Вы тут

Маргарыта Дзяхцяр. Зруйнаваная прыгажосць


Зруйнаваная прыгажосць

Прыгажосць — катэгорыя абстрактная. Для кожнага з нас гэтае паняцце рознае, а яго азначэнне — яшчэ больш рознае. Кажуць, не галоўнае быць прыгожым. Бо знешнасць не толькі падманлівая, але яшчэ і не вечная. Не тое, што свет унутраны. Вось там ты калі прыгожы, то прыгожы назаўсёды. Стужка Нікаласа Рэфна «Неонавы дземан» якраз пра тое. Пра свет знешні, пра свет унутраны, пра свет людзей.

Пра гэты фільм чулі, напэўна, усе. Фільм пра дзяўчыну-правінцыялку, якая перабіраецца ў Лас-Анджэлес і губляе галаву. Прычым, здаецца, літаральна. Гісторыя старая як свет — колькі стужак у Галівудзе было знята ў стылі «гісторыя пра Папялушку». Але Рэфн на тое і вялікі майстар, што зробіць менавіта гэтую гісторыю не проста незвычайнай і не падобнай да іншых, але яшчэ і незабыўнай.

Джэсі — 16-гадовая наіўная дзяўчынка са светлымі вачыма і валасамі, з парцэлянавай скурай, з яшчэ дзіцячым, незламаным характарам. Ёй страшна адной у незнаёмым горадзе, тут у яе няма сяброў. Здаецца, Джэсі — адна вялікая адзінота, якой няма спакою і прытулку. Але разам з новымі сябрамі яна ўсё гэта знойдзе.

Стужка пачынаецца вельмі прыгожа — неабходна адзначыць, што візуальны шэраг у ёй проста неверагодны — насычаныя колеры, бліскучыя стразы, прыгожыя, яскравыя кадры. Рэфн, напэўна, рабіў стужку для дзяўчат, якіх у кіназале было, канечне, нашмат больш за прадстаўнікоў моцнага пола.

Калі абстрагавацца ад сюжэта, то можна заўважыць, як па-кліпаваму зроблены фільм. Пераходы выкананы не так, каб іх не адчувалася, а наадварот — каб глядач бачыў, што нешта змяняецца. Вельмі шмат неона, які заяўлены ў назве. І гэта прыгожа выглядае — часам падаецца, што не кіно глядзіш, а ў клуб прыйшоў на дыскатэку (і нават музыка адпавядае).

«Неонавы дземан» прымушае гледача як у ваду акунуцца ў атмасферу прыгажосці, ідэальнасці і раскошы — вакол дзяўчаты-мадэлі з заўсёды матавай скурай і валасамі, якія ніколі не выбіваюцца з прычоскі, катэджы з пяцю (можа, і больш) спальнямі і басейнамі, сукенкі ад вядомых дызайнераў і самыя знакамітыя фатографы. Цяжка не згубіцца ў гэтым ідэальным свеце, якога насамрэч наўпрост не існуе.

Рэфн падкрэслівае ідэальнасць мадэльнага свету празмерна. І гэта вельмі добра, бо толькі так мы можам убачыць яго рэчаіснасць і падманлівасць, штучнасць. Джэсі, якая амаль адразу становіцца вядомай мадэллю, разам з прыгожай і дарагой вопраткай набывае і дадатковыя рысы характару. З наіўнай дзяўчыны ператвараецца ў больш упэўненую, нават самазакаханую дзяўчыну.

Яна нават і сама сабе кажа пра сваю прыгажосць, ідэалізуе сама сябе. Ідэалізацыя не прыводзіць да дабра, і новыя «сябры» ператвараюцца ў ворагаў. Як кажуць, ад кахання да нянавісці адзін крок.

Стужка пра прыгажосць у Рэфна атрымалася сапраўдным трылерам. Ёсць там і сцэны канібалізму, і нават некрафіліі. Камусьці гэта падасца незразумелым і непатрэбным, але гэта своеасаблівая метафара рэжысёра, які разумее, што людзям трэба паказваць жорсткасць менавіта такой, якая яна ёсць. Калі адна дзяўчына маральна «з’ядае» другую за прыгажосць, то дэманстраваць гэтае «маральнае» недастаткова. Глядач не зразумее сапраўднай жорсткасці таго, што адбываецца. Зусім іншая справа «прызямліць» маральнае. І тут увесь кіназал пачынае ўздрыгваць і скардзіцца. А вось вам — сфера прыгажосці менавіта такая! Яна не тое, што мы сабе наўяўлялі. Тут ты нікому не патрэбны ўжо пасля дваццаці.

Акрамя таго, што мадэльны бізнэс — гэта клубок змей, сяброўства тут ніякага няма. Дзяўчыны-мадэлі ў большасці сваёй самотныя. Шчырасці яны вельмі хочуць, але наўрад ці атрымліваюць. Затое атрымліваюць зайздрослівыя погляды.

«Неонавы дземан» неверагодна прыгожы ў сваёй жорсткасці. Гэта стужка пра прыгожае жыццё, але пра неверагодна агідныя душы людзей. За бляскам, глянцам, стразамі і прыгожымі тварамі хаваюцца няшчасныя людзі. А такія наіўныя дзяўчынкі, якім хоць раз у жыцці пашанцавала, як Джэсі, якія сваю натуральную прыгажосць прывозяць у мегаполісы, каб выставіць яе на продаж, альбо прыстасоўваюцца, альбо «праглынаюцца» іншымі.

Абсурднасць сітуацыі, неверагоднасць і ў той жа час быццёвасць сюжэту, каляровасць і яркасць, якая пужае і ў той жа час заманьвае ў свае сеткі, кажуць нам толькі пра тое, што вакол нас — адна штучнасць. Цяпер так шмат падробак, што мы ўжо перасталі адрозніваць іх ад арыгіналаў. Хутчэй самі цягнемся да гэтай штучнасці. Руйнаванне прыгажосці — справа лёгкая. Як і руйнаванне ўласнага лёсу.

Маргарыта Дзяхцяр

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.