўная перавага ў тым, што можна зразумець, які попыт на рынку, якія прыярытэты і пажаданні турыстаў, каб сфарміраваць далейшыя прапановы.

Грэцыя традыцыйна з'яўляецца самым папулярным кірункам для ранняга браніравання. У спіс таксама ўваходзяць Турцыя, Іспанія, Кіпр і Туніс. Найбольш запатрабаваныя месяцы — чэрвень, ліпень і жнівень. Пры гэтым, калі верыць беларускім турыстычным фірмам, у Еўропе ўжо тры чвэрці аматараў летняга адпачынку карыстаюцца паслугай ранняга браніравання. У Беларусі гэта лічба складае ўсяго адну чвэрць.

Два бакі аднаго медаля

Каму ўвогуле можа быць цікава ранняе браніраванне? Перш за ўсё тым, хто звыклы да доўгатэрміновага планавання ўсяго ў жыцці, у тым ліку і выезду на мора. Пралічыць, што вы ці ваша сям'я будзе рабіць праз восем месяцаў, — задача не для кожнага. Пры гэтым, чым большая кампанія збіраецца, тым цяжэй прадугледзець усе абставіны.

Разам з тым — чым раней абраць тур, тым большы будзе выбар атэляў, тым большая зніжка, у тым ліку на некаторыя пералёты. Ёсць час падрабязна разгледзець варыянты, пачытаць водгукі на форумах. Калі ўжо маецца любімая мясціна для адпачынку, то можна атрымаць там гарантаванае месца ў абраны час. Акрамя таго, колькасць шматмесных нумароў, калі, напрыклад, едзе вялікая сям'я, абмежавана, іх варта заказваць загадзя. Да таго ж ранняе браніраванне дазваляе не сачыць за курсам валют, бо грошы ўжо заплачаны, а кошт замацаваны дагаворам. Амаль усе турыстычныя кампаніі даюць магчымасць скарыстацца паслугай спецыяльнай страхоўкі ад нявыезду, па якой, калі маецца сапраўды ўважлівая прычына, сродкі вернуць.

Самая відавочная рызыка ў раннім браніраванні — абставіны, якія не пусцяць пагрэцца на моры. Ад іх не застрахаваны ніхто. Акрамя таго, многія фірмы патрабуюць амаль поўную аплату тура ў найбліжэйшыя дні пасля яго набыцця. Некаторыя кампаніі ставяцца больш гнутка і прапаноўваюць сістэму беспрацэнтнай растэрміноўкі на некалькі месяцаў.

Дык якая атрымліваецца эканомія?

Аднак усе мае знаёмыя, якім давялося карыстацца такой паслугай, часцей за ўсё расказвалі гісторыі пра раптоўныя нестыкоўкі. Сяброўка загадзя, яшчэ ўзімку, забраніравала тур у Грэцыю. Пазней высветлілася, што акурат у тыя 10 дзён у яе мусіць адбыцца экзамен у інстытуце. Адпачынак аказаўся ў прыярытэце, і іспыт давялося здаваць асобна ад групы.

На форумах турысты актыўна дзеляцца прычынамі, па якіх ранняе браніраванне не спрацавала. Але каля 70% водгукаў — станоўчыя і накшталт «мы сэканомілі 500 долараў», некаторыя называюць лічбы ў 200, 300, 600 у.а... Ёсць і тыя, хто абвінавачвае турфірмы ў падманных акцыях. Пішуць, што зніжка 50%, а па факце атрымліваецца менш за 10%.

Паспрабуем скарыстацца простай арыфметыкай. Некалькі гадоў таму я набывала тур у Балгарыю. Абышлося гэта прыкладна ў 500 долараў з вылетам з Мінска, чатырохразовым харчаваннем і нумарам з кандыцыянерам, кухняй, ваннай і прыбіральняй. На адным з сайтаў айчынных туркампаній знайшла варыянт з такімі ж умовамі, толькі ўжо за 320 долараў. «Гэта атэлі даюць такія зніжкі», — растлумачыла кансультант кампаніі. Па яе словах, можна скарыстацца магчымасцю страхоўкі ад нявыезду, і, калі тур атрымаецца прадаць іншаму кліенту досыць хутка, можна амаль нічога не згубіць. Калі адмаўляцца ў блізкі да даты заезду тэрмін — варта чакаць штрафных санкцый. Усё залежыць ад атэля і ўмоў, якія ён выстаўляе. Напрыклад, ёсць тыя, што не дапускаюць замену наведвальнікаў.

