Вы тут

Рукі ў далонях


Егіпет, Кітай, Індыя, Ісландыя, Японія… Як вядома, усе хочуць пабываць у гэтых краінах. Пабачыць казачныя казкі, якіх ніколі не знойдзеш у сваёй Беларусі. Незвычайныя краявіды, будынкі, людзей, неба. Я не хачу. Бо думаю, што цуд тут толькі ў нечаканасці, незнаёмасці, навізне. Думаю, гэта вельмі кепска, што людзі такой масай адмаўляюцца бачыць цуд тут і цяпер.


Тут і цяпер слухаю «Сімфаніету» Леоша Яначэка. Чытаю «Суму біятэхналогіі» Аляксандра Панчына. І які ўжо раз са здзіўленнем назіраю за тым, як рухаюцца мае пальцы. Міжвольна. Нават непатрэбна ніякіх фармулёвак ці слоў. Момант — калі гэта можна назваць момантам — і штосьці накшталт загаду імпульсам бяжыць ад мозга і прымушае падняцца мізінец. Пасля апусціцца. Падняцца і зноў апусціцца. Вось гэта цуд. Як і ўсё наша жыццё. Проста бярэш і захапляешся. Захапляешся тым, што з табой пастаянна. Тым, што і ёсць ты. Твае вушы чуюць, вочы бачаць, пальцы націскаюць клавішы на клавіятуры. Дзесьці ў табе адбываюцца рухі паветра і ўтвараюць маўленне. Слухаю «Сімфаніету» Леоша Яначэка. Гукавыя хвалі набываюць візуальнае афармленне. Там, за вокнамі вачніц. Быццам слухаеш карціну. Гэта цуд. Цуд, які тут і цяпер.

Давайце паразмаўляем пра сімвалы. Пра тыя з’явы, што дзень за днём губляюць сваё значэнне, набываючы абавязковасць. Ён просіць у яе «руку і сэрца». Яна адказвае «так». Праз год яны разыходзяцца. Бо «рука і сэрца» — гэта не рука і сэрца, а словы-сімвалы, словы-абавязковасці, словы без значэння. Ніхто нікому не збіраецца аддаваць руку. Ніхто і прасіць насамрэч яе не збіраецца. Рука — гэта проста штука, якая ў колькасці двух штук матляецца каля тулава і служыць даволі някепскай прыладай працы. Рукой можна трымацца за поручні, наліваць гарбату, пачасаць за вухам. На руцэ можна нафарбаць пазногці, зрабіць тату, насіць рукавічкі ці пальчаткі. Руку можна паціснуць. Вось таксама цікавая з’ява. У ёй таксама жыве цуд. Цуд рукапаціскання.

«Усе мужчыны робяць гэта» і «Ты ж мужык» — асноўныя фразы, якімі можна растлумачыць, асэнсаваць рукапацісканне. То бок прычынай таго, што ты дазваляеш чужой руцэ мацаць тваю, з’яўляецца твая палавая прыналежнасць. Не спяшайце кідаць у мяне камяні. Я кажу не пра «сапраўднае» сімвалічнае значэнне з’явы. Я кажу пра ўспрыманне. Успрыманне, якое маленькія хлопчыкі штодня наследуюць ад сваіх татаў. Звычайна гэта адбываецца ў дужа далёкім ад усялякіх аналізаў і разуменняў узросце. Нейкі дзядзька Віця прыносіць пару цукерак. Ты кажаш «дзякуй». Ён працягвае руку. А ты працягваеш сваю ў адказ. Поціск. І словы. «Малайчына. Му-у-у-жык». Рукапацісканне як другасная палавая прыкмета.

Думаю, знаёмая сітуацыя. Калі вы не з якой-небудзь далёкай краіны. Дзе свае сімвалы. Дзе да нашых ставяцца падазрона, калі ўвогуле ставяцца. Напрыклад, у Японіі рукапацісканне — з’ява рэдкая. І для саміх японцаў з большага непрыемная. Я іх разумею. Каму ж прыемна мацаць чужую потную далонь, якая яшчэ і невядома дзе дагэтуль была. Увогуле, далёкая краіна самураяў і сакуры часам такая блізкая. Напрыклад, калі чытаю Харукі Муракамі. Здаецца, што гэты чалавек з яго думкамі жыве дзесьці па-суседцтве, толькі ў іншай прасторы, калі вы разумееце. Менавіта ў кнігах Муракамі я знайшоў «Сімфаніету» Яначэка. Дзіўна даведацца пра чэшскага кампазітара ад японскага пісьменніка.

