Вы тут

Увага! Літаратурны конкурс працягваецца


Кожная вялікая дарога пачынаецца з аднаго самага першага маленькага кроку. І шлях у літаратуру тут — не выключэнне. Таму так важна для аўтара не прапусціць момант заявіць аб сабе свету і быць заўважаным.


«Звязда» таксама дае магчымасць сваім чытачам далучыцца да кола літаратараў. Зрабіць гэта можна праз конкурс апавяданняў, што традыцыйна праводзіць наша газета. Летась да ўдзелу ў ім мы атрымалі многа допісаў сталых і маладых аўтараў. Нехта дзяліўся ўспамінамі пра ўласнае жыццё, нехта прадстаўляў сапраўды прафесійную прозу, а нехта пісаў нам, каб атрымаць параду куратара — вядомага пісьменніка, дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алеся Бадака. Дарэчы, ён па-ранейшаму будзе апекавацца конкурсам разам з нашай рэдакцыяй у 2017 годзе.

— Вельмі прыемна, што ў конкурсе ўдзельнічаюць як ужо добра вядомыя ў беларускай літаратуры аўтары, так і пачаткоўцы, як людзі сталага веку, так і зусім юнага ўзросту, — заўважае Алесь БАДАК. — Шкада толькі, што не ўсе аўтары прытрымліваюцца ўмоў конкурсу і часам дасылаюць ну вельмі ўжо аб'ёмныя творы, з-за чаго тыя, нават калі і неблагія, не могуць трапіць пад звяздоўскую рубрыку. А скарачэнне можа толькі пашкодзіць ім. Хочацца, каб сёлетнія канкурсанты ўлічвалі гэты факт. Ну, і не забываліся, што не бывае нецікавых жанраў, бываюць сумныя. Таму на старонках «Звязды» можна сустрэць і фантастычныя творы, і гістарычныя, і бытавыя замалёўкі. Спадзяюся, сёлетні год таксама парадуе такой разнастайнасцю.

Нагадаем умовы конкурсу: разглядаецца толькі адно апавяданне ад аднаго аўтара (!) памерам да 5 старонак (ці да 10—12 тысяч знакаў). Гэта павінна быць апавяданне на беларускай мове, якое нідзе дагэтуль не друкавалася. Рэдакцыя пакідае за сабой права не рэцэнзаваць і не вяртаць творы.

Апавяданні накіроўвайце на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск, з пазнакай «На літаратурны конкурс». Можна дасылаць апавяданні на электронны адрас: іnfо@zvіаzdа.bу таксама з пазнакай «Літаратурны конкурс».

Шаноўныя аўтары! Абавязкова паведамляйце сваё прозвішча і імя (сапраўднае), імя па бацьку, дакладны паштовы адрас і поўныя пашпартныя звесткі (нумар, кім і калі выдадзены, асабісты нумар), а таксама кантактны тэлефон. Калі ласка, напішыце колькі слоў пра сябе: чым займаецеся, калі і пад уплывам чаго пачалі пісаць.

Віншуем пераможцаў конкурсу за 2016 год!

Дарэчы, мы ўжо гатовыя назваць імёны пераможцаў 2016 года. Сярод тых, чые творы былі найцікавейшымі з надрукаваных у межах конкурсу, — ёсць жыхары і сталіцы, і невялікага пасёлка. Ёсць моладзь і сталыя аўтары. Ёсць жанчыны і мужчыны. Гэтыя аўтары і прафесійна працуюць у літаратуры, і пішуць толькі «для душы». Тым не менш іх апавяданні нам запомніліся, уразілі нас і чытачоў.

  • І месца — Андрэй ДЗІЧЭНКА. Апавяданне «Кантакт» («Звязда», 28.07.2016).
  • ІІ месца — Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ. Апавяданне «У.» («Звязда», 06.10.2016).
  • ІІІ месца — Антон ПІЛІПЧЫК. Апавяданне «Праганяў чалавек лася...» («Звязда», 22.09.2016).

Па традыцыі ўзнагароджанне пераможцаў пройдзе ў рэдакцыі газеты «Звязда».

Загаловак у газеце: Увага! Конкурс працягваецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?