Вы тут

Чарговая незалежная карціна аказваецца бліжэйшай да жыцця


Галоўная і, можна сказаць, адзіная гераіня дакументальнага фільма «Ты сюды больш не вернешся» — старая жанчына, якую беларускі глядач знойдзе тыповай: прамая спадніца ніжэй калена, фартух, хустка, трасянка, прыхіленасць пад цяжарам гадоў. Дачка прывозіць яе на лета ў родную вясковую хату, і гэта павінна стаць апошнім вяртаннем дадому. У мернай паўтарагадзіннай карціне Дзмітрыя Махамета, дзе, здаецца, нічога не адбываецца, гераіня адчувальна змяняе наваколле, хоць ведае, што пакіне гэта месца ўжо назаўсёды і хутка прырода звядзе яе высілкі на нішто.


 

Пакуль нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» здымае неактуальныя і, на шчасце, рэдкія баевікі з разлікам на вялікі экран, рэжысёр Дзмітрый Махамет, не прэтэндуючы на дзяржаўныя грошы, за невялікі бюджэт стварыў больш важны, блізкі і ў мастацкім плане цікавейшы фільм. «Ты сюды больш не вернешся» — не выключэнне з сістэмы, а яе правіла: кіно незалежных беларускіх аўтараў больш адпавядае сучаснасці і інтарэсам грамадства. Нават аматарскія работы аказваюцца бліжэйшыя да жыцця, чым большасць пераможцаў рэспубліканскіх адкрытых конкурсаў кінапраектаў.

Свой мінулы фільм «Мяжа Нарвілішак», дарэчы, Дзмітрый Махамет зняў для «Беларусьфільма». Гэта была дакументальная карціна, у якой рэжысёр даследаваў жыццё беларускай вёскі Нарвілішкі, што пасля тэрытарыяльнага падзелу 1939 года апынулася ў складзе Літвы, то-бок сёння ўжо Еўрасаюза. Але па духу, калі можна так сказаць, Нарвілішкі ўсё роўна засталіся беларускімі — жыхары размаўляюць на трасянцы, глядзяць беларускае тэлебачанне, абмяркоўваюць стварэнне паблізу пункта памежнага кантролю, праз які яны маглі б трапляць да сваякоў і сяброў, што засталіся ў Беларусі.

Гэта павольны, ненасычаны, сузіральны фільм, у якім амаль адчуваеш застылае вясковае паветра, — усе гэтыя якасці перабраліся ў другую карціну Махамета, якая ў поўным выглядзе называецца «Ты сюды больш не вернешся, альбо Вецер ведае, што я дома».

Паэтычная назва добра карэлюецца з самім фільмам — сапраўдным экзістэнцыйным разважаннем. І калі падаецца, што тэма вёскі сціплая і няхітрая, «Ты сюды больш не вернешся» даказвае адваротнае, што становіцца толькі адной закладзенай у фільм супярэчнасцю. Зрэшты, карціну можна разглядаць з двух бакоў. Побыт, антураж і вобраз беларускай глыбінкі, жыццё старых людзей, гісторыя «аграрнай краіны» — найбольш відавочны з іх. Нельга, напрыклад, не ўбачыць за адзінотай галоўнай гераіні, цішынёй наваколля, нешматлікасцю і мімалётнасцю іншых персанажаў паміраючай вёскі, дзе пахне некалі бурным, гучным, дзейным жыццём.

Тэма вёсак, якія паміраюць, для нас сёння актуальная і жывая, але ў кіно ўздымаецца рэдка, хоць і здаецца вельмі фактурнай (непараўнальным кінааўтарам, што працуе з гэтым матэрыялам, з'яўляецца найвядомейшы беларускі дакументаліст Віктар Аслюк). З усёй сваёй мяркуемай простасцю вёска ўключае ў сябе складаныя для экрана рытм жыцця, нерухомасць, цішыню. Дзмітрый Махамет гэту атмасферу адчуў і выдатна, нават гіпнатычна, перадаў на экране. Тэмпарытм гэты складаны не толькі для рэжысёра, але і для гледача, перанасычанага дзеяннем, дынамічнымі жанрамі, эмоцыямі. Таму дзеля прагляду карціны «Ты сюды больш не вернешся» трэба настроіцца, адмежавацца ад наваколля, паглыбіцца ў экраннае дзейства. Зрабіць апошняе будзе нескладана, бо той гіпнатычны тэмпарытм зацягвае. Немудрагелістае жыццё галоўнай гераіні заварожвае — яна займаецца гаспадаркай, снедае, адпачывае на ложку каля акна, зрэдку размаўляе па тэлефоне (і так імкліва бяжыць адказваць на званок).

