Вы тут

Уіцінтан і яго Котка


Уіцінтан і яго Котка

Брытанская казка

У час, калі на троне сядзеў славуты кароль Эдуард ІІІ, жыў на свеце хлапчук і меў ён імя Рыч Уіцінтан. Ён быў сірата, бацькі памерлі, калі ён быў зусім яшчэ малым. Небарака Рыч не меў яшчэ магчымасці зарабляць, і таму цяжка яму прыходзілася: рэдка ён меў добрую вячэру, а пра снеданне і ўвогуле няма чаго казаць. У вёсцы жылі бедныя людзі, і дапамагчы яму маглі толькі бульбянымі лупінамі або чэрствай скарынкай.

І вось наслухаўся Рыч розных баек пра вялікі горад Лондан. Вяскоўцы ў той час уяўлялі лонданцаў скрозь джэнтльменамі ды лэдзі, якія спяваюць увесь дзень на вуліцах з залатымі тратуарамі, дзе не змаўкае музыка.

Аднойчы, калі Рыч стаяў каля падарожнага слупа, праз вёску праехала карэта, у якую былі запрэжаныя восем коней — усе са званочкамі на вупражы. Рыч падумаў, што яны, напэўна, едуць у славуты горад Лондан, і таму набраўся храбрасці і папрасіў возніка, каб той дазволіў яму ісці побач з карэтай. Калі вознік пачуў, што небарака Рыч зусім адзін на гэтым свеце, калі ўбачыў лахманы, якія былі ў яго за вопратку, то зразумеў, што хлопец ужо наўрад ці будзе ў горшым становішчы, чым ёсць. Таму Рыч атрымаў дазвол ісці побач, і яны рушылі разам.

Так Рыч цэлым і здаровым дабраўся да Лондана. Яму так не цярпелася ўбачыць славутую вуліцу з цалкам залатымі тратуарамі, што ён забыўся падзякаваць возніку. Хлопец бег з усіх ног па вуліцах у пошуках золата. У вёсцы Рыч бачыў залатыя гінеі тройчы ў жыцці і добра памятаў, што гэта вялікія грошы. І таму ён толькі і марыў аб тым, як адкалупае некалькі маленькіх кавалачкаў у тратуары — і грошай яму хопіць аж да канца жыцця.

Маленькі Рыч усю ноч прабыў на вуліцы, а раніцай прачнуўся вельмі галодны і пайшоў бадзяцца па горадзе. Ён прасіў людзей, якія ішлі насустрач: «Падайце хоць паўпені, каб я не памёр з голаду», — але ніхто нават не звяртаў на яго ўвагі, толькі двое ці трое далі яму дробную манетку. Бедны хлопец зусім саслабеў і ледзь трымаўся на нагах. У адчаі ён падыходзіў да прахожых, і адзін з іх злосна кРычнуў яму:

— Ідзі лепш працаваць да якога-небудзь гультая!

— Ды хоць бы і зараз! — адказаў Рыч. — Магу пайсці працаваць да вас, возьмеце?

Мужык нічога не адказаў, толькі аблаяў яго і пайшоў сваёй дарогай.

Нарэшце нейкі шаноўны спадар звярнуў увагу на Рыча.

— Чаму ты не ідзеш працаваць, хлопча? — звярнуўся ён да Рыча.

— Дык я б пайшоў, — адказаў той, — але не ведаю куды.

— Пойдзем са мной, калі хочаш, — сказаў спадар і адвёў Рыча на сенажаць.

Працаваў Рыч добра і шпарка і жыў бы сабе прыпяваючы, але касьба хутка скончылася.

Пасля гэтага Рыч зноў стаў звычайным жабраком і аднойчы напаўмёртвы ад голаду зваліўся на парозе дома багатага купца — містара Фіцуорэна. Там яго хутка заўважыла кухарка — вельмі злая жанчына, якая да таго ж была занята прыгатаваннем ежы для сваіх гаспадароў.

— Што табе тут трэба, валацуга? — кРычнула яна. — Адбою няма ад гэтых жабракоў, ты паглядзі! Выбірайся адгэтуль! Бо зараз паглядзім, як табе спадабаюцца памыі! У мяне і гарачыя знойдуцца!

На шчасце, у гэты час вярнуўся сам містар Фіцуорэн.

— Чаму ты ляжыш тут, хлопча? — спытаў ён, калі ўбачыў на парозе Рыча ў бруднай, падзёртай вопратцы. — Здаецца, ты ўжо дастаткова дарослы, каб працаваць. Лянівы ты, ці што?

— Не, сэр, зусім не, — адказаў яму Рыч, — не ў тым справа. З вялікай радасцю я пайшоў бы на работу, але нікога тут не ведаю. Ды, здаецца, зусім я слабы ад голаду.