«Але ўсё вельмі індывідуальна. Страхоўка распаўсюджваецца на хваробу, у тым ліку вашага дзіцяці, а таксама на смерць блізкіх сваякоў. Павінны быць прадстаўлены адпаведныя дакументы. Кожны выпадак разглядаецца асобна. Агулам акрэсліць тэндэнцыю складана», — расказала спецыяліст. У любым выпадку, важна ўважліва прачытаць дагавор, які будзеце падпісваць. Там жа будуць прапісаны і штрафныя санкцыі ў выпадку адмовы ад тура.

Альтэрнатыву ранняму браніраванню могуць скласці гарачыя туры і асабістае планаванне адпачынку. Але тут вялікая верагоднасць таго, што атэль будзе неабавязкова той, які пажаданы, і ўвогуле ўмовы ўсёй вандроўкі могуць аказацца не адпаведнымі чаканням. А для самастойнага планавання выезду трэба ведаць хоць бы на базавым узроўні англійскую мову і добра арыентавацца ў сайтах браніравання атэляў, авіяпералётаў, аўтобусных перавозак.

P.S. Галоўная парада — падыходзіць да набыцця тура загадзя максімальна без эмоцый і аналітычна. Часам зазывальная акцыя можа эканоміць вам усяго 50 долараў, а рызыкі ў сабе хаваць немалыя. Асобна спецыялісты адзначаюць, што ёсць напрамкі, цэны на якія амаль не адрозніваюцца ўзімку і ўлетку. Некаторыя сапраўды маюць розніцу ў два, а то і тры разы. Выкарыстоўваць ранняе браніраванне варта менавіта ў другім выпадку. Як бы там ні было, важна своечасова даведацца пра ўсе ўмовы, якія дае турфірма, атэль і авіяперавозчык, і толькі пасля прымаць канчатковае рашэнне.

Плюсы

  • ёсць магчымасць абраць атэль загадзя (выбар большы);
  • можна сапраўды сэканоміць;
  • за тыя ж грошы, што ў высокі сезон, можна абраць адпачынак з лепшымі ўмовамі (харчаванне, абсталяванне нумару, набліжанасць да мора);
  • застрахаванасць ад вагання курсу валют і, адпаведна, цэн;
  • паслуга «страхоўка ад нявыезду» дазваляе вярнуць грошы.

Мінусы

  • паслуга немагчыма для тых, хто не ведае дакладныя даты адпачынку;
  • пры змене абставін частка грошай (часам вялікая) губляецца;
  • ёсць рызыка ўвогуле застацца без адпачынку, калі планы раптоўна зменяцца;
  • кошт тура можа нічым не адрознівацца ад набытага ў сезон;
  • некаторыя аператары патрабуюць хуткай (на працягу 3, 5,10 дзён) і (ці) 100-працэнтнай аплаты за тур.

Уласны досвед

Гэты адпачынак у Партугаліі быў запланаваны без дапамогі турфірмаў і з выкарыстаннем ільготы па раннім браніраванні авіябілетаў (куплялі ў студзені на жнівень). На кожнага чалавека пералёт у Лісабон і назад каштаваў 235 еўра. Аднак галава сям'і на пяты дзень вандроўкі вымушаны быў тэрмінова перарваць адпачынак. Акрамя страты грошай за білеты на зваротны пералёт (117,5 еўра) і пераезд аўтобусам ад Лісабона да поўдня Партугаліі і назад (40 еўра), незапатрабаванае месца ў доме на беразе акіяна (177 еўра за 6 дзён), галаве сям'і прыйшлося заплаціць за куплены «сёння на сёння» авіябілет 785 еўра. Такім чынам, нечаканыя абставіны «з'елі» каля 1200 еўра эканоміі. Тым не менш эканомія толькі на пералёце склала больш за 7 тысяч еўра для 6 чалавек. Па сутнасці, такі адпачынак без зніжак за ранняе браніраванне быў бы нерэальны. Але немагчыма не ўлічваць і той стрэс, які перажыла сям'я з-за раптоўнага руйнавання планаў (калі ўжо за ўсё заплачана) і тэрміновага вяртання аднаго з іх у Мінск.

Вольга Мядзведзева

medvedeva@zviazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Бывалі мы на тых Таіці...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».