Рукапацісканне — гэта быццам алкаголь. Спачатку ты робіш гэта, каб падацца дарослым. А пасля ўжо не можаш адмовіцца. Бачыш руку ці бутэльку і ў адказ цягнеш сваю руку. Бо «усе мужчыны так робяць», а ты — мужчына. І паспрабуй расказаць каму-небудзь, што гэта бессэнсоўна і негігіенічна. Пакрыўдзіш. Між іншым, калі думаць пра якую-ніякую гігіену, то рукапацісканне — гэта разносчык вірусаў. Калі ўтрыраваць, то пры рукапацісканні можна атрымаць часотку. А калі і не яе, то ўсё роўна па-даросламу абмяняцца някепскай колькасцю бактэрый і вірусаў. Мноства з якіх толькі і чакаюць, калі змогуць прыемна ўразіць новага носьбіта.

Колькі рук прайшло праз мае рукі! Вялікіх, моцных, старых, брудных — розных. Пры навучанні ў каледжы я пэўны час цікавіўся хірамантыяй. Думаю, многія людзі сутыкаліся з гэтай з’явай і падзяліліся на дзве катэгорыі. Адны ўпэўненыя, што гэта ўсё лухта. Другія — што гэта навука. Я не хачу прымаць які-небудзь бок. Проста скажу, што ёсць у мяне такая звычка: складваць свет, як пазл. Кавалачак сплятаць з другім кавалачкам. І я не мог не сплесці ў адно рукапацісканне і лінейныя малюнкі на далонях. Доўгі час я быў упэўнены, што калі ты ціснеш чужую руку, вашы лёсы таксама сціскаюцца. Пачынаюць адлюстроўвацца адзін у адным. Я быў упэўнены, што новыя рукі ў тваіх руках змяняюць узорчатую схему твайго жыцця.

Ці думаю я так зараз? Не ведаю. Я па-ранейшаму думаю, што нашы рукі — гэта цуд. Пальцы адной водзяць смык, другой — заціскаюць струны. Скрыпка плача. Плача ад пяшчоты гэтых пальцаў. Гэты плач хвалямі ўгрызаецца ў хвалі мелодыі з піяніна. Мелодыі, якая таксама ўтвараецца пальцамі. Іх даведзенай да аўтаматызма дакладнасцю.

Гэтым летам я ўпершыню пачуў меркаванне, што абдымкі больш бяспечныя за рукапацісканне. Ну, не зусім пачуў — прачытаў. Амаль адразу ў двух розных кнігах. Двух розных жанраў. Двух розных аўтараў. Я не перастаў ціснуць рукі, але гэта стала яшчэ больш аўтаматычна і адначасова прымусова. Пакуль не ўспомніў, што рукі — гэта цуд. Пакуль не ўспомніў — колькі жыцця, агню, крыві трымаецца ў маіх руках. Я ўспомніў гэта на адным мерапрыемстве, прысвечаным пытанню месца жанчыны ў беларускай паэзіі. Я ўспомніў гэта, калі паціснуў руку самай прыгожай беларускай паэтцы. Такую маленькую, цёплую, сапраўдную. Літаральна за дзве секунды я адчуў сапраўднасць яе, сапраўднасць сябе і сапраўднасць гэтага сакральнага дзеяння. Яе далонь засталася на маёй далоні: не ведаю, лініямі ці ўзорамі, але ведаю, што засталася.

Больш люблю слухаць музыку ў слухаўках, чым бачыць музыкантаў у жывую. Бо так я магу заплюшчыць вочы і бачыць ноты. Бачыць іх пейзажы, партрэты, баталіі. Бачыць жыццё мелодыі. Калі я магу бачыць музыкантаў, мне складана адвесці вочы ад іх рук. Наогул, складана заўважаць музыку. Толькі гэты рух. Гэты танец.

Як і ў большасці асоб мужчынскага полу, у мяне бралі адбіткі пальцаў. На медаглядзе ў ваенкамаце. Я адчуваў гнеў, нянавісць, боль. Тое, што для іх было проста працай. Проста статыстыка. Проста база даных. Для мяне гэта было непрымальным. Я адчуваў, што скура з маіх рук застаецца на валіку, якім намазваюць слой чарнілаў. Я адчуваў, што скура з маіх рук застаецца на паперы, разам з чарнільнымі плямамі. Я адчуваў, як скура з маіх рук уцякае ў ракавіну разам з вадой, чарніламі і крывёй.

Зараз я слухаю «Сімфаніету» Леоша Яначэка, чытаю «Суму біятэхналогіі» Аляксандра Панчына і са здзіўленнем назіраю, як рухаюцца мае пальцы.

Егіпет, Кітай, Ісландыя, Індыя… Зараз усе мае рукапацісканні дзеляцца на аўтаматычныя і сапраўдныя, жывыя. Я прыкладаю руку альбо да бессэнсоўнасці, альбо да сакральнасці. У галаве — вобраз сабакі Тошы з дзяцінства. «Тоша, дай лапу. Ты ж му…»

Дзмітрый ШУЛЮК

Друкуецца ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».