— Бедны хлопча! Добра, падымайся, паглядзім, што з табой рабіць.

Рыч паспрабаваў падняцца, але адразу ж яму прыйшлося зноў легчы, бо за тры дні без ежы ён так саслабеў, што нават стаяць не мог, не тое што бегаць па людзях ды клянчыць грошы. Добры купец, убачыўшы гэта, загадаў занесці хлопчыка ў хату, накарміць уволю і даць яму якую работу на кухні.

І жылося б маленькаму Рычу добра ў гэтай сям’і, калі б не злая кухарка.

— Слухайся мяне ды варушыся! — любіла паўтараць яна. — Пачысці ражон ды падкруці ручку, павычышчай бляхі, распалі ў печцы, вымый посуд ды хутчэй! А не тое… — і кухарка замахвалася на Рыча апалонікам.

Да таго ж яшчэ яна вельмі любіла адбіваць і калаціць і, калі не было ў хаце мяса, біла беднага Рыча па галаве і плячах венікам або чым іншым, што трапіць пад руку. Нарэшце пра такую справу даведалася Аліса — дачка містара Фіцуорэна. Яна прыгразіла кухарцы, што выкіне яе з хаты, калі тая і далей будзе так дрэнна абыходзіцца з хлопцам. Кухарка пацішэла і больш не калаціла Рыча, але новая напасць прыйшла адкуль не чакалі. Жыў Рыч на паддашку, і ў падлозе і сценах было столькі дзірак, што ад мышэй і пацукоў ратунку не было. Аднойчы Рыч атрымаў пені за тое, што пачысціў аднаму гаспадару боты, і вырашыў на гэтыя грошы купіць сабе котку. На наступны дзень ён убачыў дзяўчынку, якая гуляла з коткай, і спытаў яе:

— Ці прадасі ты мне сваю котку? Я дам табе пені.

— Бярыце, спадар, — адказала дзяўчынка, — хоць яна каштуе больш, бо надзвычай добра ловіць мышэй.

Котка пасялілася разам з Рычам на паддашку, і ён ніколі не забываў падзяліцца з ёй сваёй ежай. Хутка пацукі і мышы перасталі даводзіць хлопца, ён мог спаць спакойна.

Неўзабаве адзін з гандлёвых караблёў гаспадара пачаў збірацца ў далёкае плаванне. Была такая завядзёнка — каб паспрабаваць шчасця, усе слугі адпраўлялі нешта на продаж ці грошы для пакупак. І гэтым разам гаспадар сабраў усіх і спытаў, хто што хоча адправіць.

Кожны знайшоў, чым рызыкнуць, акрамя Рыча, у якога не было ані грошай, ані рэчаў. Ён нават і ў гасцёўню, дзе ўсе сабраліся, не выйшаў. Гэта заўважыла міс Аліса і загадала паклікаць хлопца.

— Я дам за яго грошы, — сказала яна, але тут запярэчыў бацька:

— Не, так нельга, ён мусіць зрабіць гэта сам.

Пачуўшы гэта, Рыч сказаў:

— Але ў мяне нічога няма, акрамя коткі, што я набыў за пені ў нейкай дзяўчынкі.

— Вось і нясі яе сюды, — сказаў містар Фіцуорэн.

Рыч пайшоў наверх, прынёс котку і са слязьмі ў вачах аддаў яе капітану.

— Цяпер мне зноў не будзе спакою ад пацукоў ды мышэй.

Уся каманда смяялася з хлопца, толькі адна міс Аліса пашкадавала яго і дала грошай, каб ён набыў яшчэ адну котку.

Гэта, і наогул ўвага, якую аказвала міс Аліса Рычу, злавала старую кухарку, і яна неўзабаве стала яшчэ часцей злавацца на Рыча і здзекавалася з яго і коткі.

— Як думаеш, грошай за тваю котку хопіць на новую палку, каб цябе дубасіць? — пыталася яна.

У рэшце рэшт, Рыч адчуў, што болей не здолее трываць такое абыходжанне, і вырашыў бегчы. Так ён сабраў свае рэчы і раніцай першага лістапада — у Дзень усіх святых — пусціўся ў дарогу. Ён дайшоў да Халаўэя, сеў на камень, які звалі Каменем Уіцінтана, і пачаў разважаць, якім шляхам ісці далей.

Пакуль ён думаў, што рабіць, званы царквы Сент-Мэры-ле-Боу — у той час іх было толькі шэсць — пачалі званіць, і ў звоне тым Рычу пачулася:

«Вярніся, Уіцінтан, Тройчы лорд мэр Лондана».

«Лорд мэр Лондана! — сказаў Рыч самому сабе. — Ой, ды я вытрываю ўсё, што заўгодна, каб стаць лонданскім мэрам ды раз’язджаць у карэце! Добра, трэба тады вяртацца. Але не буду больш звяртаць увагу на кухарку з яе лаянкай ды лупцоўкамі, бо я ж будучы мэр Лондана».