Усё роўна, бясстрасна, мерна. Самы эмацыянальна насычаны момант здарыўся, калі старая жанчына ўскіпела ад заўвагі дачкі пра тое, што ў хаце беспарадак. Невялікая, але шматзначная ўспышка толькі падкрэсліла адзіноту, зашчаміла крыўдаю і сцвердзіла чарговую супярэчнасць: старая жанчына аказваецца ў становішчы дзіцяці, якое залежыць ад чужых рашэнняў. Ёй указваюць на «беспарадак у пакоі», прывозяць у вёску на лета, клапоцяцца і ствараюць умовы, і яна натуральна выглядае дзіцем, што важна для разважанняў пра жыццёвы цыкл. З гэтага пачынаецца той другі, больш глыбокі, пласт карціны «Ты сюды больш не вернешся».

Узроўні, што хаваюцца за простым назіраннем за вясковым жыццём і побытам старой жанчыны, напэўна, бясконцыя. Апроч цыкла «ад дзіцяці да дзіцяці», маўклівае і адзінокае існаванне гераіні нагадвае рытуал развітання. У сваю родную хату, напоўненую згадкамі пра мінулыя часы, успамінамі, пашарпанымі знакамі, жанчына вяртаецца апошні раз і працягвае тут сваё сталае жыццё: робіць тую ж працу, вырашае тыя ж задачы, кіруецца звычкамі. Але хто ведае, пра што яна думае, калі пад грукат дажджу ляжыць каля акна на ложку?

Простая, амаль бытавая, гісторыя гучыць як трагедыя чалавека альбо таго, што ён пакідае за сабой, бо відавочна: скончыцца лета і хата, як і вёска, працягне свой сыход у небыццё. Канешне, фільм «Ты сюды больш не вернешся, альбо Вецер ведае, што я дома» паказвае, што незваротнасць — гэта гісторыя не толькі асобнага чалавека, а перабудова ўсёй сістэмы. У гэтым мінулым, між іншым, закладзена надта шмат, таму нездарма карціна падкрэслівае, што жыццё — яно тут, у роднай хаце, дзе і застанецца, а тое, што здарыцца па-за кадрам — ужо, можна сказаць, дажыванне.

Апроч іншага, за імпэтам, з якім галоўная гераіня займаецца гаспадаркай, прыгадваюцца складаныя гады беларускай гісторыі, за якія людзі прызвычаіліся да цяжкай працы. Прызвычаіліся — гэта значыць, што без яе сябе не ўяўляюць, вымушана напаўняюць дні штодзённымі гаспадарчымі задачамі. Расслабіцца — занядбаць сістэму выжывання. Беларуская вёска такім чынам — гэта цэлы феномен, унікальная сфера для даследавання, куча прычынна-выніковых сувязяў. Бабулі і сёння, як толькі прыходзіць вясна, пачынаюць мітусіцца і вырашаць пытанні са сваім агародам і парадкам на падворку. І на жаль, гэта немагчымасць расслабіцца ўсё яшчэ для нас актуальная.

Карціна «Ты сюды больш не вернешся» ўпершыню беларускаму гледачу была паказана на кінафестывалі «Лістапад». Зрэшты, фільм мог трапіць у Асноўны конкурс дакументальнага кіно, але з-за пытання насычанасці Нацыянальнага конкурсу было вырашана пакінуць унікальнае права на паказ апошняму.

Дзмітрый Махамет жыве на дзве краіны — Беларусь і Францыю, але здымае, як бачым, пра Беларусь. Напэўна, менавіта вопыт жыцця ў іншай краіне дапамог яму паглядзець на радзіму староннім вокам. У выніку фільм змясціў добрае спалучэнне: аўтар амаль безгранічна, незаўважным, але засяроджаным назіральнікам, пранікае ў дні сваёй гераіні, але ў гэты ж час перадае агульны погляд абстрагаванага чалавека.

Праз нудлівую паўсядзённасць тут разварочваецца цэлая трагедыя маленькага чалавека, які цяжка працаваў усё жыццё, а яго след усё роўна абяцае сцерціся і патануць у гэтай гіпнатычнай цішыні.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цішыня паміраючай вёскі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.