Так вярнуўся Рыч дахаты, а кухарка, на шчасце, яшчэ нават і прыходзіла ў кухню.

А зараз накіруемся за міс Пухнаткай да берагоў АфРычы. Доўгі час вандраваў карабель па морах, і нарэшце вятры прыгналі яго да берагоў, дзе жылі маўры — народ невядомы англічанам. Шмат народу высыпала на бераг пабачыць заморскіх маракоў, якія так відавочна адрозніваліся ад іх саміх. Калі яны пазнаёміліся бліжэй, то моцна зацікавіліся таварам на караблі.

Убачыўшы гэта, капітан паслаў іх каралю некалькі лепшых рэчаў, і той быў так задаволены, што загадаў прывесці капітана ў свой палац. Па звычаі, гасцей пасадзілі на шыкоўныя дываны, вышытыя золатам і срэбрам. Кароль з каралевай сядзелі на ўзвышшы. Хутка прынеслі розныя стравы, але не паспелі яны пачаць вячэру, як услед панабягала цэлая процьма пацукоў ды мышэй і з’ела ўсё мяса за раз. Капітан здзівіўся і спытаў, як жа можна такое вытрываць?

— Ой, гэта ж такое ліха, — адказалі яму. — Наш кароль аддаў бы паўкаралеўства, каб яго пазбавілі ад іх, бо яны не даюць спакою не толькі за снеданнем, але і ў пакоях, і нават у каралеўскім ложку. Спаць яму прыходзіцца пад вартай, бо баіцца гэтай погані страшэнна.

Капітан ледзь не запляскаў у ладкі: ён прыгадаў небараку Уіцінтана і яго котку і сказаў каралю, што на караблі ёсць жывёла, якая хутка пазбавіць іх ад усёй гэтай погані. Ад такой навіны кароль падскочыў, ды так высока, што з галавы зваліўся турбан.

— Прынясіце яе сюды, — загадаў кароль, — і калі яна адолее грызуноў, я дам за яе цэлы карабель золата і самацветаў!

Капітан добра ведаў сваю справу і не саромеўся распісаць добрыя якасці міс Пухнаткі.

— Не варта было б нам расставацца з ёй, — сказаў ён каралю, — бо пацукі і мышы на караблі могуць сапсаваць тавары… Але для Вашай Светласці я прынясу яе.

— Бяжы, бяжы па яе хутчэй! — загадала каралева. — Мне так не цярпіцца ўбачыць гэтую дзіўную жывёлу. Пакуль капітан хадзіў за коткай, прыгатавалі новыя стравы. З Пухнаткай за пазухай ён вярнуўся ў палац якраз тады, калі на стале зноў было шмат пацукоў. Котцы нават не трэба было нічога казаць — яна скочыла ў капітана з рук і за некалькі хвілін амаль усе пацукі і мышы ляжалі мёртвыя. Тыя, што засталіся жывыя, ратаваліся ў норах.

Кароль быў у захапленні, што так лёгка пазбавіўся заразы, а каралева зараз жа пажадала, каб котку прынеслі ёй. Капітан паклікаў:

— Кіц-кіц-кіц! — і котка падышла да яго.

Тады ён працягнуў жывёлу каралеве, але тая адхінулася — надта ж баялася стварэння, што так лёгка задушыла столькі пацукоў і мышэй. Але капітан зноў паклікаў: «Кіц-кіц!» — і тады каралева таксама дакранулася да яе і паклікала: «Кіт-кіт», бо не ведала, як правільна. Капітан пасадзіў котку каралеве на калені, і яна адразу пачала варкатаць ды муркаць і гуляцца з рукой яе светласці, а потым і наогул заснула.

Гледзячы на геройствы міс Пухнаткі ды улічваючы, што, калі развесці яе кацянятак па ўсёй краіне, яны пазнішчаюць усіх грызуноў, кароль купіў усе тавары на караблі, а за котку даў у дзесяць разоў больш, чым за ўвесь тавар разам.

Капітан развітаўся з каралеўскай сям’ёй і пад спрыяльным ветрам рушыў на радзіму, і неўзабаве каманда без перашкод дабралася да Лондана.

Аднойчы раніцай містар Фіцуорэн толькі прыйшоў у сваю кантору, каб палічыць грошы і размеркаваць справы на дзень, калі нехта пастукаў у дзверы.

— Хто там? — спытаў містар Фіцуорэн.

— Сябар, — адказалі з вуліцы. — Прынёс вам добрыя навіны пра ваш карабель «Аднарог».

Забыўшыся на сваю падагру, купец кінуся адчыняць. На парозе стаялі капітан і агент са шкатулкай, поўнай самацветаў, і з накладной. Купец першым чынам прагледзеў накладную і падзякаваў Нябёсам за такі шчаслівы ваяж.

Потым яму расказалі гісторыю пра котку і паказалі, які шчодры падарунак кароль з каралевай даслалі беднаму Рычу. Як толькі купец пачуў гэта, ён паклікаў слуг:

— Прывядзіце, раскажыце і надалей містарам Уіцінтанам яго завіце.

Містар Фіцуорэн быў чалавекам сумленным, і калі нехта з яго слуг сказаў, што такі скарб — занадта для Рыча, ён адказаў:

— Барані мяне Божа, каб я ўзяў у яго хоць бы адзін пені. Гэта ўсё належыць толькі яму.

Купец загадаў прывесці Рыча, які ў той час чысціў гаршкі і ўвесь запэцкаўся сажай. Яму не хацелася апынуцца ў такім выглядзе перад усімі.

— Падлогу толькі што вымелі, а мае боты запэцканыя ды яшчэ і вялікімі цвікамі падбітыя, — сказаў Рыч.

Але купец загадаў яму зайсці і нават загадаў прынесці яму крэсла, так што Рыч пачаў думаць, што з яго здзекуюцца.

— Хопіць вам кпіць з небаракі-хлопца, лепей дазвольце мне вярнуцца да сваёй справы на кухні.

— Навошта вы так, містар Уіцінтан, — сказаў купец, — мы з вамі размаўляем сур’ёзна. Я шчаслівы, што гэтыя джэнтльмены прынеслі вам добрыя навіны. Капітан прадаў вашу котку Берберскаму каралю, і той даў за яе столькі скарбаў, колькі ў мяне не было за ўсё жыццё. І я жадаю, каб вы з асалодай імі карысталіся як мага больш часу.

— Усё, што цяпер трэба зрабіць містару Уіцінтану, дык гэта змясціць скарбы ў бяспечным месцы, — дадаў містар Фіцуорэн і загадаў паказаць хлопцу шкатулку са скарбамі.

Небарака Рыч нават не ведаў, што рабіць ад такога шчасця. Ён прасіў гаспадара ўзяць частку скарбаў, на знак удзячнасці за яго дабрыню.

— Не-не, — адказаў на гэта містар Фіцуорэн, — гэта ўсё належыць табе, і я не маю ніякіх сумненняў, што ты будзеш карыстацца багаццем правільна.

З такой жа просьбай Рыч звярнуўся да гаспадыні і міс Алісы, але яны таксама не ўзялі ані пені і толькі былі шчаслівыя за хлопчыка. Але Рыч быў вельмі добрасардэчны, і таму ён зрабіў невялікія падарункі капітану, яго памочніку і усім слугам містара Фіцуорэна, нават злоснай кухарцы.

Пасля гэтага містар Фіцуорэн параіў яму наведацца да добрага краўца і набыць вопратку, як належыць джэнтльмену. Да таго ж купец дазволіў хлопцу жыць у іх, пакуль не знойдзе сабе нешта лепшае.

Калі Уіцінтан памыўся, падстрыгся і апрануў шыкоўны гарнітур і капялюш, то стаў выглядаць нічым не горш за усіх тых маладых хлопцаў, што прыходзілі да Фіцуорэнаў. І міс Аліса, што калісьці ставілася да яго з дабрынёй і шкадавала яго, цяпер глядзела на яго як на роўнага і вартага яе кахання. Тым больш, што і сам Уіцінтан жадаў гэтага і рабіў ёй выкшталцоныя падарункі.

Неўзабаве містар Фіцуорэн заўважыў, што яны закахаліся, і прапанаваў зладзіць вяселле. Маладыя адразу ж пагадзіліся. На вяселле ў царкве сабралася шмат багатых купцоў з усяго Лондана, жаніха і нявесту суправаджаў сам лорд-мэр, а таксама старэйшыны і шэрыфы. Усіх частавалі з вялікай пашанай.

Кажуць, што містар Уіцінтан са сваёй гаспадыняй і дзецьмі жылі вельмі шчасліва. Ён быў шэрыфам Лондана, тройчы мэрам і ў час кіравання Генрыха V нават быў узведзены ў рыцары.

Пасля перамогі над Францыяй Уіцінтан прымаў у сябе караля з каралевай з такім размахам, што кароль сказаў:

— Ніводзін кароль ніколі не меў такога падданага!

На што сэр Рычард адказаў:

— Ніводзін падданы ніколі не меў такога караля!

Постаць сэра Рычарда Уіцінтана з коткай у руках, высечаную з каменя, можна было бачыць амаль да канца васямнаццатага стагоддзя над аркай Ньюгейцкай турмы, якую ён пабудаваў для злачынцаў.

 

Пераклад з англійскай Ганны Гаворскай

Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».